Стаўка большая, чым жыццё: галадаванне Мацкевіча ў СІЗА. Пра што піша філосаф з-за кратаў


4 лютага вядомы беларускі філосаф, метадолаг і грамадскі дзеяч Уладзімір Мацкевіч, які ўжо больш за паўгода ўтрымліваецца пад вартай «без суда і следства», аб’явіў галадоўку. Ён патрабуе змяніць яму меру стрымання, спыніць імітацыю следчага працэсу і перадаць справу ў суд. Калі гэтыя патрабаванні не будуць выкананыя праз першыя 10 дзён, Уладзімір мае намер перайсці да сухога галадавання. Блізкія і калегі перакананыя – ён пойдзе да канца.

Уладзімір Мацкевіч.
Фота: Белсат

Зняволенага філосафа кожны дзень наведвае лекар, які фіксуе стан здароўя, а таксама псіхолаг. Разглядаюцца пытанні наконт пастара і натарыуса, якіх запатрабаваў палітвязень.

«Галадаванне – гэта не жэст адчаю»

Уладзімір Мацкевіч падкрэслівае: галадаванне – гэта не жэст адчаю, а яго асэнсаваны філасофскі ўчынак, праяўленне пазіцыі і таго, што ён можа і мусіць рабіць тут і цяпер. Ягоныя паплечнікі адзначаюць: гэта пратэст супраць абсурду і зацягнутасці следства, якое нічога не робіць, у той час як Уладзімір ужо паўгода сядзіць за кратамі без якіх-кольвек абгрунтаванняў. Гэта спроба аднаўлення хоць нейкага сэнсу і лагічнасці ў тым, што адбываецца.

Артыкулы
«Гэтае зняволенне вельмі сімвалічнае». Філосаф Уладзімір Мацкевіч – паўгода за кратамі
2022.02.04 10:00

Яшчэ адзін вызначальны момант. Для Уладзіміра вельмі важным быў асабісты супраціў правілам гульні, якія навязвае ўлада, супрацьпастаўленне індывідуальнасці дзяржаўнай сістэме. Усе ягоныя прапановы, ідэі, стратэгіі былі накіраваныя на тое, каб самім ствараць парадак дня, не рэагаваць, а весці наперад. Галадаванне – гэта працяг ягоных разваг у гэтым кірунку: ён запускае свой працэс, здзяйсняе ўчынак, на які трэба рэагаваць. У цяперашняй сітуацыі задаваць свае правілы ён можа толькі тым, чым непадзельна распараджаецца – сваім целам і жыццём. Пры гэтым выстаўленыя ім патрабаванні цалкам выканальныя і лагічныя.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Sergei Bobylev / TASS / Forum

Гэты рызыкоўны крок не спроба шантажаваць кагосьці, а асэнсаванае дзеянне з разуменнем, што скаргамі і прашэннямі нічога ў супрацьстаянні чалавека і сістэмы дабіцца немагчыма.

Мацкевіч галадае не ўпершыню

Уладзімір Мацкевіч галадае не ўпершыню. У 2006 годзе ён удзельнічаў у галадаванні вернікаў цэрквы «Новае жыццё». Яны патрабавалі скасаваць рашэнне Менгарвыканкаму, які хацеў адабраць будынак царквы, і заклікалі да дыялогу. Тады галадаванне кончылася поспехам – улады адмянілі сваё рашэнне. Паплечнікі падкрэсліваюць: як тады, так і пасля Уладзімір неаднаразова адзначаў важнасць рашучасці ў падобных дзеяннях. Калі ты аб’яўляеш галадаванне, мусіш быць гатовым давесці яго да канца. Уладзімір крайне прынцыповы ў падобных пытаннях, і для яго немагчыма выйсці з галадавання, калі яго патрабаванні хоць у нейкай частцы не будуць выкананыя. У іншым выпадку гэта падрыў ягонай пазіцый як філосафа, які стаіць на ахове паняткаў.

Артыкулы
Палітвязень Уладзімір Мацкевіч абвесціў галадаванне
2022.02.03 17:56

«Жыць можна паўсюль, і тут таксама, калі ёсць дзеля чаго і што-нішто ёсць за душой»

На волю даходзіць не шмат лістоў ад Уладзіміра Мацкевіча. Прыводзім урыўкі некаторых з іх.

«…У 2020 годзе я казаў пра тое, што няздольнасць састарэлай формы беларускай дзяржавы (рэжыму) утрымаць разам і даць магчымасць жыць і развівацца ўсім тром светам у адной краіне, стала глыбіннай падставай нашай рэвалюцыі. І вось ужо ў 2021 годзе дзяржаўны тэрор уплывае на лад жыцця, свядомасць і паводзіны людзей, мяняючы іх, і гэта адбіваецца на стане грамадства.

Вось зараз мой далягляд звужаны, калі не да 4 сцен камеры, то да клопатаў і праблем той супольнасці, якая ізаляваная за гэтымі сценамі. Я памятаю і пра тое, што недзе існуе вялікі свет са сваімі вялікімі праблемамі і мэтамі, але мая штодзённасць запоўненая дробнымі і прымітыўнымі клопатамі. Вось гэта я магу параўнаць з тым, што адбываецца з беларускім грамадствам ва ўмовах ціску, тэрору і рэпрэсій. Звужаюцца рамкі і гарызонты свядомасці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Людзі першага свету ва ўмовах адноснай свабоды жылі інтарэсамі ўсяго свету. Яны былі дастаткова забяспечаныя, каб не думаць аб патрэбах ніжніх узроўняў па «пірамідзе Маслава», гэта значыць аб ежы, цяпле, бяспецы і сацыяльных адносінах. Іх свядомасць і ўвага была засяроджаная на самарэалізацыі і самаактуалізацыі. Гэта і рабіла іх грамадзянамі свету. Але тэрор, эканамічны ціск, сацыяльная небяспека і рызыкі, якія ўзмацняюцца пандэміяй, выводзяць на першы план клопат аб бяспецы. У Маслава пад бяспекай мелася на ўвазе ўпэўненасць у заўтрашнім дні, а цяпер для многіх людзей у Беларусі клопат аб бяспецы азначае ўсведамленне рэальных і высокіх рызык свайму здароўю, жыццёваму ўкладу, асабістай свабодзе і самому жыццю.

Таму першы свет у Беларусі рэзка звужаецца, калі далей так пойдзе, то ад яго ўвогуле нічога не застанецца. Сядзяць у турмах, пазбаўленыя свабоды, адносна нямногія, гэта сотні людзей.

Тысячы падвяргаюцца пагрозам і кароткачасовым рэпрэсіям. Дзясяткі тысяч пакінулі краіну – гэта праява фізічнага скарачэння носьбітаў першага свету. Але яшчэ ў большай ступені гэтае скарачэнне выклікана звужэннем гарызонтаў свядомасці, дэградацыяй запатрабаванняў, каштоўнасцяў і мэт з вышэйшых узроўняў на прымітыўны…».

Артыкулы
«Запіскі філосафа са шкодным характарам». У Варшаве прэзентавалі кнігу Уладзіміра Мацкевіча
2021.12.17 12:38

«Важныя не проста філасофскія развагі і дыялогі, а філасофскі ўчынак»

«Цяпер для мне важныя не проста філасофскія развагі і дыялогі, а філасофскі ўчынак. Ну, ты ведаеш: этас і праксіс, топас і эрас. Ну і логас. Усё гэта ў адным учынку можа быць сабрана. З трох прастораў існавання філосафа: жыццё, дзейнасць і гульня, у нейкі момант я стаў шанаваць жыццё. Трэба сказаць, што ў розныя часы я ставіўся да жыцця досыць легкадумна і безадказна. Больш шанаваў гульню і дзейнасць. Але ў гульнях так бывае: стаўка большая, чым жыццё. І гэта не толькі ў кіно».

«Субота і нядзеля – самыя цяжкія дні ў турме, паколькі ў гэтыя дні не разносяць лістоў. Але асабліва цяжка, калі лістоў няма і ў панядзелак. Сёння якраз такі панядзелак».

«Песні жальбы» пакідаю па-за кантэнтам. Сам я ўжо шмат месяцаў жыву ў аўдыяфармаце. Папросту кажучы, бачу свет не вачыма, а вушамі».

«Шануйце свабоду, жывіце поўным жыццём! І на азёры не лянуйцеся зʼездзіць, і ўсё іншае. У турме разумееш, як шмат рэчаў на свеце, без якіх можна абысціся, але гэта з аднаго боку. А з другога, разумееш, як шмат на свеце ўсяго, чаму не надаваў належнай увагі, калі гэта было магчыма».

«Як ніколі маю час пісаць, і пішу кожны дзень. За дзень у сярэднім атрымоўваецца старонак 9–10 у агульным сшытку. Ужо 6 тоўстых сшыткаў. Першы атрымаўся спавядальным. Гэткі дыялог з Богам і разважанні пра тэалогію і метафізіку, што я не кранаў раней, хоць і разважаў пра гэта час ад часу.

А вось у 5 сшытках – новая кніга. Пакуль працоўная назва «Семіятычная тапалогія». Тут я выкладаю на аперацыях са схемамі свой погляд на філасофію і сацыяльную веду. Напэўна, у іншых умовах я б проста не меў бы часу і натхнення на гэта. Як на мой густ, атрымоўваецца грунтоўна і цікава. Але ж вельмі не хапае абмеркаванняў і дыскусіяў па асобных тэмах.

Але спадзяюся яшчэ выйсці адсюль, і ўжо тады падыскутуем.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Stringer / TASS / Forum

Жыць можна паўсюль, і тут таксама, калі ёсць дзеля чаго і што-нішто ёсць за душой.

Трымаемся! Абдымаю! Да сустрэчы!»

Як можна падтрымаць Уладзіміра Мацкевіча

Уладзіміру Мацкевічу 65 гадоў. 4 жніўня да філосафа прыйшлі супрацоўнікі КДБ, правялі ператрус, вынялі аргтэхніку і дакументы, змясцілі яго ў ІЧУ на Акрэсціна. Праз 10 дзён перавялі ў СІЗА № 1. Мацкевіча абвінавачваюць у «арганізацыі і рыхтаванні дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК). Аднак на Валадарскага ніякіх следчых дзеянняў да гэтай пары не вядзецца.

Пасля арышту Мацкевіча калегі і паплечнікі пастанавілі, што ягоная інтэлектуальная праца мусіць стаць публічнай, і распачалі кампанію для папулярызацыі ідэяў філосафа.

Каманда Мацкевіча запрашае інтэлектуалаў, палітыкаў, аналітыкаў, журналістаў і ўсіх людзей думкі да абмеркавання тэкстаў, ідэяў, прапановаў, ужо агучаных філосафам, і тых, якія ён яшчэ прапануе. Да кампаніі далучыліся філосаф Валянцін Акудовіч, гісторык Алесь Краўцэвіч і іншыя вядомыя асобы.

Паплечнікі Мацкевіча заклікаюць да салідарнасці – дасылаць лісты, ладзіць акцыі падтрымання арыштаванага філосафа.

Філосаф, метадолаг і грамадскі дзеяч Уладзімір Мацкевіч.
Фота: Павел Хадзінскі. Крыніца: pomnim.online / vk.com

Як яшчэ можна падтрымаць Уладзіміра Мацкевіча:

1) Падпішыце петыцыю ў Генеральную пракуратуру і Следчы камітэт з падтрыманнем патрабаванняў Уладзіміра Мацкевіча

2) Дашліце асабісты зварот у Генеральную пракуратуру і Цэнтральны апарат Следчага камітэту. Вось спасылка на шаблон стандартнага звароту ў пракуратуру і Следчы камітэт, які вы можаце паправіць, змяніць, дадаць нешта ад сябе, ці, наадварот, прыбраць, раздрукаваць і адправіць па пошце. А тут кароткая інструкцыя, як адправіць зварот праз формы электроннага звароту.

Распаўсюджвайце інфармацыю пра галадаванне і пра Уладзіміра Мацкевіча любымі даступнымі вам сродкамі, звярніцеся да вядомых і ўплывовых людзей па публічнае выказванне, рэакцыю.

3) Калі ў вас ёсць магчымасць, звярніцеся да міжнародных арганізацыяў або супольнасцяў па публічныя выказванні і звароты.

Напісаць Уладзіміру можна на адрас:

Валадарскага 2, СІЗА № 1, 220030 Менск, Уладзіміру Уладзіміравічу Мацкевічу.

СП, belsat.eu

Стужка навінаў