«Не мой дзень». Беларускія біятланісткі не спраўдзілі надзеяў у спрынтарскай гонцы


У адрозненне ад мужчынскай біятлоннай класічнай дыстанцыі 20 кіламетраў, дзе Беларусь атрымала першы і пакуль адзіны медаль Зімовых Алімпійскіх гульняў у Пекіне, галоўнага п’едэсталу ўсё ж чакалі менавіта ад жаночай спрынтарскай гонкі на 7,5 кіламетраў – самага ўдалага віду ў сезоне для нашага біятлону. Але не пайшло. Алімбекава – 15-я, Сола – 26-я. Іншыя – значна ніжэй.

Дзінара Алімбекава.
Фота: TEAM BY / Telegram

Ацэнку выступам далёкіх ад п’едэсталу Дзінары Алімбекавай і Ганны Солы даў старэйшы трэнер жаночай зборнай Алег Рыжанкоў, які не хаваў расчаравання гэткімі вынікамі ў інтэрв’ю тэлеграм-каналу «TEAM BY»:

«Зыход жаночага спрынту не задавальняе ні трэнераў, ні біятланістак. Да Дзінары няма аніякіх пытанняў. Прынамсі, сёння яна старалася выступіць як мага лепш. Акрамя спрынту, Алімбекава ў сезоне мела нядрэнныя вынікі ў пераследзе. На яго і будзем спадзявацца. Што да іншых дзяўчат, то будзем разбірацца, чаму ў іх не атрымалася стральба».

Hавiны
Беларускія біятланісткі праваліліся ў спрынце. Чакаем «пакаяннага відэа»?
2022.02.11 14:23

Сама Алімбекава была, па вялікім рахунку, не згодная з настаўнікам:

«Адзінае, чым магу пахваліцца сёння, – гэта тым, што не спяшалася на агнявым рубяжы і адпрацоўвала кожны стрэл. Што здарылася з апошнім патронам… можа быць, на імгненне згубіла канцэнтрацыю. Вельмі злая на сябе. На трэнаваннях такіх хібаў не дапускаю і проста не разумею, чаму яны час ад часу з’яўляюцца. Але дзесьці з сярэдзіны дыстанцыі навалілася моцная стомленасць, і я ўжо не разумела, як скончыць гэты спрынт. Адчуваю сябе ў цэлым добра, але сёння быў абсалютна не мой дзень».

Пераслед паводле вынікаў і жаночага і мужчынскага спрынту адбудзецца ў адзін дзень: у нядзелю, 13 лютага.

11 лютага Беларусь была рэпрэзентаваная яшчэ ў адным відзе спорту. Бадай, самым няўдалым з нашых зімовых відаў на Алімпіядах. Калі не лічыць хакею, які ўвогуле сюды сёлета не трапіў. Другі раз запар толькі адзін наш суайчыннік бег лыжную дыстанцыю. Гэта малады навапалачанін Ягор Шпунтаў. Хоць заяўленыя былі два. Але зноў Аляксандр Воранаў, які атрымаў станоўчы тэст на ковід пасля афіцыйнага адкрыцця Гульняў, не прыйшоў на старт. І пра ягоны стан ніхто афіцыйна не паведамляе: ні НАК Беларусі, ні Міністэрства спорту, ні Беларускі лыжны звяз. Вядома толькі, што Аляксандр быў адзіны з беларускіх лыжнікаў, які перанёс ковід-пнеўманію яшчэ ў снежні. І цяпер лекаванне і аднаўленне могуць зацягнуцца. Прынамсі, вельмі малаімаверна, што Воранаў здолее здаць некалькі адмоўных тэстаў і ўсё ж выступіць на Алімпіядзе. А паводле магчымасцяў нашых лыжнікаў дзеля гэтага застаўся адзін від – гэта камандавы спрынт, які адбудзецца 16 лютага. На 50-кіламетровы марафон беларусаў дакладна не хопіць. Сёння ж 22-гадовы Шпунтаў прадказальна праехаў 15-кіламетровую дыстанцыю класічнаю хадою з падзельным стартам горш, чым спрынт, дзе быў 53-м. Цяпер у яго толькі 68-е месца.

Пасля сённяшняга дня спаборніцтваў на першае месца ў неафіцыйным камандавым заліку зноў выйшла пераможца папярэдняй Алімпіяды ў Пхёнгчхангу – Нарвегія. Шостае золата і агулам 14-ы медаль далі «вікінгам» магчымасць вярнуцца на вяршыню ўпершыню пасля 6 лютага.

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў