Аляксандр Класкоўскі: «Лукашэнка хоча стаць беларускім Назарбаевым»


Каментуючы «Белсату» заяву Аляксандра Лукашэнкі наконт надання Усебеларускаму народнаму сходу канстытуцыйных паўнамоцтваў, палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі адзначыў, што ён, па сутнасці, нічога не хоча мяняць.

«Лукашэнка хоча сысці, каб застацца. Натуральна, яму не хочацца развітвацца з уладай. Разам з тым ён разумее, што нейкія змены трэба прапаноўваць», – мяркуе Аляксандр Класкоўскі.

З таго, што было сказана падчас выступу на УНС, вымалёўваецца наступная мадэль: калі будуць нададзеныя канстытуцыйныя паўнамоцтвы Усебеларускаму народнаму сходу, то Лукашэнка разглядае для сябе ў якасці «запаснога аэрадрому» пасаду на чале гэтага надзвычайнага органа, які будзе стаяць над усімі іншымі галінамі ўлады.

«То бок хоча Лукашэнка стаць такім беларускім генсекам або беларускім Назарбаевым, духоўным лідарам нацыі, які будзе стаяць у тым ліку над новым прэзідэнтам. Але пакуль гэта хутчэй план Б для Лукашэнкі, ён і сам агаворваўся падчас прамовы, што гэта не да канца вызначана. Па вялікім рахунку ён бы нічога не хацеў мяняць, а проста кіраваць як мага даўжэй. Але ў любым выпадку ён не збіраецца сыходзіць на зусім, хоча гарантаваць сябе, сям’і і атачэнню бяспеку», – кажа аналітык.

Hавiны
Адсутнасць пратэстаў і ніякіх рэпрэсіяў у дачыненні былой улады. Лукашэнка назваў умовы свайго сыходу
2021.02.11 15:19

Акрамя таго, рэалізаваць гэты план у сённяшніх умовах будзе складана.

«Калі параўноўваць з варыянтам Назарбаева, то трэба прызнаць, што там усё іншая сітуацыя была. Там у першага прэзідэнта Казахстана захоўваецца высокі аўтарытэт, у Казахстане не было такіх рэвалюцыйных падзеяў, таму такі транзіт улады стаў магчымы. А ў Беларусі, дзе не вырашаны жорсткі ўнутрыпалітычны крызіс, дзе вялікая частка насельніцтва хоча сапраўдных пераменаў, ці можна будзе правесці такую складаную аперацыю – рэферэндум і наданне сходу надзвычайных паўнамоцтваў? Гэта вялікая пытанне. Грамадства па-ранейшаму наэлектрызаванае, не задаволенае, таму любая электаральная кампанія для Лукашэнкі – гэта хада па мінным полі», – мяркуе Класкоўскі.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў