214-ы дзён пратэстаў. Аблавы ў раёнах, справа супраць Матолькі і новыя прысуды


Belsat.eu падводзіць вынікі 10 сакавіка – 214 дня супрацьстаяння грамадства і ўладаў.

Аблавы ў раёнах

Увечары 10 сакавіка сілавікі зладзілі аблавы на жыхароў Новай Баравой і Лебядзінага. Як паведамляюць відавочцы, у мікрараёне Лебядзіным у дварах адвольна затрымалі каля 12-15 чалавек.

Таксама сілавікі атакавалі Новую Баравую. Мясцовыя жыхары кажуць, што сілавікі ў другой палове дня пачалі ламаць дзверы ў некаторых кватэрах. Колькі чалавек было затрымана – невядома.

Нягледзячы на аблавы па дварах, у шэрагу мікрараёнаў усё роўна адбыліся акцыі салідарнасці.

Чатыры крымінальныя справы супраць блогера

Упраўленне следчага камітэту ў горадзе Менску паведаміла пра распачатыя крымінальныя справы ў дачыненні блогера Антона Матолькі. Справы ўзбуджаныя паводле:

  • арт. 293 «Масавыя беспарадкі»;
  • арт. 342 «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»;
  • ч. 3 арт. 130 «Узрушэнне сацыяльнай варожасці паводле прыкметы прафесійнай прыналежнасці»;
  • ч. 1 ст. 361 «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання»;
  • ч. 3 ст. 361 «Дзеянні, скіраваныя на дэстабілізацыю сацыяльна-палітычнай, эканамічнай і інфармацыйнай абстаноўкі ў краіне, прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь».

Акрамя гэтага, спецслужбы плануюць прызнаць ягоны тэлеграм-канал экстрэмісцкім.

Блогер Антон Матолька вядзе ўласны тэлеграм-канал «МотолькоПомоги», у якога больш за 130 тысяч падпісантаў. Ён з’ехаў з Беларусі яшчэ ў ліпені 2020 года, калі ў краіне толькі пачыналася хваля палітычных рэпрэсіяў. УСК па Менску плануе абвесціць Матольку ў міждзяржаўны вышук.

Hавiны
Супраць старшыні АГП Мікалая Казлова распачалі крымінальную справу
2021.03.10 16:32

Выракі за пратэсты і новыя палітвязні

У Горадні і Берасці вынеслі прысуды ў калектыўных палітычных справах за пратэсты

У Берасці ў суд Маскоўскага раёну быў агучаны вырак першым дзевяці з некалькіх дзясяткаў фігурантаў справы аб масавых пратэстах 10 жніўня. Дваіх няпоўнагадовых фігурантаў справы – Сяргея Гацкевіча і Дзяніса Хазея – пакаралі трыма гадамі выхаваўчай калоніі кожнага. Семярых астатніх – адправілі ў калонію ўзмоцненага рэжыму на тэрміны ад трох з паловаю да чатырох з паловаю гадоў.

Hавiны
Бацька асуджанага ў Берасці: «Гэта быў не суд, а расправа над нашымі дзецьмі»
2021.03.10 15:03

У Горадні вынеслі прысуд у «справе счэпкі». Суд Ленінскага раёну пакараў чатырох абвінавачаных трыма і трыма з паловаю гадамі гэтак званай «хіміі». Пятага абвінавачанага ў справе – Аляксандра Якубоўскага – абвесцілі ў вышук.

Таксама стала вядома пра прысуды за жнівеньскія пратэсты ў Жлобіне. Сяргей Бекарэвіч атрымаў 2,5 года калоніі агульнага рэжыму, Андрэй Расулаў – 3 гады калоніі агульнага рэжыму. Іх прызналі вінаватымі паводле арт. 342 («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак») і арт. 364 («гвалт або пагроза гвалту ў дачыненні працаўніка органаў унутраных справаў) Крымінальнага кодэксу.

Тым часам праваабарончая супольнасць прызнала палітвязнямі Андрэя Іванюшына, Мікіту Афанасьева, Мікіту Траццякевіча, Аляксея Сцерлікава, Аляксандра Троцкага, Анастасію Нікіціну і Аляксандра Перапечку. Такім чынам, па стане на 10 сакавіка ў Беларусі афіцыйна прызнаныя палітвязнямі 276 чалавек.

Hавiны
Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 7 чалавек
2021.03.10 18:19

Дыпламатычны канфлікт Варшавы і Менску

10 сакавіка Польшча прызнала персонай нон грата дыпламата беларускай амбасады ў Варшаве. Такім чынам польскія ўлады адказалі на высылку свайго консулу з Беларусі. Нагадаем, што раней Міністэрства замежных справаў Беларусі заявіла пратэст у сувязі з удзелам польскага консула ў Берасці Ежы Цімафеюка ў імпрэзе, прысвечанай Дню «выклятых жаўнераў» і прапанавала пакінуць тэрыторыю Беларусі.

Таксама сёння стала вядома, што пракурор Берасця распачаў крымінальную справу за «наўмысныя дзеянні», накіраваныя на распальванне варожасці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай прыналежнасці і «рэабілітацыі нацызму» (ч.3 арт.130 Крымінальнага кодэксу).

Генеральная пракуратура сцвярджае, што 28 лютага ў памяшканні, арандаваным «Форумам польскіх лякальных ініцыятываў» і «Польскай школай», з удзелам непаўналетніх і моладзі было праведзена «незаконнае масавае мерапрыемства».

«Апранутыя ў нацыянальную форму польскай скаўцкай арганізацыі, маладыя людзі выконвалі песні, чыталі вершы ў славу ваенных злачынцаў, у тым ліку Рамуальда Райса, вядомага па мянушцы «Буры», – адзначаецца ў прэс-рэлізе.

«Выклятымі жаўнерамі» у Польшчы называюць жаўнераў пасляваеннага антыкамуністычнага падполля, у якім ваявалі дзясяткі тысячаў палякаў. Рамуальд Райс быў толькі адным з іх. У 1946 годзе атрад Рамуальда Райса «Бурага» на Беласточчыне спаліў пяць населеных беларусамі вёсак і забіў па этнічнай прыкмеце мінімум 79 праваслаўных беларусаў, уключна з малымі дзецьмі, жанчынамі і старымі. У 2005 годзе Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы прызнаў Райса адказным за ваеннае злачынства з «прыкметамі генацыду».

Аб’ектыў
За што Польшча высылае беларускага дыпламата?
2021.03.10 22:10

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў