Кааліцыя з 35 краінаў патрабуе адхіліць Расею і Беларусь ад Алімпіяды-2024


Супраць удзелу расейскіх і беларускіх спартоўцаў у Алімпійскіх гульнях-2024 у Парыжы выступіла група з 35 краінаў, уключаючы ЗША, Нямеччыну, Францыю, Вялікаю Брытанію і Японію. Такое рашэнне было прынятае падчас віртуальнага саміту міністраў спорту краін у пятніцу, 10 лютага, піша Reuters.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Спартоўцы нясуць нейтральны сцяг Алімпійскіх гульняў. Крыніца: championat.com

«Мы ідзем у тым напрамку, што нам не патрэбны байкот, таму што ўсе краіны аднадушныя», – паведаміла міністр адукацыі, навукі і спорту Літвы Юргіта Шюгджынене.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, які таксама ўдзельнічаў у сустрэчы, заявіў, што «калі ёсць алімпійскі від спорту з забойствамі і ракетнымі ўдарамі, то вы ведаеце, якая нацыянальная каманда зойме першае месца». Ён таксама заявіў, што ў выніку ўварвання Расеі ва Украіне загінулі 228 спартсменаў і трэнераў.

«Пакуль Расея забівае і тэрарызуе, прадстаўнікам дзяржавы-тэрарыста не месца на спартовых і алімпійскіх спаборніцтвах. І гэта не перакрыеш якой-небудзь ілжывай нейтральнасцю ці белым сцягам. Таму што Расея цяпер такая, што ўсё запляміць крывёю, нават белы сцяг», – сказаў Зяленскі.

Раней Украіна прыгразіла байкатаваць гульні, калі расейскія і беларускія спартоўцы возьмуць у іх удзел.

Міністр спорту Вялікай Брытаніі Люсі Фрэйзер паведаміла ў Twitter, што сустрэча была вельмі прадуктыўнай. «Я вельмі выразна выклала пазіцыю Вялікай Брытаніі: пакуль Пуцін працягвае сваю варварскую вайну, Расея і Беларусь не павінны быць прадстаўлены на Алімпіядзе», – напісала яна.

Тым часам міністр спорту Польшчы Каміль Бартнічук прапанаваў стварыць для беларусаў і расейцаў зборную спартоўцаў-бежанцаў.

Раней МАК разглядаў пытанне пра допуск расейскіх і беларускіх спартсменаў выступіць на Алімпіядзе ў якасці нейтральных спартсменаў.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў