Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 10 жніўня


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 10 жніўня чытайце ў нашым аглядзе.

Вынікі начнога абстрэлу ў Мікалаеўскім раёне. Загінулі 11 чалавек.
Фота: УНІАН

З моманту поўнамаштабнага ўварвання расейскага войска ва Украіну пайшоў 168-ы дзень. Паводле звестак Генеральнага штабу ЗСУ, за гэты час страты акупантаў дасягнулі 42 800 чалавек забітымі.

Цягам апошніх содняў на валынскім і палескім кірунках сітуацыя істотна не мянялася. Пры гэтым на тэрыторыі РБ да 11 жніўня запланаваныя сумесныя беларуска-расейскія аператыўна-тактычныя вучэнні з баявымі стрэльбамі.

Таксама захоўваецца пагроза нанясення ракетных і авіяцыйных удараў з тэрыторыі Беларусі.

Тым часам украінскія вайскоўцы замініравалі мяжу з Беларуссю. Паводле ЗСУ, такія захады тлумачацца магчымасцю ўварвання ва Украіну з боку Беларусі. Замініраваныя месцы пазначаныя адпаведнымі знакамі.

На сіверскім кірунку былі абстраляныя ваколіцы населенага пункту Сенькаўка Чарнігаўскай вобласці.

На харкаўскім кірунку расейцы праводзілі наступальныя дзеянні ў бок лініі населеных пунктаў Ветэрынарнае – Уды, але панеслі страты ды адступілі назад. Цяпер баявыя дзеянні працягваюцца ў кірунку Байрак – Гусараўка.

Таксама цягам апошніх содняў расейцы абстралялі з танкаў і артылерыі тэрыторыі каля населеных пунктаў Уды, Дзяменціеўка, Новае, Пітомнік, Рускія Цішкі, Перамога, Верхні Салтаў, Стары Салтаў, Масьпанава, Старая Гніліца, Гусараўка, Карабочкіна, Пяцігорскае і Шапелеўка.

На славянскім кірунку варожыя абстрэлы былі зафіксаваныя каля Вялікай Камішувахі, Дзмітраўкі, Карнавухаўкі, Даўгенькага, Вірнаполля, Новай Дзмітраўкі, Багародзічнага і Даліны.

На краматорскім кірунку вораг здзейсніў абстрэлы ўкраінскіх тэрыторыяў каля Сіверску, Грыгораўкі, Верхнякаменскага, Сідарава і Райгарадку.

На бахмуцкім кірунку праціўнік намагаўся правесці штурмавыя дзеянні ў бок лініяў Новалуганскае – Спірнае, Валадзіміраўка – Якаўлеўка, Страпаўка – Салядар, але поспеху не меў ды адышоў на старыя пазіцыі.

Вынікі начнога абстрэлу ў Мікалаеўскім раёне. Загінулі 11 чалавек. 10 жніўня 2022 года, Украіна.
Фота: УНІАН

Расейскія абстрэлы з артылерыі прыйшліся на ваколіцы населеных пунктаў Касцянцінаўка, Бахмут, Івана-Дар’еўка, Пакроўскае, Зайцава, Кодзема, Курдзюмаўка, Бахмуцкае, Салядар, Якаўлеўка і Вяршына. Авіяўдары былі нанесеныя па тэрыторыі каля Спірнага, Салядару, Бахмуту, Зайцава і Вяршыны.

На аўдзееўскім кірунку расейцы праводзілі наступальныя дзеянні ў бок лініяў населеных пунктаў Мінеральнае – Аўдзееўка і Спартак – Аўдзееўка, але панеслі страты ды адступілі назад. Цяпер праціўнік намагаецца аднавіць наступ у кірунку Данецк – Піскі, баявыя дзеянні працягваюцца.

Варожыя абстрэлы на гэтым кірунку былі зафіксаваныя каля населеных пунктаў Мар’інка, Аўдзееўка, Вопытнае, Піскі, Первамайскае, Невельскае, Пятроўскае, Няйталава і Краснагораўка.

На навапаўлаўскім і запарожскім кірунках былі зафіксаваныя варожыя абстрэлы каля населеных пунктаў Касцянцінопальскае, Новаміхайлаўка, Малая Такмачка, Вялікаміхайлаўка, Паўлаўка, Валадзіміраўка, Шаўчэнка, Прачыстаўка, Вялікая Навасёлка, Бурлацкае, Урэмаўка, Залізнічнае, Стэповае, Палтаўка, навасёлка, Гуляйполе і Малыя Шчарбакі.

Таксама ў ноч на 10 жніўня расейскія войскі абстралялі Міроўскую грамаду і горад Марганец за 30 кіламетраў на ўсход ад Нікапалю ў Днепрапятроўскай вобласці. Кіраўнік абласной адміністрацыі Валянцін Рэзнічэнка паведаміў, што на 9:00 загінулі 13 мірных жыхароў, 11 чалавек параненыя, пяцёра з іх – у цяжкім стане.

Кіраўнік Крыварожскай ваеннай адміністрацыі Аляксандр Вілкул паведаміў, што ўсяго былі выпушчаныя каля 80 рэактыўных снарадаў з РСЗА «Град».

На паўднёвабужскім кірунку акупанты здзейснілі абстрэлы з танкаў і артылерыі ўкраінскіх тэрыторыяў па ўсёй лініі сутыкнення, а таксама нанеслі авіяўдары каля населеных пунктаў Новагрыгораўка, Андрэеўка і Вольгіна.

У акваторыі Чорнага мора ў гатовасці да ўжывання высокадакладнай зброі знаходзяцца два варожыя носьбіты крылатых ракетаў марскога базавання тыпу «Калібр».

Тым часам Збройныя сілы Украіны пацвердзілі знішчэнне 9 расейскіх самалётаў у выніку ўчорашняга выбуху на авіябазе ў Новафёдараўцы ў анексаваным Крыме. Паводле здымкаў амерыканскага спадарожніка, там размяшчаліся самалёты Су-30СМ, Су-24 і прынамсі адзін Іл-76.

Hавiны
ЗСУ пацвердзілі знішчэнне 9 самалётаў на авіябазе ў Крыме
2022.08.10 16:19

BK belsat.eu

Стужка навінаў