Журналіст Анджэй Пачобут ужо больш за год застаецца за кратамі. Нягледзячы на тое, што яму забароненыя спатканні са сваякамі, лісты моцна цэнзуруюцца, а адвакаты пад падпіскамі аб неразгалошванні, польскае выданне «Rzeczpospolita» змагло атрымаць ад журналіста інфармацыю. Палітвязень здолеў перадаць на волю, што яго некаторы час трымалі ў месцы, прызначаным для асуджаных да расстрэлу.
Падрабязнасці пра зняволенне расказаў чалавек, які правёў некаторы час з Пачобутам у адной камеры.
Амаль месяц, з 14 красавіка да 17 траўня 2021 года, Пачобута трымалі ў менскім СІЗА на Валадарскага ў сектары, дзе праводзяць апошнія дні асуджаныя да смяротнага пакарання.
«Гэта так званы калідор смерці, за сцяной у суседняй камеры знаходзіўся асуджаны на расстрэл», – распавёў сусед Пачобута па камеры.
Верагодна, такім чынам улады хацелі прымусіць Пачобута пакінуць краіну. Журналіст неаднаразова адхіляў прапанову аб вызваленні ў абмен на просьбу аб памілаванні.
Жонка Анджэя Пачобута Аксана паведамляе, што месяц не атрымлівала лістоў ад мужа, але апошнім часам перапіска аднавілася.
«Анджэй вельмі рады, што акрамя яго ніхто з актывістаў Саюзу палякаў Беларусі больш не застаецца за кратамі, што ён будзе адчуваць сябе спакойна ў гэтай сітуацыі. Піша, што не мяняе сваіх поглядаў і не будзе прасіць аб памілаванні. Ён таксама напісаў, што нягледзячы на непагадзь на вуліцы, застаецца ў баявым настроі. Перадае прывітанні ўсім, хто хвалюецца за ягоны лёс. Прасіў не хвалявацца, бо ён невінаваты і ні ў якім разе не парушаў закону», – кажа Аксана Пачобут.
Паводле інфармацыі «Rzeczpospolita», улады Беларусі праводзяць «экспертызу» дзейнасці Саюзу палякаў у Беларусі і хочуць абвінаваціць найбуйнейшую польскую арганізацыю ў краіне ў «парушэнні тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі». Верагодна, размова ідзе пра арт. 361 Крымінальнага кодэксу Беларусі, дзе згадваюцца заклікі да дзеянняў «супраць вонкавай бяспекі Беларусі, яе суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці, нацыянальнай бяспекі і абароназдольнасці». Гэты артыкул прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін да 6 гадоў.
Дагэтуль было вядома, што прадстаўнікоў польскай меншасці ў Беларусі абвінавачвалі ў «распальванні нянавісці» і «рэабілітацыі нацызму», за што пагражае ад 5 да 12 гадоў турмы. Сярод іншых абвінавачванняў улады Беларусі маюць прэтэнзіі да інтэрв’ю, якія Пачобут даў польскім СМІ, і чатырох артыкулаў журналіста, якія ён апублікаваў у выданні «Gazeta Wyborcza». Пра якія дакладна інтэрвʼю і артыкулы ідзе размова, невядома.
Арышт Анджэя Пачобута падоўжаны да 25 траўня. Журналіст мяркуе, што да верасня «польскую справу» перададуць у суд.
Анджэй Пачобут нарадзіўся 16 красавіка 1973 года ў мястэчку Вялікая Бераставіца на Берасцейшчыне. Журналіст, публіцыст і блогер, актывіст Саюзу палякаў у Беларусі (СПБ). Працаваў у гарадзенскіх газетах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», польскамоўнай «Glos z-nad Niemna», быў карэспандэнтам менскай незалежнай газеты «Народная Воля». Займаў пасаду галоўнага рэдактара «Magazynu Polskiego na uchodźstwie» – часопісу СПБ. Актыўны сябар Саюзу палякаў, да якога належыць з пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Заўжды выказваўся аб неабходнасці ўтрымання незалежнасці арганізацыі ў межах беларускага заканадаўства. Займае пасаду кіраўніка Галоўнай рады СПБ. З 2006 года – карэспандэнт буйнога польскага выдання «Gazeta Wyborcza» ў Беларусі.
За грамадска-палітычную і журналісцкую дзейнасць Анджэя Пачобута неаднаразова затрымлівалі, каралі штрафам, арыштамі. Апошні раз журналіст быў затрыманы 25 сакавіка 2021 года ў сваім доме ў Горадні пасля ператрусу. З таго часу застаецца ў зняволенні. Беларускія праваабаронцы прызналі Пачобута палітвязнем.
ГГ, belsat.eu