У мінусе і экспарт, і імпарт. Што будзе далей з замежным гандлем Беларусі?


Нацбанк справаздаўся наконт замежнагандлёвага абароту тавараў і паслугаў у студзені – лістападзе 2022 года. Агулам – 80,154 млрд долараў. Год да года – меней на 5,263 млрд долараў. Экспарт (а гэта прыцёк валюты ў краіну) скараціўся на 5 %. «Белсат» высветліў, ці крытычна гэта і якія перспектывы мае замежны гандаль Беларусі.

Вагоны таварнага цягніка з драўнінаю. Менск, Беларусь. 27 траўня 2022 года.
Фота: Белсат

Замежнагандлёвы абарот тавараў і паслугаў за 11 леташніх месяцаў склаў 80,154 млрд долараў. Знізіўся і імпарт (да 37,744 млрд), і экспарт (да 42,41 млрд), сальда склалася станоўчае: 4,666 млрд долараў.

У параўнанні са студзенем – лістападам пазалетась вырасла толькі сальда, амаль на 17 %. Астатняе – у мінусе. Агульны гандаль упаў на 5,263 млрд долараў, імпарт – на 3 млрд, экспарт – на 2,3 млрд долараў.

Цікава, што звесткі Нацбанку разыходзяцца з дадзенымі Белстату. Статыстычнае ведамства падлічыла, што за 11 леташніх месяцаў Беларусь імпартавала тавараў на 34,256 млрд долараў (у Нацбанку – 33,205 млрд), экспартавала – на 34,767 млрд (у Нацбанку – 34,108 млрд). Паводле Белстату, год да года імпарт скараціўся на 8,5 % (у Нацбанку – 6,7 %), экспарт – на 4,2 % (у Нацбанку – 3,8 %).

«Статыстыку хаваюць»

Старэйшы навуковы працаўнік даследчага цэнтру BEROC Дзмітрый Крук у каментары «Белсату» адзначыў, што для грунтоўнага аналізу гэтае справаздачы Нацбанку не стае дадзеных – іх улады старанна хаваюць.

«На базе выключна гэтай статыстыкі ў доларавым эквіваленце рабіць істотныя высновы даволі цяжка. Трэба раскладаць на натуральныя індэксы, фізічны аб’ём і цэнавы ўплыў. Тады атрымліваецца зразумелая карцінка. А ўжо год, як хаваюць статыстыку», – канстатаваў Крук.

Прадукцыя, вырабляная цэхам мембраннага электролізу ААТ «Беларуськалій».
Фота: kali.by

Эканаміст распавёў, што адразу пасля пачатку вайны ва Украіне беларускі замежны гандаль сціснуўся, потым цягам некалькіх месяцаў сітуацыя крыху выправілася: пашчасціла з цэнамі на сусветных рынках.

«Для Беларусі была вельмі прывабная замежная цэнавая кан’юнктура. Фактычна яна была адказная за тыя ўмоўныя поспехі, якімі цяперашнія ўлады любяць хваліцца. У той жа час у натуральным вымярэнні (менавіта яны перш за ўсё ўплываюць на ВУП, адпаведна, на занятасць, на заробкі, на дабрабыт кожнай асобы) фактычна ўвесь год адбывалася істотнае прасяданне», – растлумачыў суразмоўца «Белсату».

Фактычна гэта раней прызнаў і Аляксандр Лукашэнка, які на нарадзе 5 студзеня казаў, што «паштучна і ў тонах мы не выйшлі на меркаваны ўзровень».

«Вядома, грошы вызначаюць усё, але хацелася б, каб мы і паштучна павялічвалі экспарт. Паштучна – гэта значыць, што трактароў, аўтамабіляў, калійных угнаенняў, нафтапрадуктаў у тонах і штуках мы зрэалізавалі менш, чым у 2021 годзе. Дзякуючы таму, што адбыўся рэзкі рост цэнаў на тыя тавары, якія мы прадаём, мы маем больш-менш станоўчыя вынікі ў экспарце», – заявіў Лукашэнка.

«Крочым балотам»

Дзмітрый Крук мяркуе, што ў леташніх кастрычніку – лістападзе трэнд змяніўся, і цэнавая кан’юнктура ратаваць больш не будзе.

«Адпаведна, гэта адбілася на паказніках замежнага гандлю. Імаверна, тэндэнцыя паступовага аднаўлення экспарту ці запаволілася, ці наогул зазнала пералом», – сказаў эксперт.

Ён адзначыў: прагназаваць штосьці цяпер складана, бо эканамічныя законы ў замежным гандлі Беларусі перастаюць дзеяць.

«Замежны гандаль страціў устойлівасць. Мы фактычна крочым балотам, і цяпер шмат чаго ў экспарце залежыць ад неэканамічных чыннікаў. Напрыклад, ці атрымаецца ўладкаваць нейкі аб’ём нафтапрадуктаў ці калію, або дамовіцца праз нейкія схемы наконт экспарту цераз расейскія парты. У такой сітуацыі здаецца, што перад табой шлях відаць, але штокроку цябе можа чакаць багна», – падсумаваў Дзмітрый Крук.

Ён падсумаваў, што, хутчэй за ўсё, прывабная цэнавая кан’юнктура пачала скурчвацца, а гэта пацягне за сабою ўніз і сальда, і агулам аб’ёмы замежнага гандлю.

Аналітыка
Расейская пастка і бяда з IT. Эканамічны прагноз уладаў на 2022 год цалкам не спраўдзіўся
2023.01.02 07:30

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў