У Беларусі пабудуюць новыя палігон і гарадок для вайскоўцаў агульным коштам Br 76,8 млн


Беларускія ўлады збіраюцца пабудаваць шэраг абʼектаў вайсковай інфраструктуры, сярод якіх новыя палігон і вайсковы гарадок. Аб гэтым гаворыцца ў апублікаваным на Нацыянальным прававым партале ўказе №26 ад 7 лютага 2023 года «Аб зацверджанні Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы.

Падчас палявога выхаду 51-й артылерыйскай брыгады на палігоне «Асіповіцкі». Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота з тэлеграм-каналу міністэрства абароны РБ / Telegram / modmilby

Вядомая пільнай увагай да вайсковай тэматыкі маніторынгавая група Антона Матолькі «Беларускі Гаюн» прааналізавала гэтую праграму і заўважыла сярод іншых плануемых будоўляў некалькі вайсковых абʼектаў.

Размова ідзе пра будаўніцтва ў Гомельскай вобласці вайсковага палігону (Br 30,5 млн) і вайсковага гарадка (Br 50,5 млн). Апроч таго, прафінансуюць з беларускага бюджэту рэканструкцыю казармы (Br 2, 3 млн) і пункту рамонту і тэхнічнага абслугоўвання (Br 3,5 млн) у вайсковым гарадку ў Лунінцы Берасцейскай вобласці. Сума выдаткаў на названыя абʼекты складае Br 76,8 млн.

Паводле маніторынгавай групы, у Лунінцы дзейсныя ў Беларусі ўлады завяршаюць рэканструкцыю казармы для расейскіх вайскоўцаў, там можа размесціцца зенітна-ракетная частка. А будоўлю палігона і новага вайсковага гарадку, імаверна звязана з заяўленымі ў траўні 2022 года планамі стварэння новага (трэцяга) аператыўнага камандавання (ПАК) ВС РБ – Паўднёвага, у дадатак да ўжо існых Заходняга (ЗАК) і Паўночна-Заходняга (ПЗАК) Як лічаць эксперты «Беларускага Гаюна», гарадок і палігон прызначаны для абсалютна новых вайсковых частак, аб стварэнні якіх яшчэ пакуль не абʼяўлена.

З адкрытых крыніцаў вядома, што Заходняе і Паўночна-Заходняе аператыўныя  камандаванні створаны на базе 28 акульнавасковай арміі і 7 танкавай арміі адпаведна. Падпарадкаваныя ЗАК часткі базуюцца ў Берасці, Горадні і Слоніме, а ПЗАК — у Менску і Барысаве.

Аб месцы дыслакацыі штабу і вайсковых частак ПАК яшчэ не паведамлялася.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў