14 гадоў таму 10 снежня, у Дзень правоў чалавека, «Белсат» распачаў трансляцыю. Як і штогод, мы падводзім вынікі нашай працы ды раздаём узнагароды калегам.
Сяргей Падсасонны звязаны з тэлеканалам з пачатку яго існавання. За гэтыя гады працы Сяргей зрабіў сотні матэрыялаў, у якасці рэпарцёра працаваў у розных краінах свету, а цяпер вяртаецца з Іраку. Сяргей Падсасонны – адзін з рэдактараў і вядоўцаў «Студыі «Белсат», а таксама разам з Ігарам Кулеем вядзе штотыднёвую праграму «Тыдзень».
Акрамя журналістыкі, Сяргей займаецца літаратуразнаўствам, мае навуковую ступень доктара гуманітарных навук, выкладае ў Варшаўскім універсітэце.
Працаўнікоў «Белсату» шматкроць штрафавалі, судзілі, кідалі за краты і намагаліся ўсяляк запужаць. На сёння чацвёра нашых калегаў застаюцца ў зняволенні. Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева атрымалі па два гады пазбаўлення волі за стрым з месца забойства Рамана Бандарэнкі. Уладзімір Мацкевіч 5 месяцаў застаецца ў СІЗА № 1: яму інкрымінуюць арганізацыю дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак. Ужо другі месяц за кратамі – нашая калега Ірына Слаўнікава, якую таксама вінавацяць паводле артыкулу 342 КК РБ.
Не зважаючы на ўвесь ціск, нашыя калегі і пад пагрозаю пазбаўлення волі працягваюць здабываць праўдзівую інфармацыю, пішуць артыкулы, здымаюць відэа і фота, дапамагаюць беларусам. Ганарымся, што белсатаўцы засталіся вернымі сваёй прафесіі ды свайму народу! Жыве Беларусь! Жыве «Белсат»!
Андрэй Куціла – адзін з найлепшых дакументалістаў Беларусі, шмат гадоў працуе з «Белсатам». Сёлетні фільм «Калі кветкі не маўчаць» атрымаў галоўную ўзнагароду Варшаўскага кінафестывалю. Андрэй зняў больш за 10 дакументальных стужак, якія мелі прэм’еры і ўзнагароды на прэстыжных кінафестывалях: Фестываль дакументальнага кіно ў Амстэрдаме – IDFA (Амстэрдам, Нідэрланды), Міжнародны фестываль дакументальнага і анімацыйнага кіно ў Ляйпцыгу – «DOK Leipzig» (Ляйпцыг, Нямеччына), Кракаўскі кінафестываль (Кракаў, Польшча), Міжнародны фестываль дакументальных фільмаў аб правах чалавека – «Document» (Глазга, Вялікая Брытанія), Еўрапейскі фестываль дакументальных фільмаў «dokumentART» (Нойбрандэнбург, Нямеччына) ды іншыя.
Стужка паказвае барацьбу беларускага народу за сумленныя выбары, лёсы людзей, якія адгукнуліся на заклік блогера Сяргея Ціханоўскага і ўзялі ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі 2020 года. Падзеі праз прызму назіранняў Міхаіла Аршынскага, які стаўся сведкам неймавернага палітычнага супрацьстаяння. З камераю ў руках ён асабіста прасачыў за кожным этапам кампаніі ды здымаў, як улады перашкаджалі збіраць подпісы і перадаваць іх у выбаркамы, як аб’ядналіся штабы альтэрнатыўных кандыдатаў, разам з імі ездзіў па рэгіёнах Беларусі.
Фільм атрымаў галоўны прыз на паўднёвакарэйскім кінафестывалі «Hinzpeter Awards».
«Тыдзень» – важкая кропка ў інфармацыйнай карціне тыдня. Вядоўцы Сяргей Падсасонны ды Ігар Кулей раскладаюць па паліцах самыя галоўныя падзеі. Паўтары гадзіны жывога эфіру пра самыя вострыя тэмы, што датычаць усіх нас. Адказы на пытанні, якія дзяржаўныя СМІ не асмеляцца і задаць.
«Пайсці і не вярнуцца» – рэпартажы пра тое, якімі былі людзі, загінулыя падчас пратэстаў. Аляксандр Тарайкоўскі, Канстанцін Шышмакоў, Аляксандр Віхор, Генадзь Шутаў, Мікіта Крыўцоў, Раман Бандарэнка – усе яны не толькі галоўныя героі рэпартажаў Вольгі Воранавай, але і сапраўдныя героі вольнай Беларусі.
Нашая журналістка Алена Дубовік летась трапіла на Акрэсціна, дзе была моцна збітая наглядальніцай ізалятару. Алену запужвалі служкі рэжыму, невядомыя дасылалі пагрозы, але яна працягвала рабіць сваю працу аддана, годна і прафесійна. Алена і далей працуе з намі, што праўда, ужо не з Беларусі.
Нашыя калегі з рэдакцыі расейскамоўнай трансляцыі асвятлялі пратэсты ў Расеі. Шматтысячныя акцыі за вызваленне палітыка Аляксея Навальнага адбываліся ў пачатку года, а шматгадзінныя трансляцыі з іх з розных гарадоў Расеі былі ў нашым эфіры.
Тытанічную працу зрабілі нашыя калегі з парталу «Вот так». Яны шмат дзён рыхтавалі важны, моцны, але цяжкі матэрыял пра катаванні ў расейскіх турмах. Дзякуючы гэтай працы людзі даведаліся пра жахі за высокімі платамі з калючым дротам.
Пра міграцыйны крызіс на беларуска-польскай мяжы ўжо доўгі час гаворыць цэлы свет. Нашыя журналісты з польскай рэдакцыі выбраліся ў памежныя раёны, каб на ўласныя вочы пабачыць, што там адбываецца і як рэагуюць на гэта мясцовыя жыхары. Атрымаліся цікавыя ды атмасферныя рэпартажы. Хто чытае па-польску, запрашаем на нашую польскую версію старонкі.
«У Бярозаўцы прайшло развітанне з Вітольдам Ашуркам», аўтар – Віктар Контар
21 траўня ў папраўчай калоніі загінуў палітычны вязень Вітольд Ашурак. Кіраўніцтва калоніі запэўнівае, што ў вязня спынілася сэрца, але ёсць падставы думаць, што яго забілі. Калі родныя забралі цела, то пабачылі, што ў Вітольда цалкам перабінтаваная галава і пашкоджаныя рукі. Вітольда Ашурка пахавалі ў Бярозаўцы.
«Чаму Жырыноўскі ў палітыцы ўжо 30 гадоў?»
Галоўны адмысловец у палітычных шоу, лідар ЛДПР, ветэран боек у Дзярждуме, амбасадар слова «падонак»… Усё гэта пра расейскага палітыка Уладзіміра Жырыноўскага. Калі б Tik-Tok з’явіўся раней, то гэты чалавек дакладна быў бы самым папулярным блогерам там.
Нашыя гледачы зрабілі свой выбар. Лічбы кажуць самі за сябе. Як спявалі легенды беларускага року: «Што тут дадаць? Хіба што нічога».
У гэтым годзе адмысловая ўзнагарода дырэктара «Белсату» сёлета прысуджаецца Вальдэмару Даманьскаму – былому фінансаваму дырэктару нашага тэлеканалу. Дзякуем за шматгадовую плённую працу!
Дзякуй, што застаецеся з намі! Да новых сустрэчаў у эфіры!
Заўсёды ваш – «Белсат»