Мінпрацы адрэагавала на зварот працаўнікоў рыбакансервавага камбінату на адрас Лукашэнкі


«Робяцца ўсе неабходныя захады, каб наймальнік выканаў свае абавязкі перад кожным працаўніком і ліквідаваў запазычанасці ў выплаце заробкаў», – гэтак адрэагаваў на відэазварот працаўнікоў рыбакансервавага камбінату «Сталічны» дырэктар дэпартаменту дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства і працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Семіч. У відэазвароце людзі скардзіліся Лукашэнку, што не атрымлівалі заробкаў пяць месяцаў.

Работнікі менскага рыбакамбіната «Сталічны» паскардзіліся на затрыманне заробкаў. Скрыншот: olga60088 / TikTok

«Дэпартаментам робяцца ўсе неабходныя захады для ліквідацыі запазычанасці. Кіраўнік арганізацыі неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. Часткова гэта прынесла свае вынікі: частка запазычанасці па заробках перад працаўнікамі была ліквідаваная», – заявіў Аляксандр Семіч.

Чыноўнік Міністэрства працы згаджаецца з тым, што праблема дагэтуль не развязаная і кажа, што «сітуацыя знаходзіцца пад пастаянным кантролем Дэпартаменту дзяржінспекцыі працы, іншых органаў кіравання, мясцовых выканаўчых органаў».

У сваю чаргу, кіраўнік адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Менску Генадзь Любатынскі абяцае, што «бліжэйшым часам будуць праведзеныя сустрэчы з усімі зацікаўленымі, каб у хутчэйшыя тэрміны развязаць сітуацыю».

«Мы ведаем пра гэтую сітуацыю. У Менгарвыканкаме, адміністрацыі раёну і на пляцоўцы прадпрыемству праводзіліся нарады ў пытанні выплаты заробкаў. У выніку гэтага напрыканцы снежня мінулага года людзям выплацілі частку запазычанасці. У бліжэйшы час будуць праведзеныя сустрэчы з усімі зацікаўленымі, каб у хутчэйшыя тэрміны сітуацыю развязаць і цалкам выплаціць людзям заробленыя грошы», – пракаментаваў відэазварот працаўнікоў рыбакансервавага камбінату «Сталічны» Генадзь Любатынскі.

Пазней стала вядома, што дырэктар прадпрыемства Андрэй Блахін прынёс публічныя прабачэнні перад працаўнікамі кансервавага камбінату «Сталічны».

У сваім звароце да Аляксандра Лукашэнкі працаўнікі прадпрыемства »Рыбакансервавы камбінат сталічны« сцвярджаюць, што не атрымлівалі заробкаў ужо 5 месяцаў і што з 8 студзеня камбінат прастойвае («Мы не працуем, мы не маем кавалку хлеба»). Людзі кажуць, што ўжо звярталіся і ў пракуратуру, і да Лукашэнкі, але безвынікова. Таму вырашылі запісаць відэазварот.

Hавiны
Работнікі менскага прадпрыемства паскардзіліся Лукашэнку на затрыманне заробкаў за паўгода
2024.02.10 12:50

«Аплачваць квартплату няма чым, не можам набыць лекі, жыць нам няма на што. Людзі ходзяць у ламбарды, здаюць сваё золата, бо трэба неяк пражыць. Вось як жыць у такой сітуацыі?» – з роспаччу скардзяцца ў звароце да Лукашэнкі працаўнікі прадпрыемства.

Людзі абураныя таксама тым, што кіраўніцтва прадпрыемства не згаджаецца іх звальняць і пагражае, што ў выпадку звальнення яны зусім не атрымаюць ніякіх грошай.

ААТ »Рыбакансервавы камбінат сталічны« – прыватнае прадпрыемства. З 2022 года камбінат арандуе вытворчыя плошчы і абсталяванне ў камунальнага прадпрыемства «Белрыба».

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў