У Тбілісі пачалі судзіць Міхэіла Саакашвілі. Пад будынкам суда пратэстуюць


У сталіцы Грузіі 10 лістапада пачаўся судовы працэс над былым прэзідэнтам краіны Міхэілам Саакашвілі. Яму ставяць у віну падзеі 2007 года. Паседжанне распачалося на фоне пратэстаў і затрыманняў, паведамляюць мясцовыя медыі.

Міхэіла Саакашвілі на судовы працэс не даставілі, нягледзячы на запыт Тбіліскага гарадскога суда аб неабходнасці ягонай прысутнасці на паседжанні. Саакашвілі не адпусцілі з турэмнай лякарні, куды яго напярэдадні перавялі з турмы. У адмысловай пенітэнцыйнай службе патлумачылі адмову даставіць Саакашвілі тым, што ягоныя прыхільнікі могуць паспрабаваць заблакаваць дарогі, якія вядуць да турмы.

Міхаіл Саакашвілі.
Фота: RFI

Таксама ў службе лічаць, што перавоз Саакашвілі ў суд стварыў бы дадатковыя рызыкі для ягонага здароўя. Былы прэзідэнт Грузіі цягам 41 дня трымае галадоўку. Адвакат Саакашвілі пры гэтым зазначаў, што хоць Міхэіл не вельмі добра сябе адчувае, у яго бываюць галаўныя болі, аднак ён заяўляў пра гатоўнасць удзельнічаць у працэсе.

Грузінскія тэлеграм-каналы паведамляюць, што з самай раніцы ў Тбілісі праходзяць пратэсты, былі затрыманыя 46 чалавек. Да 13-й гадзіны, калі павінна было распачацца паседжанне, у двары Тбіліскага гарадскога суда сабраліся некалькі тысячаў чалавек, якія скандавалі: «Міша!», «Свабоду Мішу!»

У судовую залу пусцілі толькі журналістаў мясцовага тэлебачання. Старшыня апазіцыйнай партыі «Адзіны нацыянальны рух» Ніка Мелія заявіў:

«Тое, што мы бачым сёння, гэта рэжым, які капіюе Расею і Беларусь».

Следства ў «справе 7 лістапада», якую ставяць у віну Саакашвілі, працягваецца ўжо восем гадоў. Гаворка ідзе пра разгон мітынгу і пагром у тэлекампаніі «Імедзі». Паводле пракурора, у лістападзе 2007 года, калі ў Тбілісі праходзілі супрацьурадавыя акцыі, на заданне Саакашвілі ў будынку МУС прайшло надзвычайнае паседжанне, на якім было вырашана скласці спіс асобаў, якія ўдзельнічалі ў акцыях. Далей планавалася рознымі шляхамі ціснуць на іх. Пракуратура таксама лічыць, што падчас разгону мітынгу 7 лістапада 2007 года ў Тбілісі гумавыя кулі і вадамёты ўжываліся незаконна. Тады ж атрад спецыяльнага прызначэння МУС уварваўся ў будынак тэлекампаніі «Імедзі», супрацоўнікаў выгналі, эфір быў спынены. Пасля гэтага тэлекампанію нібыта незаконна забралі ва ўласнікаў.

Калі Саакашвілі прад’явілі гэтыя абвінавачанні, ён назваў іх палітычнымі.

«Адзін расейскі алігарх абвінавачвае мяне ў тым, што я сарваў спробу перавароту ў краіне, арганізаваную іншым расейскім алігархам, – казаў Саакашвілі. – Пасля таго, як Расея не здолела ўзяць Тбілісі ў ходзе вайны, Пуцін і Мядзведзеў публічна заявілі, што суцяшаюцца тым, што прыйдзе час, і Грузія сама асудзіць Саакашвілі».

Міхэіл Саакашвілі вярнуўся ў Грузію напярэдадні парламенцкіх выбараў. 1 кастрычніка яго затрымалі.

ГГ belsat.eu

Стужка навінаў