Збройныя сілы Украіны працягваюць упэўнены наступ на шэрагу кірунках. Такія звесткі агучвае амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) і Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі.
Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) выказвае перакананне, што ЗСУ могуць знішчыць расейскія пазіцыі вакол Ізюма.
«Украінскія войскі 9 верасня працягнулі наступленне на Куп’янск і ў бок Ізюма, і прымаюць захады па ізаляцыі расейскай групоўкі сіл. Калі ўкраінцам атрымаецца разарваць наземныя лініі сувязі войскаў РФ, то яны будуць мець магчымасць стварыць кацёл вакол Ізюма і разбурыць значную частку расейскіх пазіцыяў на паўночным усходзе Украіны», – гаворыцца ў справаздачы ISW.
Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі паведамляе, што ўкраінскія падраздзяленні вызваляюць горад Куп’янск. У Лондане лічаць, што ЗСУ заспела расейцаў знянацку.
Пазней дарадца старшыні Харкаўскага аблсавету Наталля Папова пацвердзіла вызваленне Куп’янску ад захопнікаў.
У медыях з’явілася інфармацыя, што расейскія войскі пакінулі Ізюм і спешна адступаюць за раку Аскол, каб пазбегнуць акружэння. Падчас адступлення яны пакідаюць усю тэхніку і ўзбраенне, склады з боепрыпасамі.
Афіцыйнай інфармацыі пра гэта пакуль няма.
Генштаб Украіны сціпла паведамляе пра поспехі ўкраінскіх абаронцаў на Харкаўшчыне. ЗСУ адсунулі ворага на 50 кіламетраў. Уладзімір Зяленскі распавёў пра вызваленне 30 населеных пунктаў.
Алена Аляксандрава belsat.eu