Палітвязень Сяргей Пятрухін адзначае дзень народзінаў за кратамі


Берасцейскі блогер Сяргей Пятрухін сёння адзначае дзень народзінаў. Палітвязню, які цяпер за кратамі, споўнілася 50 гадоў.

Аўтар YouTube-каналаў «Народны рэпарцёр» і «Youtube-дэпутаты» Сяргей Пятрухін адзначае свой 50 дзень народзінаў. Цяпер блогер за кратамі, праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

Сяргей Пятрухін. Фота з перадвыбарчага плакату.
Фота: Сергей Петрухин / Facebook

Сяргея Пятрухіна затрымалі 16 чэрвеня летась. З таго часу ён за кратамі. Судзілі палітвязня ў судзе Кастрычніцкага раёну Магілёва. 14 красавіка суддзя Вольга Краўчанка прызнала Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава вінаватымі ў арганізацыі і рыхтаванні дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, актыўным удзеле ў іх і ў абразе прадстаўніка ўлады. Пятрухіну прысудзілі 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Акрамя таго, асуджаныя мусяць скампенсаваць 1500 рублёў маральнай шкоды і 87 рублёў мыта.

Аб’ектыў
Барыс Гарэцкі: улады ўбачылі, што блогерства папулярнае, і рэпрэсуюць блогераў
2021.04.14 23:02

Блогеры на судзе адсутнічалі. Суддзя палічыла, што прывозіць іх залішне, дастаткова прадстаўнікоў абароны. Таму прысуд абвяшчаўся без іх.

Сяргея Пятрухіна судзілі паводле ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»), арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады» КК РБ), а таксама арт. 391 КК («Абраза суддзі»).

Паводле версіі следства, масавыя пратэсты па ўсёй Беларусі ў 2020 годзе пачаліся ў тым ліку менавіта з-за Пятрухіна і Кабанава, якія дзейнічалі ў звязцы з Сяргеем Ціханоўскім, Мікалаем Статкевічам і Паўлам Севярынцам і мэтанакіравана стваралі ў краіне грамадска-палітычную напружанасць.

Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў.
Фота: Наша Ніва

Са словаў пракурора Пятрухін і Кабанаў здымалі відэаролікі аб праблемах Берасцейскай вобласці, пратэстах берасцейцаў супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу і выкладвалі іх на YouTube-канал «Народны рэпарцёр», а ў 2019 годзе пазнаёміліся, сустракаліся і камунікавалі з Сяргеем Ціханоўскім.

Дзяржабвінаваўца прывяла ў якасці «неабвержных і дакладных доказаў» віны Пятрухіна і Кабанава праслухоўванне размоваў і перапіску Сяргея Ціханоўскага з Уладзімірам Статкевічам – аб планах сустрэцца ў Менску і Берасце, аб арганізацыі пікетаў для збору подпісаў у часе прэзідэнцкай кампаніі.

Вось якую сувязь выбудавала следства: блогеры Пятрухін і Кабанаў пачынаюць выкладаць відэа на палітычныя тэмы пасля сустрэчы з Ціханоўскім (праз 8 месяцаў пасля яе), удзельнічаюць у зборы подпісаў у часе прэзідэнцкай кампаніі. А раз Ціханоўскі меў зносіны са Статкевічам, які заяўляў, што масавыя пратэсты могуць пачацца, то «мэтай дзейнасці Ціханоўскага, Статкевіча і іншых уцягнутых імі ў такую ​​дзейнасць асоб з’яўлялася дэстабілізацыя абстаноўкі ў Рэспубліцы Беларусь у перыяд электаральнай кампаніі 2020 года».

Hавiны
Берасцейскіх блогераў Пятрухіна і Кабанава пакаралі калоніяй і штрафамі
2021.04.14 11:35

Сяргей Пятрухін паходзіць з Кобрына Берасцейскай вобласці. Скончыў Гарадзенскую вучэльню мастацтваў і філалагічны факультэт Берасцейскага дзяржаўнага ўніверсітэту, служыў у савецкім войску. У яго ёсць сястра і сын, які жыве з былою жонкай Пятрухіна.

У 2014 годзе Сяргей вырашыў стаць блогерам і змагацца з карупцыяй, дзеля гэтага ён стварыў канал «Народны рэпарцёр». У сваіх сюжэтах ён выкрываў міліцэйскае беззаконне, перавышэнне службовых паўнамоцтваў з боку чыноўнікаў. У адказ улады пачалі пераслед блогера. На яго завялі крымінальную справу, саджалі пад арышт у ізалятар.

Пасля таго, як берасцейцы распачалі пратэсты ў сувязі з будаўніцтвам акумулятарнага заводу, Сяргей Пятрухін далучыўся да мітынгоўцаў і разам з блогерам Аляксандрам Кабанавым асвятляў пікеты гараджанаў.

Аб’ектыў
Выйшаў з суда і пайшоў рабіць блог. Сяргею Пятрухіну далі 17 680 рублёў штрафу за «абразу» міліцыянтаў
2019.04.18 23:35

СК belsat.eu

Стужка навінаў