Суды над журналістамі, уцекачы Кузнечыкі і заблакаваныя «злівы». Галоўнае за тыдзень – у малюнках


Джулі Фішэр пакідае пасаду, «вязні» амбасады Швецыі Кузнечыкі ўцяклі ў Латвію, а «жоўтыя злівы» паскардзіліся ў «Google» на блакаванне свайго каналу. Разам з «Белсатам» за падзеямі пачатку чэрвеня сочыць мастак Дэ Лёс.

Амбасадарка ЗША Джулі Фішэр пакідае пасаду, так і не даехаўшы да Менску. Улады Беларусі не далі ёй візы. Свае абавязкі спадарыня Фішэр паўтара года выконвала з Вільні.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Год і восем месяцаў бацька і сын Віталь і Уладзіслаў Кузнечыкі жылі на тэрыторыі амбасады Швецыі ў Менску, бо хаваліся ад пераследу. Беларусы прасілі там палітычнага прытулку, але Швецыя не захацела ствараць прэцэдэнту і правакаваць іншых уцекачоў пераскокваць цераз плот на тэрыторыю амбасады. На пачатку чэрвеня Кузнечыкі змаглі ўцячы ў Латвію.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Гэтым тыднем у Беларусі судзілі журналістаў, філосафа Уладзіміра Мацкевіча і сацыёлага Таццяну Вадалажскую.

Фрылансер радыё «Свабода» Андрэй Кузнечык атрымаў 6 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, Таццяна Вадалажская – 2,5 года «хіміі». Суд над галоўнай рэдактаркай і дырэктаркай БелаПАНу Ірынай Леўшынай, былым дырэктарам гэтага агенцтва Дзмітрыем Наважылавым, журналістам і медыяменеджарам Андрэем Аляксандравым і ягонай нявестай Ірынай Злобінай яшчэ працягнецца. Прысуд галоўнай рэдактарцы газеты «Новы час» Аксане Колб будзе вынесены наступным тыднем. Працягнецца працэс і ў справе Уладзіміра Мацкевіча.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

На пачатку тыдня намеснік міністра адукацыі Расеі Дзмітрый Афанасьеў паведаміў, што Беларусь разам з Расеяй выкрэслілі з Балонскаго працесу. Эксперты «Белсату» паведамілі, што гэта не так. Пакуль гэта прапанова, якую падтрымалі 39 краінаў з 49. Але цалкам магчыма, што выключэнне ўсе ж адбудзецца.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Праўладны Telegram-канал, які з задавальненнем смакаваў відэа катаванняў, пагромаў і пакаянняў, быў заблакаваны. Мінінфарм Беларусі чамусьці звярнуўся са скаргаю на гэты конт у «Google».

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат
Стужка навінаў