Польская мяжа. Лукашэнка падпаліў апошні мост

Руслан
Шошын
Журналіст польскай газеты "Rzeczpospolita"
Мігранты на беларуска-польскай мяжы, 8 лістапада 2021 г. Фота: Leonid Shcheglov / TASS / Forum

Лукашэнка, безумоўна, ужо зрабіўся часткай польскай штодзённай палітыкі. Беларускага дыктатара паказваюць па тэлебачанні, а ягонае прозвішча гучыць па ўсіх радыёстанцыях і трапляе на першыя старонкі газетаў. Калі Менск хацеў разрэкламаваць свой рэжым і асвяжыць увагу да беларускай тэмы ў Польшчы, то гэта дакладна ўдалося. Ды не толькі ў Польшчы – пра тысячы мігрантаў на беларуска-польскай мяжы пачуў ужо ўвесь Еўразвяз. У Польшчу прылятае кіраўнік Еўрапейскай Рады Шарль Мішэль, справа становіцца ўжо не толькі праблемай польска-беларускіх дачыненняў, але і праблемай Еўропы. А Лукашэнка з дыктатара суседняй краіны ператвараецца ў «агрэсара», бо ў Бруселі кажуць ужо менавіта пра «гібрыдную агрэсію» і выкарыстанне мігрантаў з Блізкага Усходу.

На мяжы з Беларуссю стаяць ужо 15 тысяч жаўнераў Войска Польскага, а яшчэ каля 8 тысячаў – памежнікі, паліцыянты і сілы спецыяльнага рэагавання. І відавочна, што Варшава, калі спатрэбіцца, перакіне на ўсход ад сталіцы палову сваёй арміі. Польскія ўлады перакананыя, што гаворка тут не пра міграцыйны крызіс і што сітуацыя на мяжы – спроба дэстабілізаваць краіну. Прапусціць праз мяжу тысячы людзей – гэта пачатак вялізнага крызісу, бо зʼявяцца гіганцкія чэргі, і Польшча можа ператварыцца ў перавалачны пункт на шляху мігрантаў у Заходнюю Еўропу. З такімі выклікамі дзяржава можа не справіцца, ды і ніхто ў Варшаве такога не дазволіць, бо ў Еўропе няма кансенсусу наконт тэмы мігрантаў, палітыка за апошнія гады змянілася. Таму застаецца будаваць высокі плот і адразаць Лукашэнкаву дыктатуру ад Еўропы.

Да мяжы з Беларуссю – восем кіламетраў. Рэпартаж з Падляшша, дзе абвешчанае надзвычайнае становішча

Калі гаворка ідзе пра абарону мяжы, то тут у Польшчы існуе кансенсус, што для польскай палітычнай рэчаіснасці даволі рэдкая з’ява. Правыя, левыя і нават памяркоўныя на адзін голас кажуць, што мяжу трэба ахоўваць усімі сродкамі і сіламі. Такі пасыл вынікае з вялікай дыскусіі, якая адбылася ў польскім Сейме ў аўторак. Польская апазіцыя не дамагалася адкрыцця мяжы і вяртання жаўнераў у казармы, але казала пра хутчэйшае завяршэнне ўсіх спрэчак Варшавы з Еўразвязам, далучэнне да працэсу NATO і міжнародных арганізацыяў.

Ніхто ў Варшаве не збіраецца таксама пераглядаць палітыку ў дачыненні рэжыму Лукашэнкі. А падобныя дзеянні на мяжы толькі ўзмацняюць аргументы прыхільнікаў больш жорсткіх падыходаў, эканамічных санкцыяў, гандлёвых абмежаванняў. Усё гучнейшыя галасы за абмежаванне гандлю, і калі сітуацыя будзе напружвацца, то рэжыму гэта можа дорага каштаваць, бо тавараабарачэнне Беларусі з Польшчай у першым паўгоддзі склала $ 2,5 млрд (больш за $ 1 млрд склаў экспарт у Польшчу).

Паліцыя разварочвае аўтамабілі прэсы і даглядае амаль што кожны аўтамабіль, які рухаецца ў кірунку мяжы. Польшча. 9 лістапада 2021 года. Фота: ЮШ / Белсат

Цікава і тое, што адзіным, хто адкрыта абвінаваціў урад у тым, што польская палітыка ў дачыненні Беларусі была памылковая, стаў эксцэнтрычны палітык Януш Корвін-Міке. Маўляў, Варшава «атакавала» Лукашэнку падчас мінулых выбараў, а ён «бараніў сваю незалежнасць» перад Масквой. У Варшаве адно палітычныя маргіналы кажуць пра тое, што ўрад павінен змяніць сваю палітыку ў дачыненні Менску і пайсці на нейкія саступкі. А пра тое, што дзеянні Лукашэнкі – гэта шантаж, адкрыта заявіў у аўторак прэмʼер Матэўш Маравецкі. Маўляў, калі Менск будзе выстаўляюць нейкія ўмовы, Польшча толькі ўзмоцніць бяспеку на сваёй мяжы. Казаў і пра адказнасць Расеі, і пра тое, што Польшча гатовая да розных сцэнароў у гэтай сітуацыі.

Прапагандысты Лукашэнкі заяўляюць, што ў Польшчы праз «міграцыйны крызіс» на мяжы пачнецца «палітычны крызіс». Сапраўдны ж і сур’ёзны крызіс пачаўся б тады, калі б урад у Варшаве пайшоў на нейкае пацяпленне стасункаў з Менскам, і гэта выдатна разумеюць у Варшаве. Тым больш, што за кратамі ў Беларусі з сакавіка сядзяць таксама асноўныя дзеячы польскай меншасці – Анджэліка Борыс і Анджэй Пачобут. І кожнае «пацяпленне» ці гандаль з рэжымам над іхнымі галовамі былі б непрымальныя для вялікай часткі польскага грамадства.

Загінулых мігрантаў прапанавалі пахаваць у Крушынянах, што блізу Кузніцы

Падавалася, што Лукашэнка спаліў ужо ўсе масты, але не, афіцыйны Менск падпаліў апошні – мяжу. Далей толькі спыненне грузапатоку і разрыў усіх дыпламатычных дачыненняў. Ці магчыма такое? Гісторыя дзеянняў уладаў Беларусі за апошні год паказвае: магчыма ўсё.

Руслан Шошын belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Падпісвайся на telegram Белсату

Больш матэрыялаў