Еўрапейскія амбасадары ў Беларусі выступілі за адмену смяротнага пакарання


Томаш Пярніцкі.
Фота: dp.spring96.org

З нагоды Міжнароднага дня супраць смяротнага пакарання, які адзначаецца 10 кастрычніка, еўрапейскія дыпламаты ў Беларусі выказаліся за яго адмену. Пра гэта паведамляе сайт кампаніі супраць смяротнага пакарання ў нашай краіне.

Гэтак, амбасадарка Вялікай Брытаніі ў Беларусі Джаклін Пэркінз падкрэсліла, што «ні адна чалавечая сістэма правасуддзя не з’яўляецца бездакорнай».

«Часам здзяйсняюцца памылкі і асуджаюцца невінаватыя людзі. Гэта можа адбыцца дзе заўгодна, але ў краінах, дзе смяротнае пакаранне ўсё яшчэ ўжываецца, такія трагічныя памылкі немагчыма выправіць. Гэта адна з прычын, па якой Вялікай Брытанія выступае супраць смяротнага пакарання незалежна ад абставін», – сказала яна, заклікаўшы «краіны, у якіх захоўваецца смяротнае пакаранне, увесці мараторый або, у ідэале, цалкам адмяніць смяротнае пакаранне».

Са зваротам выступіў і кіраўнік прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Дырк Шубэль:

«Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, якая ўжывае смяротнае пакаранне. Улады заўсёды скупа паведамлялі аб пакараннях, аднак у апошні час гэта працэдура стала яшчэ больш сакрэтнай. Часта нават семʼям зняволеных не даюць даведацца, ці былі пакараныя іх асуджаныя на смерць сваякі, і калі так, то хто з іх жывы, а хто не. Да гэтага часу незразумела, ці быў пакараны ў жніўні ці верасні Віктар Скрундзік, асуджаны на смерць у сакавіку 2020 года, бо на гэта намякаюць толькі неадназначныя паведамленні дзяржаўнага тэлебачання. Сваякі іншага асуджанага да смяротнага пакарання, Віктара Паўлава, лічаць, што яго «хутчэй за ўсё» пакаралі смерцю да чэрвеня гэтага года, але афіцыйнага пацвярджэння яны не атрымалі.

Свет сфармуляваў з тузін моцных аргументаў супраць смяротнага пакарання, таму, побач з катаваннем і рабствам, яно павінна быць незваротна выдалена з сістэмы правасуддзя ўсіх грамадстваў, у тым ліку, вядома, беларускага».

Амбасадар Францыі ў Беларусі Нікаля дэ Лякост падкрэсліў, што «Францыя разглядае смяротнае пакаранне як жорсткае і бесчалавечнае стаўленне».

Амбасадар Швейцарыі Клёд Альтэрмат у сваім звароце адзначыў, што ягоная краіна «пацвярджае сваю цвёрдую прыхільнасць» падтрымліваць тэндэнцыю да адмены вышэйшай меры пакарання ва ўсім свеце.

Амбасадарка Швецыі Крыстына Юганнэсан заклікала «Рэспубліку Беларусь далучыцца да еўрапейскіх краін і адмяніць смяротнае пакаранне».

«Глабальная адмена важная для абароны чалавечай годнасці і пазбягання непапраўнай шкоды, якую яно наносіць, асабліва з улікам таго, што ні адна судовая сістэма не бездакорная», – гаворыцца ў заяве амбасады Славеніі ў Беларусі.

Далучыўся да акцыі беларускіх праваабаронцаў і амбасадар Чэхіі ў Беларусі Томаш Пярніцкі.

Інтэрв’ю
Як родныя і праваабаронцы даведваюцца пра выкананне смяротных прысудаў у Беларусі
2021.10.10 16:08

МГ belsat.eu

Стужка навінаў