Прадстаўнікі Пераходнага кабінету прэзентавалі справаздачу аб дзейнасці


Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі, згодна з прынятаю Пастановаю № 2 ад 22 верасня, паведамляе, што прадстаўнікі Кабінету выканалі пастаўленыя перад імі задачы.

Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі.
Фота: CabinetBelarus/Telegram

У перыяд з 22 верасня да 5 кастрычніка прадстаўнікі АПК зрабілі наступнае.

Прадстаўнік у справе законнасці і правапарадку Аляксандр Азараў праінфармаваў Кабінет пра ступень гатовасці мабілізацыйнага плану «Перамога» і вызначэнне яго галоўных прадпісанняў для ўдзельнікаў. Кабінет пастанавіў узмоцнена інфармаваць насельніцтва Беларусі пра асноўныя палажэнні плану «Перамога» і ролю грамадзянаў у ім.

Прадстаўнік у справе абароны і нацыянальнай бяспекі Валерый Сахашчык прапанаваў захады для наладжвання сталага ўзаемадзеяння Кабінету са згуртаваннямі беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць на баку Украіны, і надання ім рознабаковай дапамогі. Дакумент з прапанаванымі захадамі прызначаны для службовага карыстання і не падлягае распаўсюду ў поўным аб’ёме.

Прадстаўнік у справе транзіту ўлады Павел Латушка распавёў пра вынікі працы з беларускімі дзяржаўнымі службоўцамі, якія выявілі гатовасць падтрымаць дэмакратычныя змены, і прапанаваў да разгляду канцэпцыю «Кадравы рэзерв Новай Беларусі». Яна прадугледжвае адбор і навучанне работнікаў дзяржаўнага апарату для пераходнага перыяду. Таксама былі прапанаваныя варыянты палажэння, якое рэгламентуе прыняцце на службу, прысваенне воінскіх, спецыяльных званняў і класавых чыноў.

Прадстаўнік у замежных справах Валер Кавалеўскі прапанаваў захады да новай мабілізацыі міжнароднай дапамогі для дзейнасці Пераходнага кабінету і беларускай грамадскасці ў справе абароны незалежнасці і суверэнітэту Беларусі. Былі вызначаныя прыярытэтныя напрамкі міжнароднай супрацы Беларусі: умацаванне стасункаў з Украінаю, здабыццё падтрымання дэмакратычных краінаў і міжнародных арганізацыяў на пераходны перыяд.

Таксама Валер Кавалеўскі прэзентаваў Кабінету канцэпцыю перагляду дамоўна-прававой базы дачыненняў Беларусі з Расеяй, што прадугледжвае скасаванне дамоваў, што шкодзяць нацыянальнаму суверэнітэту і незалежнасці Беларусі. Найперш плануецца, што ў лік такіх увойдуць дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, аб уваходжанні ў АДКБ і аб вайсковай супрацы з Расеяй, што зробіцца першым этапам скасавання расейскай вайсковай прысутнасці на тэрыторыі Беларусі.

ВІДЭА
Святлана Ціханоўская: Мы рыхтуем нашых партызанаў
2022.10.06 18:02

Лідарка дэмакратычных сілаў Беларусі Святлана Ціханоўская абвесціла пра стварэнне Аб’яднанага пераходнага кабінету падчас канферэнцыі «Новая Беларусь» 9–10 жніўня 2022 года ў Вільні. Першыя асноўныя кандыдатуры яна прызначыла тэрмінам на 6 месяцаў. Гэта прадстаўнік у справе транзіту ўлады Павел Латушка, прадстаўнік у спрапве аднаўлення правапарадку Аляксандр Азараў, прадстаўнік у замежных справах Валер Кавалеўскі і прадстаўнік ў справе абароны і нацыянальнай бяспекі Валерый Сахашчык.

Пазней да Кабінету далучыліся Таццяна Зарэцкая – прадстаўніца ў справе фінансаў і эканомікі ды Аліна Коўшык – прадстаўніца ў пытанні нацыянальнага адраджэння.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў