Беларуская чыгунка плануе звольніць 8 тысячаў працаўнікоў. Мінтранс зняпраўджвае інфармацыю


Беларуская чыгунка (БЧ) збіраецца звольніць як мінімум 8 тысячаў чалавек. Такі план спусцілі чыгуначным функцыянерам зверху, і яго рэалізацыя пачнецца бліжэйшым часам, паведамляе супольнасць беларускіх чыгуначнікаў, спасылаючыся на свае крыніцы, вартыя даверу.

Чыгуначны вакзал. Менск, Беларусь. 22 красавіка 2021 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Цімур Котаў / Белсат

Неабходнасць звальнення вялікай колькасці працаўнікоў «Live. Сообщество железнодорожников Беларуси» тлумачыць цяжкім фінансавым станам на БЧ праз дзеянні санкцыяў, уведзеных у дачыненні Беларусі. Чыгуначнікі зазначаюць, што скарачэнне транзіту грузаў у бок ЕЗ, а таксама закрыццё для грузавых цягнікоў памежнага чыгуначнага пункту пропуску «Беняконі – Стасілы», а ў перспектыве і магчымае спыненне руху праз пункт пропуску «Гудагай – Кяна» не спрыяюць павелічэнню транзітнай прывабнасці Беларускай чыгункі.

«Ва ўмовах рэзкага зніжэння транзіту з перспектывамі яго амаль поўнай страты першае, на што здольнае кіраўніцтва БЧ, – выкінуць людзей на вуліцу. Бо, як вядома, транзіт ёсць асноўным артыкулам даходу гэтага прадпрыемства, менавіта дзякуючы транзіту ўсе папярэднія (да 2022 года) гады ўдавалася «зводзіць канцы з канцамі», – зазначае супольнасць беларускіх чыгуначнікаў.

У супольнасці мяркуюць, што звольніць могуць нават большую колькасць працаўнікоў БЧ, чымся меркаваныя 8 тысячаў. Звальняць могуць не толькі тых, хто быў заўважаны на пратэстах у 2020 годзе, але за любую правіну. І таму трэба быць пільнымі і не даваць нагодаў на такія захады «апрычнікаў» Беларускай чыгункі, папярэджваюць актывісты «Live. Сообщество железнодорожников Беларуси».

У Міністэрстве транспарту Беларусі зняпраўдзілі інфармацыю пра звальненне 8 тысяч чыгуначнікаў і назвалі яе «інфармацыйным укідам»: «Гэтыя «інфармацыйныя ўкіды» не адпавядаюць рэчаіснасці».

Hавiны
Літоўскі бізнесмен прызнаўся, што дапамагаў «Горадня Азоту» абыходзіць санкцыі ЕЗ
2023.03.07 20:46

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў