ЗША не супраць украінскіх удараў па цэлях у Расеі. Галоўнае пра вайну ва Украіне на ранак 10 снежня


Поўнамаштабная вайна ва Украіне ідзе 290-ы дзень. Злучаныя Штаты ўжо не супраць удараў Украіны дронамі па тэрыторыі Расеі, хоць NATO і баіцца наўпроставага ўцягнення ў канфлікт. «Белсат» пераказвае галоўныя навіны вайны на гэтую раніцу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы на танку.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook

Як піша Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны, за мінулы дзень войскі атакі расейскіх нападнікаў на Лушаншчыне ў раёне населеных пунктаў Плошчанка, Неўскае і Белагораўка, на Данеччыне ў раёне населеных пунктаў Якаўлеўка, Бахмуцкае, Падгорнае, Бахмут, Вопытнае, Курдзюмаўка, Дружба, Невельмкае, Пабеда і Новаміхайлаўка.

За мінулы дзень Расея нанесла па Украіне пяць ракетных і каля двух дзясяткаў авіяцыйных удараў, звыш 60 удараў рэактыўнымі сістэмамі залпавага агню. Ракетныя ўдары прыйшліся на Сумскую і Запарожскую вобласці. Пад абстрэлы артылерыі, танкаў і мінамётаў таксама трапілі населеныя пункты на сіверскім, слабажанскім, купянскім, ліманскім, бахмуцкім, аўдзееўскім, навапаўлаўскім, запарожскім, херсонскім напрамках. Ранкам на поўдні Украіны Расея спрабаваа нанесці ўдары іранскімі беспілотнікамі-камікадзэ, супрацьпаветраная абарона збіла 10 з 15. Але пасля ўдараў Адэса засталася амаль без святла – адключылі ўсё акрамя крытычнай інфраструктуры.

Гісторыі
Як працуюць выратавальнікі ў Бахмуце – самым гарачым месцы вайны, дзе кожная секунда можа быць апошняй
2022.12.08 20:35

Украінскія войскі нанеслі ўдары па чатырох пунктах кіравання і пяці раёнах канцэнтрацыі асабовага складу, узбраенняў і тэхнікі Расеі. Генштаб ЗСУ адзначае, што расейцы церпяць таксама ад «дружнага агню» – праз слабую падрыхтоўку і адсутнасць узаемадзеяння б’юць па сваіх. Як сцвярджае Генштаб ЗСУ, Расея з пачатку поўнамаштабнай вайны страціла каля 93 760 чалавек, амаль тры тысячы танкаў, амаль шэсць тысяч бронемашынаў, амаль дзве тысячы артылерыйскіх сістэмаў і чатыры сотні рэактыўных сістэмаў залпавага агню, дзве сотні сродкаў супрацьпаветранай абароны, амаль тры сотні самалётаў і звыш 260 верталётаў. Свае страты ўкраінскі бок не раскрывае.

На валынскім і палескім напрамках – каля мяжы з Беларуссю – Генштаб ЗСУ не бачыць істотных зменаў або прыкметаў фармавання ўдарных груповак.

Лінія фронту ўжо амаль месяц практычна не мяняецца, але расейскія войскі працягваюць атакі на Бахмут, Аўдзееўку і Крамянную на Данбасе, ставяць абарончыя рубяжы.

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) звяртае ўвагу на тое, што Уладзімір Пуцін працягвае абмяркоўваць магчымасць перамоваў ва Украіне, а Кіеў па-ранейшаму не хоча ісці на кампрамісы і нават сур’ёзныя перамовы з Расеяй да вываду расейскіх войскаў са сваёй тэрыторыі. Пуцін, мяркуе ISW, выкарыстоўвае заклікі да перамоваў, каб паспрабаваць ізаляваць Украіну ад падтрымкі – гэта нібыта Украіна такая незгаворлівая, адмаўляецца ад саступак дзеля міру. Але ISW сумняецца, што Расея атрымае ад Украіны перадышку. Пуцін тым часам вагаецца між падтрымкай афіцыйнага Міністэрства абароны і падтрымкай праваенных блогераў і ўльтранацыяналістаў, якія крытыкуюць Мінабароны.

Расея таксама аказвае беспрэцэдэнтную вайсковую і тэхнічную падтрымку Ірану ў абмен на іранскую зброю, кажуць амерыканскія чыноўнікі. Брытанская выведка называе Іран адным з ключавых ваенных «спонсараў» Расеі: ад Іран Крэмль спрабуе атрымаць ужо і балістычныя ракеты, бо запасы сваіх «Іскандэраў» вычарпаў. ЗША ўводзяць санкцыі супраць расейскіх установаў, адказных за закупку і ўжыванне іранскіх дронаў.

Аналітыка
Позвы выпісваюць пачкамі, за вербаваннем сочыць пракурор: у РФ рыхтуюць новую мабілізацыю
2022.12.08 16:23

Амерыканскія Паветраныя сілы хацелі б перадаць Украіне старыя беспілотнікі «MQ-9 Reaper», але Пентагон тармазіць працэс, бо хвалюецца наконт перадачы важных тэхналогіяў, якія могуць трапіць у рукі расейскіх вайскоўцаў, расказвае «Politico» са спасылкай на чатыры ўласныя крыніцы.

Але Пентагон даў «зялёнае святло» Украіне на ўдары ўжо наяўнымі дронамі па цэлях на тэрыторыі Расеі, піша «The Times». Амерыканскае міністэрства абароны пераглядзела сваю ацэнку рызыкаў пасля масаваных удараў Расеі па крытычнай інфраструктуры Украіны і ўжо не супраць украінскіх удараў па расейскай тэрыторыі, хоць раней такое лічылася пагрозай наўпроставай канфрантацыі Расеі і NATO. Цяпер жа бачна, што на такія ўдары Расея адказвае толькі ўдарамі па тэрыторыі самой Украіны, але не развязвае Трэцюю сусветную вайну. Вашынгтон не толькі ўхваляе дзеянні Украіны, але і можа з большай імавернасцю паставіць Украіне зброю большай далёкасці. ЗША толькі настойвае, каб украінскія вайскоўцы выконвалі міжнародныя правілы вядзення вайны і Жэнеўскую канвенцыю – гэта адзінае абмежаванне.

Аналітыка
«Самая дзёрзкая атака»: што азначае ўдар па аэрадромах у Энгельсе і Дзягілеве
2022.12.06 16:28

Ды NATO усё ж непакоіцца, што напад Расеі на Украіну можа перарасці ў вайну Расеі з NATO, сказаў Генеральны сакратар альянсу Енс Стольтэнбэрг у інтэрв’ю нарвежскаму тэлеканалу NRK. Паўночнаатлантычны альянс штодзень працуе над тым, каб канфлікт не ператварыўся ў поўнамаштабную вайну між NATO і Расеяй, запэўніў ён. Стольтэнбэрг дадаў, што разумее тых, хто на Захадзе стаміўся ад росту цэнаў праз вайну ва Украіне, але настойвае, што калі Пуцін пераможа ва Украіне, іншым краінам давядзецца заплаціць значна большую цану.

Украіне аказвае ваенную дапамогу ўжо нават Афрыка: Марока стала першай афрыканскай краінай, якая пастаўляе ўзбраенні Украіне. Як сцвярджаецца, гэта Злучаныя Штаты пераканалі Марока паставіць запчасткі да савецкіх танкаў T-72.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў