Зяленскі: «Людзі прымуць мір у любым выпадку. Яны хочуць, каб гэтая вайна скончылася»


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 9 красавіка даў інтэрв’ю журналістам «Associated Press», у якім заявіў, што ён поўны рашучасці дамагацца міру, нягледзячы на ​​напады Расеі на мірных жыхароў.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 9 красавіка 2022 года.
Фота: evgenymaloletka/ Instagram

«Людзі прымуць мір у любым выпадку, бо яны хочуць, каб гэтая вайна скончылася. На нашых умовах, на ўмовах незалежнасці, на ўмовах Украіны. Але тым не менш я ўпэўнены ў тым, што ёсць людзі – кожная сямʼя нешта страціла, – ёсць людзі, якія страцілі дзяцей, і я не думаю, што іх задаволіць які-небудзь мір, у якіх-небудзь умовах і часе. Бо гэта вялікая рана і вялікая трагедыя – страціць блізкіх і родных людзей.

Калі мы гаворым неэмацыйна, хаця гэта складана, мы павінны разумець, што любая вайна павінна скончыцца мірам або скончыцца мільёнамі ахвяраў. І нават там, дзе мільёны ахвяраў, усе прыходзяць да міру, да завяршэння вайны. І сёння мы можам рабіць высновы, што мы павінны змагацца, але змагацца дзеля жыцця. Ты не можаш змагацца дзеля пылу, калі ўжо нічога няма, няма людзей. І таму важна спыніць гэтую вайну, складана, эмацыйна складана, складана з пункту гледжання жаданняў – ніхто не хоча дамаўляцца з чалавекам ці людзьмі, якія катавалі гэты народ. Гэта ўсё зразумела. Але я скажу як муж, як бацька – я ўсё гэта цудоўна разумею. Мы мусім не губляць магчымасцяў, калі яны ў нас будуць. Іх нельга ўпусціць.

Мы не можам сабе дазволіць вырашаць за мільёны людзей, якія жадаюць спыніць вайну, і казаць: «Мы не гатовыя размаўляць, бо гэта забойцы», – сказаў Зяленскі.

У інтэрвʼю журналістам Зяленскі распавёў, што Марыупаль цяпер – гэта адно з найважнейшых і вырашальных месцаў, ад якога вельмі шмат залежыць:

«Марыупаль – гэта сэрца гэтай вайны на сёння. Яно бʼецца – мы ваюем, мы моцныя. Калі яно перастане біцца – у нас будуць больш слабыя пазіцыі. Яны людзі, якія на сябе адцягнулі вялікую колькасць ворага. Чым мацнейшая нашая пазіцыя ў Марыупалі, тым мацнейшая нашая пазіцыя будзе на ўсходзе краіны.

І калі яна будзе мацнейшай – у нас будуць перавагі ў дыялогу з Расейскай Федэрацыяй. Калі сітуацыя ў нас будзе слабая на ўсіх гэтых кірунках, то мы можам не дачакацца сустрэчы, бо тады Расея будзе рабіць крокі, якія прывядуць да вяртання тых месцаў, якія мы цяпер вызвалілі. Але, вядома, мы верым у іншы вынік і ў нашую перамогу».

Акрамя гэтага прэзідэнт Украіны выказаў меркаванне, што калі б Украіна была ў NATO, то вайна наогул не пачалася б.

«Калі б мы былі ў NATO – гэтай вайны б не было. Або яна інакш разварочвалася б, у нас было б плячо блізкіх суседзяў, і мы разам маглі б ваяваць. І я ўпэўнены, што вайны б увогуле не было».

Таксама Зяленскі паўтарыў свой заклік да іншых краінаў накіраваць больш зброі напярэдадні чаканага ўсплёску баявых дзеянняў на ўсходзе Украіны.

Гісторыі
«Расейцы мэтанакіравана ішлі забіваць». Добраахвотнік батальёну Кастуся Каліноўскага пра бой пад Бучай
2022.04.10 14:19

АД belsat.eu

Стужка навінаў