Футбольны «Рух» падсанкцыйнага бізнесоўца Зайцава пакінулі асноўныя футбалісты


«Рух» 11 студзеня развітаўся з гульцамі зборнай Беларусі Паўлам Савіцкім і Дзянісам Лапцевым. Цікавасць да футбалістаў ужо выказала маскоўскае «Тарпеда».

Футбалісты Дзяніс Лапцеў і Павел Савіцкі ў складзе ФК «Рух».
Фота: rukh.by

Берасцейскую каманду пакінула цэлая абойма гульцоў – адзінаццаць спартоўцаў. Пры гэтым ніхто з іх не плануе выступаць у чэмпіянаце Беларусі. Тут проста няма грошай, за якія гэтыя футбалісты згодныя выходзіць на поле.

З «Руху» сыходзяць легіянеры і дарагія беларускія футбалісты, для іх няма значэння, у форме якога клубу гуляць: галоўнае, каб плацілі. З грашыма ва ўладальніка клубу, бізнесоўца Аляксандра Зайцава апошнім часам былі праблемы.

Яшчэ мінулай зімой склад «Руху» каштаваў каля 7 мільёнаў еўраў. Цяпер жа «гаманец рэжыму», як называюць Зайцава, робіць стаўку на моладзь, якой можна шмат не плаціць. Ён рэзка скарачае выдаткі на спорт, пры гэтым заяўляе, што санкцыі на яго ніяк не ўплываюць. Калі ў мінулым сезоне «Рух» рыхтаваўся да сезону ў Турцыі, адпрацаваўшы там два зборы, то цяпер едзе ў Пінск.

Hавiны
«Не найлепшы час». Алігарх Зайцаў прызнаў затрыманне з выплатаю заробкаў у ФК «Рух»
2021.12.30 09:07

Хто яшчэ пакінуў клуб і куды паехаў?

Камерунскі абаронца Габі Кікі і паўабаронца з Ліберыі Дайвід Тўэ пераехалі ў чэмпіянат Ізраілю, украінец з беларускім відам на жыхарства Аляксандр Наёк выбраў Кіпр. Малады беларус Арцём Канцавы стаў гульцом чэшскага «Баніку», а абаронца Кірыл Пячэнін паехаў у расейскі «Арэнбург». Шукаюць новую працу былыя абаронцы «Руху» Рахманаў, Клапоцкі і бразілец Ўільям (João William Alves de Jesus). Як і яшчэ адзін легіянер – албанец Бакай.

Гэта агульная тэндэнцыя

З розных прычынаў беларускі чэмпіянат пакідаюць як беларускія, так і замежныя футбалісты. На сённяшні дзень больш за 50 гульцоў пакінулі нашу краіну. І пакуль не бачна ахвотных замяніць іх.

Hавiны
Беларускія спартоўцы сабралі грошы для пазову ў суд супраць УЕФА
2022.01.06 20:21

АЛ belsat.eu

Стужка навінаў