«Гэта гандаль людзьмі». Шчырая размова з іракскім курдам


Дабан.
Фота: Белсат

Сярод нерэгулярных мігрантаў, якія рушаць у бок беларуска-польскай мяжы, людзі самых розных нацыянальнасцяў: сірыйцы, іракцы, курды. «Белсат» пагаварыў з іракскім курдам, які цяпер жыве ў Польшчы, каб даведацца: чаму ягоныя суайчыннікі гатовыя рызыкаваць жыццём, каб трапіць у Еўропу?

Даведка

Даведка

Курды – самы вялікі народ у свеце, які не мае ўласнай краіны. Курдыстан месціцца на тэрыторыі чатырох краінаў: Турцыі, Сірыі, Ірану і Іраку. Курдаў, паводле розных ацэнак, ад 30 да 40 млн чалавек. Прыкладна палова з іх жыве ў Турцыі і зазнае моцны пераслед: дзеці не могуць навучацца на курдскай мове, а яшчэ 30 гадоў таму за публічнае слуханне курдскіх песняў можна было быць забітым.

Курды Іраку: ад прыгнёту да аўтаноміі

Наш суразмоўца – Дабан. Яму 27 гадоў, ён ужо год жыве ў польскім горадзе Познань, дзе вучыцца на хіміка. Хлопец ахвотна распавядае пра свой народ, ягоныя традыцыі і адрозненні ад іншых.

«Курды этнічна і культурна вельмі розняцца ад туркаў і арабаў, мы – іранскі народ, роднасны персам. У нашым гімне нават ёсць радкі «Мы не падобныя да туркаў і арабаў!» – кажа Дабан.

Часы кіравання Садама Хусэйна былі вельмі змрочныя для курдаў – дыктатар выкарыстоўваў хімічную зброю супраць курдскіх пасяленняў, сотні тысячаў людзей былі прымусова вывезеныя і забітыя. Але пасля ваеннай інтэрвенцыі ЗША ў Ірак курды здолелі ўсталяваць аўтаномію.

«У нас свой урад, свае школы, свае выбары. Я нават не гавару па-арабску, бо ўсё было па-курдску», – кажа хлопец.

Дабан падкрэслівае, што спачатку аўтаноміі былі росквітам для курдаў – эканамічнае развіццё, усталяванне адносна дэмакратычнага рэжыму.

«Нават цяпер у іракскім Курдыстане можаш гаварыць што заўгодна пра палітыкаў, нават пратэставаць. Але ў 2011 годзе была вялікая хваля пратэстаў, некаторыя людзі нават былі забітыя тады. Усё-такі ўрад выкарыстоўвае гвалт. У нас «амаль дэмакратыя» – нельга перакрочваць некаторых лініяў», – кажа ён.

Аналітыка
«Лепшага шляху ў Еўразвяз цяпер няма». Чаму мігранты ідуць праз Беларусь, нягледзячы на небяспеку
2021.11.08 15:20

У 2014 годзе на тэрыторыю Курдыстану прыйшоў «Даіш», і краіна ізноў аказалася ўцягнутая ў ваенны канфлікт.

«Курдыстан цяпер – гэта краіна згубленых надзеяў. У нас вялікая карупцыя, ты не можаш нават пачаць нейкі бізнес, калі ты толькі не чыйсьці сын. Дзяржаўныя службоўцы не атрымоўваюць заробкаў месяцамі, напрыклад, у лістападзе ім заплацілі за сакавік! На нашых тэрыторыях шмат нафты, але гэта хутчэй праклён. Нашая нафта зрабіла багатымі каго заўгодна, апроч саміх людзей», – кажа Дабан.

І гэтая сітуацыя датычыць усяго Іраку. Краіну ад самага першага дня раздзіралі супярэчнасці: рэлігійныя, этнічныя, палітычныя.

«А калі ў краіне няма спакою і стабільнасці, то няўжо людзі не будуць хацець з’ехаць? Вось, напрыклад, як людзі з Беларусі?» – рытарычна запытвае Дабан.

Беларусь больш бяспечная, чым шлях морам

Традыцыйна ўцекачы з Блізкага Усходу дабіраліся да Еўразвязу інакш – часцей за ўсё праз Балгарыю, якая мяжуе з Турцыяй па зямлі, або па вадзе – тады ўжо яны прыбывалі ў Грэцыю або Італію.

«Абодва шляхі былі вельмі небяспечныя. Калі ты едзеш па зямлі – памежнікі не хочуць пускаць цябе, яны забіраюць грошы ў мігрантаў, збіваюць іх. А праз мора яшчэ больш небяспечна, неймаверна высокі шанец загінуць у дарозе, але калі ты перажываеш «падарожжа», то дакладна трапіш у краіну прызначэння. Логіка такая: калі ты выпраўляешся морам, то тут усё або нічога», – тлумачыць Дабан.

Фота прадстаўленае рэдакцыі

І вось на фоне гэтых добра вядомых і небяспечных шляхоў з’яўляецца новы – праз Беларусь.

«Патэнцыйныя ўцекачы ўспрымаюць шлях праз Беларусь як больш бяспечны – Беларусь не мае выхаду да мора. Але рэчаіснасць выглядае трохі інакш. І яе можна акрэсліць як гандаль людзьмі», – сумна падкрэслівае суразмоўца.

У Іраку цяпер таксама існуе процьма агенцтваў, якія дапамагаюць атрымаць візу ў Беларусь і ледзь не цалкам арганізоўваюць суправаджэнне да мяжы.

Жаданне лепшай долі

Хлопец падкрэслівае, што курдам уласцівы канфармізм – гэта частка іхнай культуры. Таму яны могуць бегчы ў Еўропу праз Беларусь толькі таму, што так робіць іхнае атачэнне. Людзі прадаюць усю маёмасць, залазяць у пазыкі, проста каб уцячы з краіны.

Але ёсць і людзі ў сапраўднай роспачы, якім небяспечна заставацца ў Курдыстане. Таму яны наважваюцца на такія дарагія і небяспечныя пярэбары.

«Некаторыя сапраўды не могуць знайсці аніякай працу, некаторыя з іх – журналісты або палітычныя актывісты», – кажа Дабан.

Легальна ўцячы ім, у адрозненні ад беларусаў, нашмат складаней. Візы грамадзянам Іраку атрымаць вельмі цяжка.

«Людзі мусяць чакаць некалькі гадоў, але яны мусяць уцякаць проста цяпер! – падкрэслівае Дабан. – Таксама курды не могуць паехаць у суседнія краіны. Турцыя не можа быць бяспечнай для курдаў, там яны і сёння пераследуюцца. Не кажучы пра Іран або Сірыю».

Фота прадстаўленае рэдакцыі

Чаму ж мігранты не могуць паспрабаваць знайсці працу за мяжою? Тут таксама сітуацыя не падобная да Беларусі.

«Я здолеў паступіць у польскі ўніверсітэт, бо вельмі старанна вучыўся, меў добрыя адзнакі і рупліва працаваў, каб назбіраць грошы. Не ўсе так могуць. Напрыклад, у мяне ёсць сябры-беларусы, якім польскі ўрад плаціць стыпендыю проста таму што яны беларусы! Нічога такога для курдаў няма. Ды і атрымаць еўрапейскую візу для грамадзянаў Іраку вельмі складана. Напрыклад, я некалькі гадоў спрабаваў атрымаць польскую студэнцкую візу, хоць мяне ўжо залічылі ва ўніверсітэт».

«Яны думаюць, што памруць. Чаму б не рызыкнуць?»

У беларускім інтэрнэце даволі папулярныя былі кадры, дзе маладыя мужчыны спрабуюць прабіць плот на мяжы проста бервяном.

«Так, людзі на мяжы могуць быць агрэсіўнымі. Але з якой перспектывы хтосьці можа асуджаць людзей? Яны ў вельмі кепскай сітуацыі. Я чуў рэальныя гісторыі, калі іх змушалі праходзіць праз рэкі ў холад. Уцекачы мусілі праводзіць некалькі дзён без ежы. Таму такія рэакцыі даволі заканамерныя. Яны думаюць, што яны могуць памерці, чаму б не рызыкнуць? Чаму б не паспрабаваць абараніць сябе? Гэта можа выглядаць як агрэсія, але за гэтым хаваецца шмат прычынаў», – кажа Дабан.

Таксама ён адзначае, што ментальнасць людзей з Блізкага Усходу адрозніваецца ад еўрапейскай.

«Тут людзі вельмі мірныя, мілыя, добрыя. Але яны ніколі не былі ў сітуацыях, якія напаткалі нашых людзей! Вядома, было б файна, каб мы таксама так сябе паводзілі, але… Усе твары на вуліцах у Курдыстане вельмі сумныя, людзі пастаянна наракаюць на палітыку», – з жалем зазначае ён.

Рэпартаж
Да мяжы з Беларуссю – восем кіламетраў. Рэпартаж з Падляшша, дзе абвешчанае надзвычайнае становішча
2021.11.10 10:30

Плынь мігрантаў – win-win situation

Чаму мігранты не імкнуцца заставацца ў Польшчы? Дабан зазначае, што гэта відавочна. Паводле яго, Польшча адносна небагатая краіна, адкуль з’язджае шмат палякаў.

Але прычына не толькі ў гэтым.

«Шмат хто з мігрантаў мае высокія чаканні і ўяўленне пра сябе. Можа, таму я ніколі не чуў ад кагосьці, каб хтосьці ўвогуле хацеў застацца ў Польшчы. Усе хочуць паехаць у Нямеччыну або Вялікую Брытанію. Там вельмі добрая эканамічная сітуацыя, і людзі здолеюць уладкаваць сваё жыццё праз дзесяць гадоў нашмат лепш, чым у Польшчы. За такі тэрмін там можна «вярнуць» грошы, якія выдаюцца на шлях туды. Я ведаю жанчын, якія ўцяклі ў Нямеччыну шэсць гадоў таму, атрымалі прытулак, вывучылі нямецкую мову і цяпер працуюць як медсёстры», – распавядае хлопец.

Дабан сцвярджае, што плыня мігрантаў – гэта win-win situation. Мігранты з Блізкага Усходу шукаюць лепшага жыцця, а заходнім краінам патрэбныя працоўныя рукі.

«Паводле Дэкларацыі правоў чалавека кожны чалавек можа выбіраць сабе месца для жыцця. Але на практыцы выглядае крыху інакш», – зазначае ён.

Як можна развязаць крызіс на мяжы? У Дабана няма адназначнага адказу:

«Гэта вельмі цяжкае і складанае пытанне. Напэўна, каб людзі перасталі мерзнуць і пакутаваць, заціснутыя на мяжы, уладам Беларусі трэба перастаць выдаваць ім візы. Але гэта не вырашыць праблемаў, з-за якіх яны бягуць».

Аналітыка
Тлумачым, чаму мігранты ідуць праз Беларусь на Нямеччыну і што кажуць улады
2021.11.10 07:00

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Стужка навінаў