На вакзале ў Беразіне міліцыянты затрымалі чалавека, які іх здымаў. Мужчына трапіў у рэанімацыю


Жыхар Беразіна Менскай вобласці на мясцовым вакзале здымаў на тэлефон дзеянні супрацоўнікаў ДАІ, якія правяралі маршруткі і паводзілі сябе нахабна. Як толькі даішнікі заўважылі, што іх здымаюць, павалілі мужчыну і павезлі ў аддзяленне. Мужчына трапіў у рэанімацыю з сэрцавай няздатнасцю, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна» са спасылкаю на сведкаў здарэння.

Праваабаронцы высветлілі, што затрыманы – жыхар Беразіна Уладзімір Панцюх. У рэанімацыю пасля пастарунку ён трапіў з сэрцавым спохватам і слядамі збіцця. У мужчыны – 3-я група інваліднасці, 4 перанесеныя інфаркты і тры аперацыі шунтавання. У шпіталі ён застаецца пад канвоем.

«Нягледзячы на ягоны стан, Панцюха плануюць судзіць, але паводле якога артыкулу, пакуль невядома», – паведамляюць праваабаронцы.

Міліцыянты кажуць, што затрымалі Уладзіміра Панцюха за тое, што быў нецвярозы і пачаў на вакзале бойку. Але ёсць сведкі таго, як усё адбывалася насамрэч.

Гісторыі
«Скачок у іншую рэальнасць». Гутарым з беларускай, якой вырвала частку пальца падчас амапаўскага налёту на клуб
2023.03.11 08:00

Як высветлілася, Уладзімір Панцюх – ветэран вайны ў Афганістане. Інфармацыя пра мужчыну размяшчаецца на сайце Бярэзінскага райвыканкаму. У нататцы пра Уладзіміра сказана, што ён нарадзіўся ў 1969 годзе ў Віляціне Бярэзінскага раёну, у 1987-м яго прызвалі ў Савецкую армію, а праз год адправілі ў Афганістан, дзе той служыў у роце прыкрыцця аэрадрому каля Гэрату. Панцюх атрымаў у Афганістане два раненні і кантузію.

Пасля вяртання з вайны Панцюх некаторы час працаваў кіроўцам на Бярэзінскай ветэрынарнай станцыі, пазней з’ехаў у пасёлак Беларускі каля Ніжнявартаўску ў Сібіры, але ў 1992-м годзе вярнуўся на радзіму.

Пазначана таксама, што Уладзімір мае жонку і дачку.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў