Здарэнне ў Александрыі, чарговыя рэпрэсіі і ліст ад Лосіка. Галоўнае за 10 ліпеня


Belsat.eu падводзіць вынікі 10 ліпеня – 336-га дня супрацьстаяння грамадства і ўладаў.

Надзвычайнае здарэнне ў Александрыі

«Александрыя збірае сяброў».
Фота: «Белсат»

Падчас арганізаванага ўладамі свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў») моцным ветрам знесла надзіманыя атракцыёны, дзе гулялі дзеці. Ёсць пацярпелыя. Спачатку паведамлялася, што па медычную дапамогу звярнуліся 5 чалавек – двое дзяцей і трое дарослых. Потым начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Магілёўскага аблвыканкаму Аляксандр Старавойтаў распавёў, што ў выніку інцыдэнту з батутамі пацярпелі не пяць, а сем чалавек.

Паводле чыноўніка, «усім аказана неабходная дапамога, усе адпушчаныя дадому».

«У адной дзяўчынкі пад пытаннем пералом – для ўдакладнення дыягназу яна была накіравана на камп’ютарную тамаграфію – санітарным транспартам яна была накіравана ў Магілёўскую абласную дзіцячую лякарню», – паведаміў ён.

Абноўлена
Надзвычайнае здарэнне на дзіцячых атракцыёнах Александрыі: пацярпелі 7 чалавек
2021.07.10 19:53

Новыя рэпрэсіі

Дзяніс Урбановіч.
Фота: «Белсат»

Лідар «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч стаў фігурантам крымінальнай справы. У чым яго абвінавачваюць пакуль невядома. Актывіста затрымалі 3 ліпеня ў цэнтры Менску і адвезлі ў ЦІП на Акрэсціна. Сёння Дзяніс перадаў на волю праз чалавека, з якім адбываў адміністратыўны арышт у адной камеры, што супраць яго распачалі крымінальную справу.

Крымінальная справа была распачатая супраць былой кандыдаткі ў дэпутаты з Бараўлянаў, маці траіх непаўналетніх, Марыі Вайтовіч. Яе затрымалі 8 ліпеня, а цяпер высветлілася, што жанчыну вінавацяць у «сувязі з тэрарыстычнай ячэйкаю»

Паводле Праваабарончага цэнтру «Вясна», у Менску знікла валанцёрка Юлія Сырых. Сябры мяркуюць, што яна магла быць затрыманая па крымінальнай справе. Таксама стала вядома пра затрыманне валанцёркі Марыны Дуброўскай і валанцёра «Краіны для жыцця» Антона Сташэўскага.

Здзекі над палітвязнямі

Лосік спыніў галадоўку, Салановіча адлічылі, на АЭС застрэліўся жаўнер. Беларусь пратэстуе 170 дзён
Партрэт Ігара Лосіка. Студзень 2021 году.
Фота: ТК / Белсат

Блогер Ігар Лосік, якога цяпер судзяць на закрытым працэсе ў Гомлі разам з Сяргеем Ціханоўскім і Мікалаем Статкевічам, распавёў у лісце жонцы Дарʼі пра здзекі над палітвязнямі ў СІЗА №3:

«Тут акрамя года незаконнага зняволення і закрытага «суду» вырашылі дабіць яшчэ знявагай чалавечай годнасці. Па-першае, бясконцыя раздзяванні, прысяданні ў голым выглядзе, суправаджэнне ў кайданках у позе «ластаўка», як быццам я нейкі асабліва небяспечны злачынец.

Раз ці два на тыдзень у камеры пастаянныя ператрусы з трыбушэннем усіх рэчаў. Незразумела, што хочуць знайсці – думаюць, я нешта з сабой зраблю (гэта пасля выпадку як Латыпаў сабе горла парэзаў на судзе). Я, вядома, нічога такога не збіраўся рабіць, але шчыра скажу, такія дзеянні вельмі зневажальныя і моцна б’юць па чалавечай годнасці, і таму гэтым самадурствам яны могуць прывесці да адваротнага эфекту.

З гэтымі сталымі ператрусамі і раздзяваннем адчуваю сябе як вязень у Асвенціме, толькі што залатых каронак ня выдзіраюць».

Hавiны
Да затрыманага расейца Дуднікава пачаў прыходзіць псіхолаг
2021.07.10 14:52

Дзень салідарнасці з беларускімі жанчынамі

Святлана Ціханоўская абвесціла 16 ліпеня Днём салідарнасці з беларускімі жанчынамі, «якія сталі не толькі сімвалам, але і рухавіком беларускай рэвалюцыі». Дата абраная не выпадкова: менавіта 16 ліпеня 2020 года Ціханоўская разам з Марыяй Калеснікавай і Веранікай Цапкалай «за 15 хвілін прынялі рашэнне аб’яднаць штабы трох прэзідэнцкіх кампаніяў».

Святлана Ціханоўская заклікала праявіць салідарнасць «з адважнымі беларускімі жанчынамі» і прапанавала некалькі спосабаў:

  • выходзіць на пікеты салідарнасці з беларускамі з партрэтамі палітвязняў, патрабаваць правядзення новых выбараў, спынення гвалту і катаванняў;
  • рабіць заявы і прымаць рэзалюцыі ў падтрымку Беларусі, праводзіце мерапрыемствы з удзелам палітыкаў і вядомых дзеячаў;
  • падтрымліваць віртуальныя акцыі салідарнасці: публікаваць відэа, малюнкі, допісы са словамі салідарнасці;
  • пісаць лісты палітзняволеным жанчынам, дапамагаць маці і жонкам палітвязняў;
  • запісваць відэа, зачытваць лісты жанчын у зняволенні;
  • падтрымліваць беларусак праз фонды салідарнасці, якія аказваюць дапамогу палітвязням і іх семʼям.
Гісторыі
«Пра Волю казалі, што яна Дон Кіхот». Што вядома пра маці пяцярых дзяцей, якую кінулі ў СІЗА за «пратэставую дзейнасць»
2021.03.23 07:00

Працяг міграцыйнага крызісу

Літоўскія вайскоўцы далучыліся да аховы мяжы з Беларуссю, што звязана з выбуховым ростам незаконнай міграцыі з Беларусі. Таксама стала вядома, што сёння далучыліся да дзяжурстваў на мяжы з Беларуссю 10 эстонскіх паліцэйскіх.

Па інфармацыі ўпраўленне дзяржаўнай памежнай бяспекі Літвы, у ноч з пятніцы на суботу літоўска-беларускую мяжу нелегальна намагаліся перасекчы 31 мігрант.

«Ужо чацвёрты дзень запар літоўцы затрымліваюць на мяжы з Беларусь менш 100 мігрантаў у суткі. А 10 ліпеня іх колькасць за суткі стала найменшым з пачатку месяца. Усяго на мяжы з Беларуссю ў 2021-м затрымана ўжо 1577 мігрантаў, нелегальна перасякаюць мяжу», – паведамляе ўстанова бяспекі.

Аналітыка
Забытыя мільёны. Колькі грошай Беларусь атрымала ад Еўразвязу на ўмацаванне мяжы?
2021.07.09 07:00

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў