Даследаванне: кожная шостая беларуска зазнавала хатні гвалт


«Chatham House» (Каралеўскі інстытут міжнародных дачыненняў) з онлайн-лініяй дапамогі пацярпелым ад хатняга гвалту Oliviahelp.org правялі онлайн-апытанне ў Беларусі наконт гендарнага гвалту ў стасунках. Апытвалі з 8 да 14 лістапада, удзел узялі 480 жанчын і 384 мужчыны. Як сцвярджаюць арганізатары, выбарка адпавядае структуры гарадскога насельніцтва і скарэктаваная паводле полу, веку, памеру паселішчаў і ўзроўню адукацыі, піша «Наша Ніва».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Jorge Silva / Reuters / Forum

Тры з чатырох апытаных жанчын (74,7 %) адзначылі, што за апошнія 12 месяцаў былі ў стасунках. З іх кожная шостая (17,6 %) заявіла, што зазнавала гвалт з боку партнёра:

  • псіхалагічны (7,7 %),
  • эканамічны (4,7 %),
  • фізічны (3,7 %),
  • сексуальны (1,5 %).

Даследнікі заўважаюць, што гэтыя звесткі не адлюстроўваюць рэальнага становішча: шмат хто з рэспандэнтак прызнаўся, што не заўсёды разумее розніцы паміж канфліктам і хатнім гвалтам.

Звесткі онлайн-апытання. Крыніца: прэзентацыя «Chatham House»

Кожная другая жанчына (50,8 %) прызналася, што нікому не паведамляла пра здарэнне. Калі ж усё ж такі жанчына вырашала звярнуцца па дапамогу, то найперш гэта была міліцыя (40,5 % пацярпелых) і тэлефон даверу (15,2 %).

Куды звяртаюцца жанчыны ў выпадку хатняга гвалту. Крыніца: прэзентацыя «Chatham House»

Сацыёлагі звяртаюць увагу, што адна з галоўных прычынаў адмовы ад звароту па дапамогу для жанчын – адсутнасць веры ў тое, што ім могуць дапамагчы. Пра гэта паведаміла кожная пятая з пацярпелых (20,2 %).

На думку кожнай восьмай (13,1 %), зварот па дапамогу можа зрабіць яшчэ горш. Пры гэтым амаль кожная трэцяя з пацярпелых ад хатняга гвалту (29,8 %) думае, што дастаткова апавесці сябрам і блізкім.

Чаму беларускі не звяртаюцца па дапамогу. Крыніца: прэзентацыя «Chatham House»
Аб’ектыў
Дзень барацьбы за ліківідацыю гвалту супраць жанчын
2023.11.25 21:18

СП, belsat.eu

Стужка навінаў