Павольнае задушванне эканомікі: наступствы новай хвалі санкцыяў супраць Беларусі


На гадавіну сфальсіфікаваных выбараў і пачатку маштабных рэпрэсіяў у Беларусі ЗША, Канада і Вялікая Брытанія ўхвалілі новыя санкцыі супраць уладаў у Менску. Абмежавальныя захады ўведзеныя, у прыватнасці, супраць «Белавіі», якая і так ледзь ліпіць пасля ранейшых рэстрыкцыяў. «Белсат» разбіраўся, ці стануцца новыя санкцыі адчувальнымі для тых, хто пад іх трапіў.

Государственный флаг Беларуси, красно-зеленый флаг
Дзяржаўны сцяг. Менск, Беларусь. 20 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

ЗША, Канада і Вялікая Брытанія амаль сінхронна абвесцілі пра новыя санкцыі супраць Беларусі.

Як заявілі ў амерыканскім Міністэрстве фінансаў, абмежаванні ўведзеныя «ў звязку з трэцяю гадавінаю сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе і жорсткімі рэпрэсіямі супраць пратэстоўцаў». Пры гэтым санкцыі скіраваныя таксама на арганізацыі, датычныя да суўдзелу ў вайне ва Украіне і да «ўзбагачэння лідара рэпрэсіўнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі», адзначаюць у паведамленні ведамства.

Hавiны
У гадавіну выбараў у Беларусі ЗША пашырылі санкцыі супраць афіцыйнага Менску
2023.08.09 21:01

У чорны спіс ЗША залучаныя:

  • Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржаўнага кантролю;
  • «Белавія»;
  • Менскі завод цывільнай авіяцыі № 407;
  • Беларускі металургічны завод;
  • «Bel-Kap-Steel» (амерыканскае супольнае з БМЗ прадпрыемства);
  • самалёт «Bombardier CRJ-200ER» з бартавым нумарам EW-301PJ (лайнер, паводле звестак ЗША, выкарыстоўваюць «высокапастаўленыя беларускія чыноўнікі і сямейнікі лідара рэжыму»);
  • генеральны дырэктар Беларускага металургічнага заводу Дзмітрый Корчык;
  • сямейнікі Аляксея Алексіна – бізнесоўца, набліжанага да Лукашэнкі: жонка Іна, сыны Дзмітрый і Віталь;
  • кіраўнік Дэпартаменту фінансавых расследаванняў Ігар Маршалаў, ягоныя намеснікі Ігар Сяліцкі і Дзмітрый Францкевіч, а таксама работнік дэпартаменту Арцём Дунько.

Акрамя таго, пад санкцыі трапіў 101 дзяржаўны чыноўнік і звязаныя з імі асобы, у тым ліку некалькі суддзяў. Ім забаронена заязджаць у ЗША. Спісу пакуль не апублікавалі.

«Разам з нашымі партнёрамі і саюзнікамі мы працягнем намагацца, каб рэжым заплаціў за жахлівае стаўленне да сваіх грамадзянаў і каб нашыя абмежаванні ў адказ на агрэсію Расеі нельга было абысці з дапамогаю Беларусі», – заявіў намеснік міністра фінансаў ЗША Браян Нэлсан.

Hавiны
Еўразвяз: Лукашэнка стаў пагрозай міжнароднай бяспецы
2023.08.08 15:05

Канада назвала свае санкцыі адказам на грубыя ды сістэматычныя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, што не спыняюцца, а таксама на суўдзел у вайне ва Украіне.

У канадскім чорным спісе цяпер:

  • Міністэрства абароны Беларусі;
  • Унутраныя войскі МУС;
  • дабрачынны фонд Аляксея Талая;
  • «БелОМА»;
  • прадпрыемства «Абаронныя ініцыятывы»;
  • кампанія «ATE – Engineering»;
  • 2566-ы завод для рамонту радыёэлектроннага ўзбраення;
  • кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант;
  • кіраўнік упраўлення прафілактыкі МУС Алег Каразей;
  • суддзя суда Ленінскага раёну Менску Алена Літвіна;
  • камандзір 116-й гвардзейскай штурмавой авіяцыйнай базы Аляксандр Крывец;
  • Аляксей Талай, якога вінавацяць у дэпартацыі дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Украіны;
  • старшыня Гарадзенскага абласнога выканкаму Уладзімір Каранік;
  • Ганна Пушкарова, паплечніца Віктара Шэймана;
  • дзеці Віктара Шэймана Сяргей і Вольга.

«Канада будзе працягваць супрацу з партнёрамі, каб голас народу Беларусі быў пачуты, каб прыцягнуць да адказнасці тых, хто вінаваты ў падрыве дэмакратыі і здушэнні свабоды медыяў, парушэнні правоў чалавека, хто падтрымоўвае вайну ва Украіне», – адзначылі ў МЗС краіны.

Абноўлена
Вялікая Брытанія ўвяла дадатковыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі
2023.08.08 14:55

Пры гэтым у Вялікай Брытаніі пашырэнне санкцыяў абгрунтавалі толькі вайною ва Украіне – рэпрэсіяў у Беларусі не згадалі. Беларускія прадпрыемствы апынуліся ў адной кампаніі з іншымі юрыдычнымі асобамі, звязанымі з расейскім абаронна-прамысловым комплексам і з дапамогаю ў агрэсіі.

У санкцыйныя спісы Вялікай Брытаніі трапілі:

  • «БелОМА»;
  • Гомельскі радыёзавод;
  • «Пеленг»;
  • Аршанскі авіярамонтны завод;
  • 2566-ы завод для рамонту радыёэлектроннага ўзбраення;
  • «Kidma Tech».

«Гэтым пакетам санкцыяў Вялікая Брытанія робіць наступныя крокі ў барацьбе з краінамі, што актыўна падтрымоўваюць Пуціна пастаўкамі зброі і вайсковых кампанентаў у Расею», – гаворыцца ў заяве міністра замежных справаў Джэймза Клэвэрлі.

«Гульня ў ката і мышку»

Гэтыя, як і ранейшыя, санкцыі не здольныя за адзін момант збанкрутаваць якое-кольвек прадпрыемства або назаўсёды разбурыць лагістычныя ланцужкі паставак, адзначае ў размове з «Белсатам» дырэктарка міжнароднага аналітычнага цэнтру «GLOBSEC Policy Institute» Алена Кудзько. Аднак бясспрэчна, што праца пад абмежаваннямі ўскладняецца:

«Беларуская эканоміка не разваліцца заўтра ад ухваленых санкцыяў, але эканамічная дзейнасць стане яшчэ больш складанаю. Натуральна, усё гэта можна абыходзіць праз іншыя краіны і пасярэднікаў. Не бывае жалезабетонных санкцыйных рэжымаў. Але абыход санкцыяў патрабуе часу і дадатковых выдаткаў».

Важную ролю тут адыгрываюць другасныя санкцыі, калі пагражае пакаранне за супрацу з кампаніямі, супраць якіх уведзеныя рэстрыкцыі.

«ЗША вельмі старанна спрабуюць перакрываць магчымасці абыходу, у тым ліку размаўляюць з такімі краінамі, як Сінгапур, Турцыя, Казахстан, ААЭ. Аднак гэта заўжды гульня ў ката і мышку. Адну шчыліну закрываюць, а падсанкцыйныя краіны актыўна знаходзяць новыя», – канстатавала экспертка.

Грошы заблакаваць, паслуг не надаваць

Звычайныя наступствы санкцыяў – забарона на супрацу і надаванне паслуг ды замарожванне актываў: маёмасці і грошай.

Напрыклад, Дэпартамент фінансавых расследаванняў цяпер не здолее атрымаць легальнай версіі «Windows», а міліцыянты і вайскоўцы – набыць патроны ці гранаты ў «несяброўскіх» дзяржавах.

Новыя праблемы зазнае авіякампанія «Белавія», чыя сетка маршрутаў моцна зрадзела пасля прымусовай пасадкі ў Менску рэйсу «Ryanair» і забароны лятаць у шмат якія краіны.

«Амерыканскія кампаніі не могуць абслугоўваць самалёты «Белавіі», прадаваць кампаненты, паліва, прапаноўваць якія-кольвек паслугі, абслугоўваць фінансавыя разлікі. Амерыканскія кампаніі таксама мусяць адсочваць, каб іхную прадукцыю не перапрадавалі праз пасярэднікаў», – тлумачыць Алена Кудзько.

Тым часам стала вядома, што Грузія можа забараніць рэйсы «Белавіі» ў свае аэрапорты. Як паведаміла дзяржаўнае Агенцтва цывільнай авіяцыі, «новыя санкцыі вывучаюцца».

«Агенцтва разам з адпаведнымі дзяржаўнымі органамі дэталёва вывучыць новыя санкцыі, уведзеныя Міністэрствам фінансаў ЗША ў дачыненні «Белавіі», і пасля гэтага будзе адпаведны адказ», – цытуе заяву ведамства грузінскі 1tv.ge.

Раней Грузія забараніла «Белавіі» выконваць рэйсы самалётамі «Boeing», і цяпер беларускі перавознік лятае ў Тбілісі, Кутаісі і Батумі бортам «Embraer».

«Boeing 737-800», самалёт «Белавіі».
Фота: belavia.by

Захады супраць беларускіх абаронных прадпрыемстваў – спроба ўскладніць дапамогу Крамлю ваяваць ва Украіне. Чым ганарыліся, за тое і атрымалі.

«Улады Беларусі нават і не хавалі, што наладжваюць супольныя праекты з расейскімі заводамі і кампаніямі, якія ёсць часткаю вайсковай індустрыі Расеі. БМЗ, авіяцыйная прадукцыя – прыклады таго, як абмяжоўваюцца і магчымасці Лукашэнкі зарабляць грошы, і магчымасці дапамагаць расейскаму войску», – адзначыла суразмоўца «Белсату».

Санкцыі супраць сям’і бізнесоўца Алексіна – спроба перакрыць шляхі фінансавання Лукашэнкі, упэўненая экспертка:

«Натуральна, актывы можна перапісаць на кагосьці яшчэ, і пэўны час гэта будзе працаваць. Але гэта таксама патрабуе часу і грошай ды азначае новыя рызыкі санкцыяў. Зноў жа, Лукашэнка наўрад ці абанкруціцца, але жыццё Алексіна ды іншага асяроддзя Лукашэнкі будзе яшчэ менш камфортным і з больш абмежаванымі рэсурсамі».

«Менш прадукцыі – менш прыбытку»

Шмат якія дзяржавы імкнуцца каардынаваць абмежавальныя захады. Гэта робіцца, каб максімальна скараціць магчымасці абыходу санкцыяў. «Нават калі санкцыі не ўводзяцца сінхронна, з цягам часу спісы збліжаюцца. Напрыклад, БМЗ цяпер у спісе і ЕЗ, і ЗША. «Kidma Tech» і «Пеленг» былі пад санкцыямі ЗША, а цяпер таксама залучаныя ў брытанскі спіс», – звярнула ўвагу Кудзько.

Экспертка падсумавала, што такія санкцыі «не збанкрутуюць рэжыму ці прадпрыемства ў кароткатэрміновай перспектыве».

«Пры гэтым яны ствараюць новую рэальнасць, у якой прадпрыемствы змогуць выпусціць менш прадукцыі, будуць працаваць павольней, і заробяць менш грошай. Гэта наўрад ці прывядзе да калапсу ў кароткай перспектыве, але гэта запаволіць развіццё прадпрыемстваў», – мяркуе адмыслоўца.

Каментар
Станіслаў Івашкевіч: Каб перамагчы антысанкцыйнае лобі, трэба безумоўныя і стоадсоткавыя доказы «кармушкі»
2023.08.05 10:18

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў