«Праз мастацтва распавядаць пра Беларусь, дзяліцца болем». Беларускі бункер у цэнтры Берліну


Арт-прастора ў напалову закінутым будынку на Александэрпляцы адкрылася ўсяго паўгода таму, але берлінская публіка ўжо ведае яе як месца канцэнтрацыі беларускага мастацтва. Тут адбываюцца вечарыны, выставы, канцэрты, а ў верасні пляцоўка нават далучылася да найбуйнейшай арт-падзеі гораду – «Berlin Art Week».

Праца мастака Сяргея Шабохіна.
Фота: shabohin.com

Пра тое, як беларусы прэзентуюць сваю культуру ў цэнтры нямецкай сталіцы, расказвае тэатральны рэжысёр і актывіст Зміцер Чэ.

У цэнтры Берліну стаіць Дом статыстыкі – вялізны адміністрацыйны будынак часу ГДР, які пуставаў больш за 10 гадоў і быў пад пагрозаю знішчэння, пакуль жыхары гораду не ўзяліся за яго развіццё. Цяпер у ім месцяцца культурніцкія пляцоўкі, майстэрні, сацыяльныя ініцыятывы. Адкрыць тут беларускі арт-скўот пастанавіла арганізацыя «Разам», якая ўзнікла на хвалі салідарнасці ў жніўні 2020 года, каб аб’яднаць беларусаў Нямеччыны, у тым ліку і людзей мастацтва.

«На гэтым пратэставым уздыме мы загарэліся ідэяй стварыць у Берліне беларускі культурніцкі цэнтр, каб праз мастацтва распавядаць пра Беларусь, дзяліцца нашым болем, – тлумачыць актывіст аб’яднання Зміцер Чэ. – Мы называем прастору «Разам кунст» («Разам мастацтва»), а паміж сабою часам гаворым «Наш бункер». Пляцоўка дасталася нам у красавіку 2021 года ў стане вялікай будаўнічай сметніцы, таму некалькі месяцаў мы працавалі, каб яе ўладкаваць».

Зміцер згадвае, што памяшканне з прасторнымі бетоннымі заламі знайшлі выпадкова, таксама дзякуючы мастацтву:

«Увосень 2020 года мы рыхтавалі выставу-архіў Сяргея Шабохіна «Сацыяльны мармур». У Нямеччыне тады распачаўся локдаўн, наведваць выставы было нельга, з’явілася ідэя паказаць праект у вокнах. Таму мы шукалі спецыфічнае памяшканне з вялікімі шыбамі, – згадвае Зміцер. – Падчас праекту Сяргей Шабохін сядзеў за шклом, размаўляў пра беларускі пратэст з мастакамі, культуролагамі, філосафамі, а пасля выдрукоўваў галоўныя тэзісы, словы, будаваў графікі, ствараў кардыяграму жывога пратэсту, каб ухапіць гэты момант».

Праца мастака Сяргея Шабохіна.
Фота: shabohin.com

Пасля гэтай выставы арганізацыя «Разам» адкрыла ў Доме статыстыкі сваю сядзібу. Досыць хутка сабралася крэатыўная каманда з сямі беларусаў. Нехта прыехаў у Берлін нядаўна, уцякаючы ад пераследу, а некаторыя жывуць тут стала, як наш суразмоўца. Зміцер Чэ з’ехаў з Беларусі праз рэпрэсіі яшчэ ў 2006 годзе. Пасля ўдзелу ў мясцовай парламенцкай кампаніі яго затрымалі, збілі, а потым адлічылі з Акадэміі мастацтваў, дзе ён вучыўся на рэжысуры. З таго часу ён займаецца тэатральнымі пастаноўкамі і перформансамі ў Еўропе.

З мастацкімі праектамі ў арт-прасторы дапамагаюць былыя дырэктаркі галерэі «Ў» Ганна Чыстасердава і Валянціна Кісялёва, а за музычныя джэмы адказваюць удзельнікі гурта «Dee Tree» Лера Дэле і Юрый Звераў. З самых яркіх падзеяў, што адбываліся ў прасторы, Зміцер згадвае закрыты паказ спектаклю-перформансу пра беларускі пратэст, які цяпер ездзіць па сусветных фестывалях, або вялікі канцэрт беларускіх выканаўцаў, калі ўвесь будынак быў ахоплены класічнаю музыкаю, дзеля падтрымання Марыі Калеснікавай.

«Увогуле ў нас выступаюць шмат якія творцы: Альгерд Бахарэвіч, Зміцер Вайцюшкевіч, Вольга Шпарага ды іншыя беларусы, некаторыя з іх вяртаюцца на радзіму, таму не будзем называць іхных імёнаў», – тлумачыць Зміцер.

Альгерд Бахарэвіч і Юлія Цімафеева ў прасторы «Разам кунст». Здымак для аўтараў матэрыялу

У верасні пляцоўка ўзяла ўдзел у самым маштабнай арт-імпрэзе гораду – «Berlin Art Week», падчас якога вокны скўоту свяціліся відэаінсталяцыямі беларускіх мастакоў, а ўсярэдзіне адбывалася выстава «Памылка 404: старонка не знойдзеная», прысвечаная знішчэнню беларускіх медыяў.

«Berlin Art Week» – буйная падзея, у якой бяруць удзел найлепшыя галерэі, куратары, артысты, таму для нас як для зусім маладой пляцоўкі было гонарам далучыцца. Выставу наведалі шмат асобаў, для нас было важна скарыстацца магчымасцю, каб распавесці берлінскай публіцы, якая не заўжды валодае інфармацыяй, пра рэпрэсіі ў Беларусі, у тым ліку пра сітуацыю са свабодаю слова і зняволеных журналістаў», – зазначае актывіст.

Цяпер у прасторы рыхтуюць выставу Ксішы Ангелавай – беларускай мастачкі, якая раней пісала іконы, але пасля падзеяў 2020 года пачала ствараць партрэты палітычных вязняў. Малюнкі яна робіць на шпалерах, паштоўках, скрынках ад піццы. На выставе пакажуць больш за 300 ейных працаў.

«Ксіша Ангелава пачала маляваць партрэты палітвязняў, бо ў яе разрывалася сэрца. Партрэтаў вельмі шмат, імі будзе завешаная ўся прастора аж да самай столі – своеасаблівая сцяна плачу. У нашым бетонным памяшканні без вокнаў выстава будзе выглядаць асабліва ўражальна. Малюнкі будуць падпісаныя не імёнамі і прозвішчамі, а лічбамі, бо палітвязняў ужо так шмат, што мы пачынаем губляць чалавека за статыстыкай, і гэта жахліва», – кажа Зміцер Чэ, куратар праекту.

Палітзняволеныя журналісты на малюнках Ксішы Ангелавай. Здымкі для аўтараў матэрыялу

Якія планы ў каманды «Разам кунст»? Беларускі арт-скўот у сённяшнім выглядзе будзе працаваць да красавіка. Налета Дом статыстыкі чакае рэканструкцыя, пасля якой у яго пераедуць адміністрацыйныя ўстановы: мэрыя раёну Шарлётэнбург, суд і падатковая. Але частку памяшканняў па-ранейшаму аддадуць культурніцка-сацыяльнаму хабу.

«Мы плануем падаць заяўку, каб пасля рамонту атрымаць большае памяшканне і адчыніць беларускі культурніцкі цэнтр, а можа, і шырэй – усходнееўрапейскі, бо да нас завітвае мультыкультурніцкая публіка, мы працуем з мастакамі з Украіны, Сербіі, Расеі, Польшчы, Бразіліі. Так што, спадзяемся, усё толькі пачынаецца», – дзеліцца планамі Зміцер.

Інтэрв’ю
«Балюча, калі залічваюць да расейскай літаратуры». Размова з Юляй Арцёмавай, аўтаркай кнігі «Я і ёсць рэвалюцыя»
2021.12.10 10:00

ДТ belsat.eu

Стужка навінаў