«Не трэба забіраць у чалавека мару пра вяртанне дамоў». Размова з псіхолагам пра перажыванне эміграцыі


Тэма эміграцыі сталася адною з самых актуальных для беларусаў цягам апошніх двух гадоў. Прычым найчасцей – эміграцыі вымушанай, этапы перажывання якой моцна адрозніваюцца ад запланаванага пераезду ў іншую краіну. Пагутарылі з псіхолагам Наталляю Скібскаю пра тое, як мы пражываем эміграцыю, у чым падабенства да праходжання праз этапы перажывання страты, што лепш – інтэгравацца ў мясцовае грамадства ў новай краіне і адрэзаць сабе шлях дамоў ці і за мяжою працаваць на мару пра вяртанне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Cottonbro / Pexels

Эміграцыя вяртае чалавека ў час дзіцячай бездапаможнасці

– Спадарыня Наталля, што значыць эміграцыя для чалавечай псіхікі, як яна ўспрымаецца?

– Гэта перш за ўсё моцны стрэс. Паводле шкалы стрэсу, эміграцыя ў сукупнасці фактараў павялічвае рызыку дэпрэсіі да 80–100 %. Нават калі чалавек проста пераязджае з адной кватэры ў іншую, гэта можа на яго негатыўна ўплываць. А эміграцыя – гэта вельмі вялікая змена ў жыцці, калі яго трэба перабудоўваць наноў.

Найбольшы стрэс эміграцыя прыносіць тады, калі чалавек пераязджае ў зусім іншае асяроддзе, іншую культуру, дзе людзі гавораць незнаёмаю мовай. Асвойваць новую мову няпроста. Чалавек нібы вяртаецца ў час, калі ён быў дзіцём і яшчэ не меў дастатковых моўных магчымасцяў, каб усё навокал разумець, а таксама распавесці пра свае патрэбы. Нават калі чалавек перад пераездам вучыў мову, у самым пачатку ў новай краіне ён можа яшчэ не вельмі добра яе на слых успрымаць, не ўсе кантэксты разумее. Таму чалавек па-дзіцячаму разгублены, адчувае сябе ўразлівым, бездапаможным. Вось ты быў дарослым, разумным чалавекам, а цяпер не можаш патлумачыць элементарных рэчаў, не разумееш людзей навокал. У гэтай сітуацыі нібы вяртання ў дзяцінства могуць уздымацца нават дзіцячыя траўмы.

Праз якія цяжкасці праходзяць эмігранты

– Акрамя новай мовы, што самае цяжкае ў эміграцыі?

– У эміграцыі чалавек найчасцей сутыкаецца з пагаршэннем сацыяльнага становішча. Калі ты, напрыклад, працаваў кіроўцам і паехаў за мяжу на такую ж працу, – гэта адно. Але калі ў цябе была нейкая ўласная справа, высокае прафесійнае становішча, то за мяжою ты на сацыяльным ліфце падаеш, і гэта вельмі балюча. Гэта параза, якая цяжка перажываецца. Бо ўсё жыццё працуеш, каб нечага дамагчыся, а тут апынаешся ў сітуацыі, калі ты ніхто, зваць цябе ніяк і ўсё трэба пачынаць наноў. Рэпутацыі няма, цябе ніхто не ведае. Гэта вельмі складана.

Парушаюцца сацыяльныя сувязі, найперш з сябрамі, сваякамі, якія засталіся на радзіме. Чалавеку патрэбная камунікацыя, бо ў ёй мы атрымліваем энергію ад іншых людзей. У эміграцыі ў першы час гэтай энергіі няма, бо няма дачыненняў. Гэта складана. Шмат у каго з нас ёсць праблемы з усталяваннем новых стасункаў нават сярод сваіх, на радзіме, што ўжо казаць пра новую краіну. А старыя нават самыя лепшыя сябры з часам пачынаюць усё менш тэлефанаваць. Гэтыя сувязі разбураюцца, нават калі людзі робяць нейкія намаганні, каб іх падтрымліваць.

Яшчэ больш складаная сітуацыя, калі чалавек пераязджае з сям’ёй, дзецьмі. Тут накладаюцца перажыванні і адказнасць за дзяцей. Для сем’яў эміграцыя – сур’ёзны іспыт, бо не ўсе могуць быць апорай адно аднаму. На паверхню могуць вылезці старыя крыўды, пачуццё віны, і гэта будзе вельмі ўскладняць жыццё.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Polina Zimmerman / Pexels

У эмігрантаў можа быць розны матэрыяльны і фінансавы статус. Адна справа, калі мы кажам пра запланаваную эміграцыю. А ў выпадку вымушанай людзі часцей за ўсё едуць за мяжу ўвогуле без нічога. Можа не быць грошай нават на першы час. Яшчэ ўчора ў цябе было ўсё, ты жыў нармалёвым жыццём, хадзіў па кавярнях, рэстарацыях, а тут у цябе няма нічога і няма за што купіць. Гэта вельмі вялікая фрустрацыя.

У гэтай сітуацыі яшчэ адзін стрэсавы чыннік – неабходнасць прасіць дапамогі. Гэта вельмі ўразліва для нашага пачуцця годнасці. Шмат хто з нас увогуле не ўмее звяртацца па дапамогу. Нават пазыку людзі не могуць прасіць, не кажучы ўжо пра ахвяраванні, пра тое, каб табе дапамаглі проста за тое, што ты ёсць. Я ведаю сітуацыю, калі чалавеку не было дзе жыць за мяжой, і ён пайшоў на чыгуначны вакзал. Калі дыяспара даведалася, яму пачалі дапамагаць. Але тыдзень ці два чалавек пражыў на вакзале.

«Вымушаная эміграцыя – калі з каранямі выдралі з роднай глебы і кінулі ў чужую»

– Як адрозніваецца перажыванне запланаванай і вымушанай эміграцыі?

– Калі чалавек плануе пераезд, у яго звычайна ёсць нейкія веды пра новую краіну, меркаванні, спадзяванне, што там будзе лепш. Людзі выбіраюць сабе лепшае месца, чым тое, у якім яны жылі раней, таму першым этапам будзе тая самая славутая эйфарыя, рамантызацыю пераезду, захапленне і вылучэнне толькі добрых бакоў у новай краіне. Ужо потым, праз час, чалавек пераходзіць на іншыя стадыі: сум, расчараванне, магчыма, дэпрэсія і прыняцце.

Калі чалавек быў вымушаны з’ехаць, яго быццам выдралі з каранямі з роднай глебы і кінулі ў іншую, чужую. Ён ужо адразу ў роспачы і суме, нават калі спачатку адчувае палёгку ад таго, што ўцёк ад небяспекі. Чалавек не жадаў сам з’язджаць, гэта не быў ягоны выбар, і гэта вельмі складана перажываецца. У такой сітуацыі адразу пасля палёгкі ты пагружаешся па самую галаву ў сум і пакутуеш.

Перажыванне вымушанай эміграцыі можна параўнаць з перажываннем страты. Увогуле, эміграцыя сама па сабе – гэта заўсёды страта: радзімы, сувязяў, пачуцця дому, сяброў. Вымушаная – гэта раптоўная страта.

Важна сказаць, што этапы перажывання страты не заўсёды ідуць у тым класічным парадку, пра які мы ўсе ведаем: адмаўленне, гандаль, гора, дэпрэсія, прыняцце. Чалавек, напрыклад, можа быць у дэпрэсіі, а потым зноў вярнуцца да стадыі гневу. У такіх выпадках працэс зацягваецца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Shvets Production / Pexels

Як дапамагчы сабе? Сябры, бяспечнае асяроддзе, псіхолаг

– Як з усім гэтым справіцца?

– У выпадку вымушанай эміграцыі мы губляем нешта вельмі нашае: сяброўства, радзіму, нашыя так званыя нутраныя аб’екты. Мы губляем насамрэч часткі сябе. Каб гэта перажыць, нам трэба знайсці нейкія новыя сэнсы ў тым, што адбылося. Гэта не значыць, што мы думаем: як добра, што гэта адбылося, гэта зрабіла мяне мацнейшым. Не. Эфектыўней думаць, што незалежна ад таго, што нешта адбылося, я гэта перапрацаваў і зразумеў: нават у такой сітуацыі я магу адаптавацца.

Пра тое, што чалавек сапраўды адаптаваўся, сведчыць прыняцце сітуацыі, калі яна робіцца часткай ягонай гісторыі: у мяне ў жыцці гэта было, так, гэта можа больш-менш балець, але я магу пра гэта гаварыць.

Важна, каб было добрае, бяспечнае асяроддзе, сябры, якія цябе зразумеюць. І яны могуць быць таксама ў падобнай да тваёй сітуацыі, але маюць рэсурсы быць з табой і разам перажываць. Гэта можа быць псіхолаг, да якога ты прыходзіш, і ён цябе выцягне з гэтай глыбіні суму. Ён дае табе зразумець: ты туды можаш паплысці, калі што, я цябе адтуль выцягну. Гэтак я і раю рабіць, бо гэта лепш, чым адкладаць. Адкладзеныя пачуцці заўсёды адбіваюцца на нашым фізічным стане. Таму, вядома, лепш хадзіць на тэрапію ці збірацца на размову ў асяроддзі, якое цябе падтрымае, дзе адзін можа праваліцца, а іншыя яго выцягнуць. Не трэба класціся ўдома ў ложак і сумаваць. З гэтага ложка можна і не ўстаць.

Яшчэ важна разумець, што калі ты ў складаных перажываннях, гэта не азначае, што ты не жывеш. Гэта таксама жыццё. Вельмі добра засяроджвацца на тым, што можна зрабіць тут і цяпер. Тым больш калі мы кажам пра эмігрантаў, то ў іх перавага ў тым, што іхнае тут і цяпер даволі бяспечнае. Яны пазбеглі пагрозы, яны могуць выдыхнуць, а потым ісці далей па жыцці. Як кажуць, «shit happens», але гэта не перакрэслівае ўсяго жыцця. Яно ідзе далей.

«Казаць, маўляў, вось вы з’ехалі, дык і сядзіце там, нават абразліва»

– Якая стратэгія перажыць эміграцыю лепшая: цалкам інтэгравацца ў новае асяроддзе і абарваць сувязі з радзімаю ці працягваць камунікаваць са сваймі, з дыяспараю?

– Тут усё па-рознаму. Хтосьці добра сябе адчувае, калі не траціць сувязяў з радзімаю, з беларускасцю. А ёсць такія людзі, якія з’язджаюць і больш не хочуць мець нічога агульнага з радзімай. Але гэта больш пра тых, якія плануюць сваю эміграцыю. А калі мы кажам пра тых, хто быў вымушаны з’ехаць, то для іх вартасць радзімы, сваёй суполкі вельмі высокая, і яны не жадаюць цалкам інтэгравацца ў мясцовае грамадства. І ў іхным выпадку насамрэч, можа, і не трэба. Адаптавацца трэба ў тым асяроддзі, у якім ты хочаш быць. Кожны мае права сам выбіраць свой шлях, на якім яму будзе лепей. Зацягнуць у шчасце нікога немагчыма, і дзе ў каго шчасце, мы не можам ведаць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Shvets Production / Pexels

– Вельмі часта можна пачуць ад беларусаў, якія былі менавіта вымушаныя эміграваць, што яны ў новых краінах часова і абавязкова вернуцца, чакаюць гэтага моманту. Наколькі гэта карысна – жыць у такім рэжыме чакання? Мо ўсё ж трэба некалі пачынаць будаваць сваё жыццё на новым месцы?

– Ёсць людзі, якія праз некаторы час за мяжою кажуць, што не вернуцца, ужо адаптаваліся, у іх сваё новае жыццё. І гэта нармальна. А хтосьці жыве з думкаю пра вяртанне і працуе на гэтую мару. Дык і навошта яе забіраць? Часта гэтая думка пра вяртанне, нават праз час, дапамагае чалавеку трымацца. Я б не забірала гэтага ў людзей. Пачытаеш некаторых беларусаў – вось вы з’ехалі і ўсё, сядзіце там. Гэта нават абразліва гучыць. Не, выбачайце, гэта мая краіна, мая радзіма, і я сам буду вызначаць, пра што мне марыць і куды імкнуцца.

Калі трэба абавязкова звяртацца па дапамогу, і чым эмігранты дапамогуць будучай Беларусі

– Якія званочкі сведчаць, што чалавек не дае рады з перажываннем эміграцыі, што яму трэба дапамога?

– Калі разладжваецца сон, няма апетыту, чалавек забываецца паесці, яму робіцца абыякавым парадак у хаце. Бо якая чысціня ў доме, калі такое ў свеце адбываецца? Але не, калі вы перастаяце пра сябе дбаць, напрыклад, калі жанчына заўсёды карысталася макіяжам, а потым перастала гэта рабіць, то трэба звярнуць увагу, што нешта адбываецца. Ці калі чалавек забывае памыцца, перастае звяртаць увагу, як ён апрануты. Гэта ўсё сімптомы дэпрэсіі. Ці калі не можа кантраляваць сваіх паводзінаў, яго ўвесь час цягне ці есці, ці глядзець навіны. Калі гэта ператвараецца ў абсесію.

Калі зранку не можаш устаць з ложка і гэтак сябе кепска адчуваеш ужо тыдзень, два, тры, чатыры, ляжыш і не маеш сілаў падняцца, ледзь валачэш ногі, пераследуюць сны і навязлівыя думкі. У такіх выпадках трэба ісці па дапамогу.

Важна ведаць, што можа быць балюча, пазбегнуць болю немагчыма. Цяпер усім балюча. Але боль не павінен ператварацца ў пакуты. Трэба шукаць такі шлях, каб нават у цяперашні складаны і страшны час заставалася энергія жыцця, хоць дробныя радасці. Бо інакш няма сэнсу жыць.

Трэба дбаць пра сябе, адаптавацца, рабіцца незалежным. Чым лепей адаптаваныя ў іншае асяроддзе будуць беларусы, якія з’ехалі, тым больш незалежныя ментальна і псіхічна яны будуць ад уладаў Беларусі. І тады яны змогуць зрабіць свядомы выбар – застацца ці вярнуцца. Вяртанне будзе дарослым выбарам, а не праз залежнасць і дзіцячае бяссілле, калі ты паварочваеш назад, бо не ведаеш, дзе яшчэ можаш схавацца ад свету, які пужае. Таму хай адаптуюцца беларусы. Трэба быць моцнымі, добра стаяць на сваіх нагах. Менавіта такія беларусы змогуць нешта добрае зрабіць для радзімы, калі гэта стане магчымым. Толькі з досведам свабоды і незалежнасці можна будзе пабудаваць свабодную і незалежную краіну.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў