Нобэлеўская прэмія: 10 найцікавейшых фактаў


10 снежня ў Осла адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўручэння Нобэлеўскай прэміі. Яна традыцыйна праходзіць у дзень памяці Альфрэда Нобэля, які пайшоў з жыцця 10 снежня 1896 года. Што гэта за прэмія – і чаму яна такая папулярная ў свеце?

Hавiны
Глядзіце, як будуць уручаць Нобэлеўскую прэмію міру. Жывы эфір на «Белсаце» 10 снежня
2022.12.09 13:14

Распавядаем самыя цікавыя факты.

1. З чаго ўсё пачалося

Шведскі хімік Альфрэд Нобэль вядомы як вынаходнік дынаміту і бізнесовец. За сваё жыццё ён запатэнтаваў каля 350 вынаходстваў. Аднак сёння Нобэль найбольш вядомы як заснавальнік самай прэстыжнай у свеце прэміі. Як яму прыйшла ў галаву такая ідэя?

У 1888 годзе ў Санкт-Пецярбургу памёр брат Альфрэда Нобэля – Людвіг. Але французскія газеты пераблыталі імя і апублікавалі навіну аб смерці вынаходніка дынаміту. У ёй Нобэля называлі «гандляром смерцю», які зарабіў мільёны на крыві. Прачытанае ўразіла Альфрэда, і ён вырашыў здзейсніць штосьці, каб пакінуць па сабе добрую памяць.

У 1895 годзе Нобэль падпісаў запавет, паводле якога большая частка ягоных багаццяў накіроўвалася на стварэнне спецыяльнай Нобэлеўскай прэміі ў пяці галінах: фізікі, хіміі, фізіялогіі і медыцыны, літаратуры і міру. Асобным пунктам у сваім тастаменце Альфрэд Нобель пазначыў, што ўручаць прэмію трэба без увагі на нацыянальнасць кандыдатаў. Ён быў адным з найбагацейшых людзей Еўропы, і ў яго не было сям’і (толькі далёкія сваякі).

Намінацыі ў сферы эканомікі ў тастаменце Нобэля не было, яе пачалі ўручаць пазней, у 1968 годзе, у гонар 300-годдзя Банку Швецыі. Таму прэмія ў галіне эканомікі называецца не «Нобэлеўская», а «Прэмія ў памяць пра Альфрэда Нобэля». То бок, яна фактычына не ёсць Нобэлеўскай. З 92 яе лаўрэатаў 90 былі мужчыны. Сярэдні ўзрост лаўрэата ў галіне эканомікі складае 67 гадоў, што робіць яе самай «узроставай» Нобэлеўскай прэміяй.

Беларусы прыйшлі ў Беларускі хаб, каб адзначыць атрыманую Нобэлеўскую прэмію Міру Алесем Бяляцкім. Падчас вольнага мікрафона людзі выказвалі пашану і віншавалі лаўрыята прэміі з нагародай. Абмяркоўвалі тэму праваабарончай дзейнасці ў Беларусі і ролю Бяляцкага ў ёй, а таксама паглядзелі фільм пра яго. 7 кастрычніка 2022 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Нобэлеўская прэмія можа быць атрыманая толькі фізічнай асобай, а вось прэмія міру можа быць уручаная як чалавеку, так і арганізацыі.

Існуе міф, быццам Нобэлеўская прэмія ў галіне матэматыкі не прысуджаецца, бо жонка Альфрэда сышла ад яго да матэматыка. Насамрэч Нобэль ніколі не быў жанаты. Сапраўдная прычына ігнаравання матэматыкі Нобэлем не вядомая, але ёсць некалькі здагадак. Згодна з адной з іх, на той момант ужо існавала прэмія ў галіне матэматыкі ад шведскага караля. Паводле іншай, Нобэль лічыў матэматыку занадта абстрактнай навукаю. Яму хацелася, каб прэмію давалі людзям, якія зрабілі для чалавецтва штосьці карыснае.

Альфрэд Нобэль быў яшчэ і драматургам. Незадоўга да смерці ён дапісаў трагедыю «Нэмэзіда» ў чатырох актах. Пасля выдання п’есы каталіцкая царква прызнала яе блюзнерскаю, і ўвесь наклад, акрамя трох экзэмпляраў, быў знішчаны. Першае ацалелае выданне было апублікаванае толькі ў 2003 годзе, а ў 2005-м, праз 109 гадоў пасля смерці аўтара, у Стакгольме адбылася прэмʼера.

2. Які фонд прэміі

Кожная Нобэлеўская прэмія складае 10 млн кронаў (амаль $ 900 тыс.) і штогод уручаецца разам з дыпломам і залатым медалём 10 снежня. Нобэлеўскі медаль мае дыяметр 66 мм, яго вага – 175 г. Медалі вырабляюцца з золата рознай каратнасці: 18-каратнага сардэчніка, які пакрыты 24-каратным золатам. Кошт гэтага золата складае каля $ 8 тыс.

Гады нараджэння (1833) і смерці (1896) Альфрэда Нобэля на нобэлеўскіх медалях пазначаныя рымскімі лічбамі: MDCCCXXXIII – MDCCCXCVI. На аверсе медалёў – партрэт Альфрэда Нобэля, на рэверсе – у кожнай намінацыі ўласная выява. Нобэлеўскі медаль міру, напрыклад, змяшчае на рэверсе фігуры трох мужчынаў, якія абдымаюцца. На ім нанесены надпіс «Pro pace et fraternitate gentium» («За мір і братэрства народаў»). Імя лаўрэата і год узнагароджання вынесены на рант медаля.

Агулам у перыяд з 1901 да 2021 год Нобэлеўскія прэміі прысуджаліся 609 разоў. 50 разоў Нобэлеўскія прэміі не ўручаліся: прычынамі былі дзве сусветныя вайны і немагчымасць знайсці годнага кандыдата.

Алесь Бяляцкі. Калаж з фота: spring96.org

3. Сакрэтнасць працягласцю 50 гадоў

Штогод галоўнай загадкаю Нобэлеўскай прэміі становяцца яе верагодныя кандыдаты і лаўрэаты. Гэта закрытая інфармацыя, але часам чуткі ўсё ж прасочваюцца. Еўрапейскія букмекеры нават прапаноўваюць стаўкі на магчымых лаўрэатаў Нобэлеўскай прэміі ў галінах літаратуры і міру.

Шорт-ліст і тое, чым канкрэтна кіраваліся суддзі падчас прыняцця канчатковага рашэння аб прысуджэнні прэміі, не вядома шырокай публіцы. Згодна з нобэлеўскімі правіламі, суддзям забаронена абмяркоўваць уласныя рашэнні на працягу 50 гадоў. Менавіта столькі павінна мінуць, перш як мы даведаемся, як суддзі прымалі рашэнні аб Нобэлеўскай прэміі 2022 года, і хто быў у іхных шорт-лістах.

4. Кандыдатаў на прэмію вылучаюць эксперты з розных сфераў

Права вылучаць кандыдатуры на Нобэлеўскую прэмію маюць тысячы экспертаў у навуковых і мастацкіх вобласцях ва ўсім свеце. У іх лік уваходзяць прафесары прэстыжных універсітэтаў, заканадаўцы, былыя лаўрэаты Нобэлеўскай прэміі і самі чальцы камітэту. Акрамя таго, права прапанаваць кандыдатуру на вылучэнне ёсць і ў невялікай колькасці навуковых і грамадскіх арганізацыяў. Нобэлеўскі камітэт рассылае лісты гэтым некалькім тысячам чалавек, якія павінны запоўніць спецыяльныя формы на намінацыі да 31 студзеня наступнага года. Пасля гэтага складаецца папярэдні спіс кандыдатаў, які можа ўключаць сотні імёнаў.

5. Нобэлеўскую прэмію міру прысуджаюць у Нарвегіі

Нобэлеўскія прэміі прызначае Шведскі камітэт, і фонд, які распараджаецца прэміяльнымі грашыма, месціцца ў Стакгольме. Але Нобэлеўскую прэмію міру ўручаюць у Осла, у Нарвегіі. Гэта адбываецца згодна з воляю Альфрэда Нобэля. Такое рашэнне звязанае з тым, што пры жыцці Нобэля Швецыя і Нарвегія былі абʼяднаныя ў саюз, які распаўся ў 1905 годзе ўжо пасля смерці заснавальніка прэміі.

Наталля Пінчук, жонка Алеся Бяляцкага перад парыжскай штаб-кватэрай Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека 9 лютага 2012 года.
Фота: RFI / Gorbanevsky

6. Лаўрэаты за кратамі

За ўсю гісторыю Нобэлеўскай прэміі яе чатыры разы ўручалі лаўрэатам, якія былі на час уганаравання за кратамі. Гэта нямецкі журналіст і пацыфіст Карл фон Асецкі (быў у нямецкім канцлагеры), палітычная дзяячка таталітарнай Бірмы Аўн Сан Суў Чы, кітайскі праваабаронца Лю Сяў-Бо і беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі. Усе яны – лаўрэаты прэміі міру.

Пасля ўручэння Нобэлеўскай прэміі праціўніку нацыянал-сацыялізму Карлу фон Асецкаму ўлады Трэцяга Райху настолькі абурыліся, што наогул забаранілі атрымліваць гэтую ўзнагароду сваім грамадзянам у любых вобласцях.

7. «Мужская прэмія»

Нобэлеўская прэмія найчасцей прысуджаецца мужчынам. Так, напрыклад, прэмія ў галіне медыцыны даецца ўжо 110 гадоў запар. Але пры гэтым усяго 12 з 220 лаўрэатаў былі жанчыны.

А вось самай вядомай жанчынай у гісторыі Нобэлеўскай прэміі справядліва лічаць Марыю Кюры. Яна атрымала прэстыжную прэмію двойчы – у галіне фізікі ў 1903 годзе і ў галіне хіміі ў 1911 годзе.

8. Рэкардсмены

У атрыманні нобэлеўскай узнагароды лідаруюць амерыканцы. Менавіта ў ЗША 43 % набэліятаў. Яны маюць гэтую прэмію ў медыцыне, хіміі і фізіцы.

Акрамя Марыі Кюры, двойчы атрымлівалі Нобэлеўскую прэмію яшчэ трое навукоўцаў. Адзін з іх, хімік Лайнус Поўлінг, – у вельмі незвычайнай камбінацыі. У 1954 годзе ён атрымаў узнагароду ў галіне хіміі, а праз восем гадоў быў ушанаваны Нобэлеўскай прэміяй міру.

Нямецкі фізік Арнольд Замэрфэльд намінаваўся на Нобэлеўскую прэмію 84 разы, але так яе і не атрымаў. Аднак навуковец ён быў сапраўды вялікі, ды і выкладчык таксама – ажно сямёра ягоных вучняў пазней атрымалі прэмію, якой так і не дачакаўся іхны настаўнік.

Сэр Андрэй Гейм, брытанскі і нідэрландскі фізік з савецкімі каранямі, адзіны ў свеце навуковец, які атрымаў і Нобэлеўскую, і іранічную Шнобэлеўскую прэмію. Першую ён здабыў за працу з вылучэннем графену, а другую – за эксперымент левітацыі жабы з дапамогаю магнітаў.

Вядомая арганізацыя Чырвоны Крыж тройчы атрымлівала Нобэлеўскую прэмію міру.

Альберта Айнштайна вылучалі на Нобэлеўскую прэмію штогод з 1910 да 1922 года. У архіве Нобэлеўскага камітэту захавалася 60 намінацыяў Айнштайна, звязаных з фармулёўкаю тэорыі адноснасці. Аднак прэмію навукоўцу далі толькі ў 1922 годзе за тэорыю фотаэлектрычнага эфекту, якая падалася камісіі больш важкім унёскам у навуку. Сваю нобэлеўскую прамову, аднак, Айнштайн прысвяціў менавіта тэорыі адноснасці.

Усе грошы прэміі Айнштайн аддаў былой жонцы, бо ягоны шлюбны кантракт яго да гэтага абавязваў.

Акцыя салідарнасьці з затрыманымі праваабаронцамі «Вясны» адбылася ў Кіеве на Алее Герояў Нябеснай Сотні.
17 верасьня у эўрапейскіх гарадах стартуе кампанія салідарнасьці #FreeViasna з праваабаронцамі, якія цяпер за кратамі. Сярод палітвязьняў старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, ягоны намесьнік Валянцін Стэфановіч, юрыст Уладзімер Лабковіч, каардынатарка валянтэрскай службы Марфа Рабкова, кіраўнік Гомельскай філіі Леанід Судаленка, валянтэры Андрэй Чапюк і Тацяна Ласіца.
Правесці акцыю таксама плануецца у Варшаве і Вільні.
Кіеў, Украіна. 17 верасня 2021 года.
Фота: Белсат

9. Сярэдні ўзрост нобэлеўскіх лаўрэатаў – 59 гадоў

Самы малады лаўрэат Нобэлеўскай прэміі – індыйская праваабаронца Малала Юсафзай, якая атрымала прэмію міру ў 17 гадоў. Найстарэйшы – амерыканец Леанід Гурвіч. Ён атрымаў прэмію за дасягненні ў сферы эканомікі ва ўзросце 90 гадоў.

Часцей за ўсё, паводле статыстыкі, уладальнікамі Нобэлеўскай прэміі рабіліся людзі, народжаныя 28 лютага або 21 траўня.

10. Адмовы ад прэміі

Здараліся выпадкі, калі лаўрэаты адмаўляліся ад прэміі. Напрыклад, вʼетнамскі палітык Ле Дых Тхо, на радзіме якога, у В’етнаме, у той час ішла вайна. Французскі пісьменнік Жан-Поль Сартр, які ў прынцыпе адмаўляўся ад якіх-небудзь афіцыйных узнагародаў. Савецкі пісьменнік Барыс Пастэрнак у 1958 годзе быў змушаны адмовіцца ад прэміі ў галіне літаратуры з-за ціску ўладаў.

Да 1974 года Нобэлеўскую прэмію двойчы давалі пасмяротна – у 1961 годзе прэмію міру былому генеральнаму сакратару ААН Дагу Гамархёльду (незадоўга да гэтага загінуў у авіякатастрофе) і шведскаму паэту Эрыку Карлфельту (памёр у 1931 годзе). У 1974 годзе было прынятае афіцыйнае рашэнне ўшаноўваць прэміямі толькі жывых людзей, аднак у 2011 годзе прэмію ў галіне медыцыны далі канадскаму біёлагу Ралфу Стэйнмэну (Нобэлеўскі камітэт у момант галасавання не ведаў пра ягоную смерць).

Магатма Гандзі намінаваўся на прэмію міру пяць разоў, але так яе і не атрымаў. Пасля ягонага забойства ў 1948 годзе Нобэлеўскі камітэт прызнаў сваю памылку і вырашыў у той год абысціся без уручэння ўзнагароды.

СП belsat.eu

Стужка навінаў