Зяленскі шукае новага міністра абароны. Сярод кандыдатаў – меркаваны пляменнік кіраўніка МУС Беларусі


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі шукае замену міністру абароны Аляксею Рэзнікаву. На сённяшні дзень на пасаду ёсць два кандыдаты, і адзін з іх – меркаваны пляменнік міністра ўнутраных справаў Беларусі Івана Кубракова.

Іван Кубракоў і Аляксандр Кубракоў. Калаж: znaj.ua

Цяперашні міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў, хутчэй за ўсё, будзе адпраўлены ў адстаўку, піша «Украінская праўда». Паводле выдання, Зяленскі шукае кандыдата на ягоную пасаду і ўжо размаўляў пра гэта з двума асобамі з ураду.

Першы – міністр па пытаннях стратэгічных галінаў прамысловасці Украіны Аляксандр Камышын, другі – віцэ-прэм’ер-міністр па аднаўленні Украіны Аляксандр Кубракоў.

Пра Аляксандра Кубракова ўкраінскія і беларускія медыі раней пісалі, што ён – пляменнік міністра ўнутраных справаў Беларусі Івана Кубракова. Аляксандр – сын старэйшага брата Івана Кубракова Мікалая, які таксама служыў у міліцыі ў Менску. Нібыта па ягоных слядах пайшоў цяперашні кіраўнік беларускай міліцыі, калі паступіў у Акадэмію МУС Беларусі.

Аляксандр Кубракоў ніколі не казаў публічна пра свайго беларускага сваяка, аднак, як пісалі ўкраінскія медыі, калі быў кіраўніком «Укравтодора», для будаўніцтва дарог ва Украіне прыцягваў беларускія дзяржаўныя кампаніі, якія нібыта негалосна курыраваў ягоны дзядзька. Сярод гэтых кампаніяў былі «Белаўтадар», «ДБТ №4 г.Берасця» і іншыя.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў