Каардынацыйная рада будзе выбіраць спікера. Ёсць чатыры кандыдаты


Абноўлены склад Каардынацыйнай рады сфармавалі 8 лютага: у яе ўвайшлі 105 чалавек ад арганізацыяў і супольнасцяў дэмакратычнага руху, а таксама актывісты-самавылучэнцы. 2 сакавіка дэлегаты ўхвалілі новы рэгламент, а 6-га прэзентавалі восем фракцыяў. 9 сакавіка правялі дэбаты кандыдатаў на спікера.

Спікер Каардынацыйнай рады будзе кіраваць паседжаннямі, а таксама рэпрэзентаваць КР у супрацы з партнёрамі, медыямі ды іншымі арганізацыямі. На час мандату спікер мае выйсці са сваёй фракцыі.

Дэбаты праходзілі так: чатыры кандыдаты прэзентавалі сябе, пасля чаго ім маглі задаваць пытанні як канкурэнты, гэтак і ўсе астатнія дэлегаты Каардынацыйнай рады. За час дэбатаў не было сварак ці гарачых спрэчак, хоць уздымаліся пытанні пра незалежнасць КР ад іншых структураў дэмакратычнай супольнасці, пра эфектыўнасць «старой» Каардынацыйнай рады, пра мэты КР і яе спікера, не самы высокі давер да КР паводле апытанняў.

Выбары спікера пачнуцца ў нядзелю, 12 сакавіка. Вынікі маюць абвясціць у пачатку наступнага тыдня. Кандыдаты на спікера наступныя.

Андрэй Ягораў – кандыдат ад фракцыі «Грамадзянская салідарнасць». Палітолаг і метадолаг. У КР яго дэлегаваў Форум грамадзянскай супольнасці «Усходняга партнёрства». Каардынуе міжнародную дапамогу ў Офісе Святланы Ціханоўскай (абяцае спыніць супрацу, калі яго выберуць спікерам). Даводзіў, што гістарычны працэс, запушчаны ў 2020 годзе, не сышоў з парадку дня (а выклікі для Беларусі тыя самыя, што ў час БНР), што КР мусіць ставіць палітычныя задачы, а таксама пашыраць прадстаўнічасць, з якой чэрпае легітымнасць.

Вольга Кавалькова – кандыдатка ад фракцыі «Шчаслівая нацыя», была ў прэзідыуме першага склікання КР. Юрыстка, бухгалтарка і палітолаг, сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, у час выбараў 2020 года была даверанай асобай Ціханоўскай. Бачыць КР палітычным суб’ектам і платформай для абмеркавання. Прызнае, што яна прыхільніца мірнага падыходу, хоць бачыць радыкалізацыю прадэмакратычнай часткі грамадства. Не пагаджаецца з заявамі, што ў беларусаў ёсць негатыўная рэакцыя на дзейнасць КР, а заклікае зафіксаваць вынікі і рухацца далей з апораю на дасягненні.

Алена Жываглод – кандыдатка ад фракцыі «Грамадзянскае дзеянне» ды ініцыятыўнай групы з 10 дэлегатаў. Экспертка ў стратэгічнай камунікацыі і менеджменце, была заснавальніцай і дырэктаркаю шэрагу кампаніяў, каардынатаркаю Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, кіруе супольнасцю «Сумленныя людзі». Падкрэслівае, што спікер мусіць быць незалежным і неангажаваным, дасягаць кансэнсусу (у адказ на пытанне пра гэта не захацела крытыкаваць іншых кандыдатаў). Заклікае КР вярнуць давер беларускага грамадства. Прызнае, што кепска размаўляе па-беларуску і мусіць вучыцца, але выступае супраць дыскрымінацыі паводле мовы.

Ян Рудзік – кандыдат ад «Моладзевай фракцыі». Журналіст і блогер, колішні работнік сеткі Telegram-каналаў «Nexta». Больш за іншых крытыкаваў КР, больш заклікаў да дзеяння і яднання ўсіх вакол КР. Падкрэсліваў, што знайшоў агульную мову са штабам палка Каліноўскага і Зянонам Пазняком, прадстаўнікамі Паспалітага рушэння. Больш за іншых жартаваў: называў сябе «не самым разумным чалавекам» (які пры тым гатовы прыслухоўвацца), да дзеяння заклікаў у тым ліку выразам «сябры, come on», а сваім галоўным адрозненнем ад «старых» функцыянераў КР назваў такое: «Я ўмею карыстацца TikTok».

Каардынацыйная рада зладзіла ў Telegram апытанне, каго б падпісчыкі хацелі бачыць спікерам. На момант публікацыі з 33 % галасоў лідаруе Жываглод, Рудзік і Ягораў маюць па 19 % галасоў, Кавалькова – 12 %.

Hавiны
Каардынацыйная рада прыняла новы рэгламент і пачала дзяліцца на фракцыі
2023.03.06 23:13

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў