На ўручэнні Нобэлеўскай прэміі міру згадалі Беларусь і заклікалі да Міжнароднага трыбуналу супраць катаванняў


Галоўны рэдактар расейскай «Новой газеты» Дзмітрый Муратаў 10 снежня на ўручэнні Нобэлеўскай прэміі міру заявіў, што «гэтая прэмія – усёй прафесійнай супольнасці сапраўдных журналістаў».

«Свет разлюбіў дэмакратыю. Свет расчараваўся ў кіроўных элітах. Свет пацягнуўся да дыктатуры. Узнікла ілюзія, што прагрэсу можна дасягнуць тэхналогіямі і гвалтам, а не захаваннем правоў і свабодаў чалавека. Такі вось прагрэс без свабоды. Такое малако без каровы», – заявіў ён.

Паводле яго, у Расеі «ўлада актыўна прадае ідэю вайны», а «пад уплывам агрэсіўнага маркетынгу вайны людзі прывыкаюць да думкі аб яе дапушчальнасці».

«Але я ведаю – войны сканчаюцца з апазнаннем салдат і абменам палоннымі», – падкрэсліў Муратаў.

Вайскоўцы Лукашэнкі гоняць пад аўтаматамі бежанцаў

Расейскі журналіст таксама згадаў, што «ў цэнтры Еўропы да падзей на ўсходзе Украіны дадалася на мяжы вялікай крыві гульня Аляксандра Лукашэнкі».

«Яго вайскоўцы гоняць пад аўтаматамі бежанцаў з Блізкага Усходу на ланцугу аўтаматчыкаў, якія ахоўваюць межы Еўразвяза. Бакі абвінавачваюць адзін аднаго, а ашалелыя людзі кідаюцца літаральна паміж двума агнёў», – заявіў Муратаў.

Паводле яго, менавіта беларускія ўлады арганізавалі дастаўку ў Менск мігрантаў з Блізкага Усходу.

«Так і арганізуюцца ўзброеныя правакацыі і канфлікты. Мы, журналісты, высветліўшы, як гэта зроблена, зрабілі сваю працу. Далей – справа палітыкаў», – адзначыў галоўны рэдактар «Новой газеты».

Міжнародны трыбунал супраць катаванняў

Дзмітрый Муратаў падкрэсліў, што ў Расеі ўсё часцей ужываюць катаванні да зняволеных і затрыманых, у тым ліку да палітвязняў.

«Людзей катуюць, каб зламаць, каб павялічыць жорсткасць пакарання за рамкамі прысуду. Гэта дзікасць», – заявіў ён.

З гэтай нагоды нобэлеўскі лаўрэат выступіў з ініцыятывай стварэння Міжнароднага трыбуналу супраць катаванняў, «задача якога – збіраць звесткі пра ўжыванне катаванняў у розных частках свету і дзяржавах».

«Выявіць катаў і іх гаспадароў, якія маюць дачыненне да падобных злачынстваў», – падкрэсліў ён, дадаўшы, што «катаванні павінны быць прызнаныя найцяжэйшым злачынствам супраць гуманнасці».

Напрыканцы Муратаў заклікаў устаць і ўшанаваць хвілінай маўчання рэпарцёраў, якія аддалі жыцці за гэтую прафесію, і падтрымаць тых, хто падвяргаецца пераследам.

«Я хачу, каб журналісты паміралі старымі», – заявіў нобэлеўскі лаўрэат.

Hавiны
Нобэлеўскую прэмію міру атрымалі журналісты Марыя Рэса і Дзмітрый Муратаў
2021.10.08 13:15

Нагадаем, што Нобэлеўскі камітэт 8 кастрычніка абвясціў лаўрэатаў прэміі міру. Імі сталі філіпіна-амерыканская журналістка Марыя Рэса і расейскі журналіст, адзін з заснавальнікаў незалежнай «Новай газеты» Дзмітрый Муратаў.

Нобэлеўскі камітэт прыняў рашэнне аб прысуджэнні прэміі міру з фармулёўкай «за высілкі па абароне свабоды выказвання меркаванняў, якая з’яўляецца перадумовай дэмакратыі і трывалага міру».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў