Сваякі палітвязняў звярнуліся да міжнародных лідараў з заклікам дзеяць больш рашуча


Сваякі цяперашніх палітычных вязняў і шэраг былых палітзняволеных абвясцілі пра аб’яднанне і выступілі з адкрытым зваротам да сусветнай супольнасці, заклікаўшы рабіць больш рашучыя дзеянні для вызвалення палітвязняў.

У ініцыятыўную групу Абʼяднання сваякоў і колішніх палітвязняў уваходзяць сястра Марыі Калеснікавай – Таццяна Хоміч, муж Ірыны Слаўнікавай – Аляксандр Лойка і жонка Уладзіміра Мацкевіча – Святлана Мацкевіч. Усяго пад зваротам на гэты момант стаяць 29 подпісаў.

«Пачынаючы з 2020 года, Беларусь перажывае самыя масавыя палітычныя рэпрэсіі з моманту набыцця незалежнасці. На гэты момант у месцах пазбаўлення волі застаюцца каля 1500 чалавек, прызнаных праваабаронцамі палітычнымі вязнямі. Але нават гэтая жахлівая лічба не адлюстроўвае сапраўдных маштабаў тэрору. Праваабаронцы не ў стане сабраць усёй інфармацыі пра рэпрэсіі, а самі вязні і іхныя родныя часта баяцца расказваць пра тое, што з імі адбываецца, бо баяцца помсты з боку сілавікоў. Між тым, толькі паводле афіцыйных даных за 2,5 года былі распачатыя больш за 11,5 тысячы крымінальных справаў, звязаных з палітыкаю», – адзначаюць аўтары звароту.

Падпісанты кажуць, што ў турмах палітычныя вязні сутыкаюцца са здзекамі, знявагамі і шантажом. Ім абмяжоўваюць ліставанне, пазбаўляюць спатканняў і перадачаў, кідаюць у карцар.

«Нашытыя на вопратку жоўтыя біркі і цяжкая прымусовая праца ў калоніях – гэта тое, якім чынам у Беларусі караюць за іншадумства і жаданне жыць у свабодным грамадстве. Кожны дзень і гадзіна, праведзеныя за кратамі, – гэта катаванне для палітвязняў і іхных сваякоў.

Мы са шкадаваннем вымушаныя канстатаваць, што для вызвалення нашых родных сёння робіцца недастаткова. Падзеі апошніх гадоў у Беларусі часта параўноўваюць з вайной і акупацыяй. Але нават падчас вайны ў палонных ёсць магчымасць вярнуцца дадому. Перад нашымі вачыма – прыклад Украіны: за час канфлікту сотні ўкраінцаў былі вызваленыя з варожага палону ў выніку перамоваў і абмену. Перамовы пра вызваленне палонных ніяк не ўздзейнічалі на рашучасць Украіны змагацца з агрэсарам да поўнага вызвалення ўсіх акупаваных тэрыторыяў – наадварот, вяртанне герояў толькі ўмацоўвае маральны дух грамадства. Мы ж у Беларусі за мінулыя 2,5 года былі сведкамі толькі адзінкавых выпадкаў вызвалення палітвязняў. З аднаго боку, гэта сведчыць пра тое, што цяперашнія падыходы не эфектыўныя. Але з іншага боку, гэта даказвае, што ратаванне палонных рэжыму не ёсць невыканальнаю задачаю.

Вызваленне ўсіх палітвязняў і поўнае спыненне рэпрэсіяў у Беларусі мы лічым задачай, якая не можа ставіцца пад сумневы ні пры якіх абставінах. Але спосабы дасягнення гэтай задачы могуць адрознівацца. Кожны вызвалены палітвязень – гэта ўжо маленькая перамога, якая набліжае нас да галоўнай мэты. Калі сёння ёсць магчымасць уратаваць хаця б аднаго чалавека – мы павінны гэта зрабіць. А заўтра будзем выцягваць з засценкаў тых, каго сёння вызваліць было немагчыма.

Лёс Еўропы сёння вызначаецца на палях бітваў ва Украіне. Але супрацьстаянне расейскай агрэсіі не робіць праблемы палітвязняў у Беларусі менш важнай – у абодвух выпадках гаворка ідзе пра абарону агульначалавечых каштоўнасцяў. Мы заклікаем лідараў свабоднага свету да больш рашучых дзеянняў у вызваленні палітвязняў. Гэтыя дзеянні маюць уключаюць у сябе перамоўныя працэсы, намаганні як публічнага, так і непублічнага характару. Мы ў сваю чаргу гатовыя актыўна ўдзельнічаць у распрацоўцы новых падыходаў, тактыкі і стратэгіі», – сказана ў звароце.

Сярод публічных падпісантаў ёсць наступныя імёны:

  • Таццяна Хоміч, сястра палітзняволенай Марыі Калеснікавай;
  • Аляксандр Лойка, муж палітзняволенай журналісткі Ірыны Слаўнікавай;
  • Ігар Ільяш, муж палітзняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай;
  • Вольга Івашына, жонка палітычнага вязня журналіста Дзяніса Івашына;
  • Святлана Мацкевіч, былая жонка палітычнага вязня Уладзіміра Мацкевіча;
  • Віктар Пархімчык, былы палітычны вязень;
  • Іна Шырокая, былая палітзняволеная;
  • Дар’я Чульцова, журналістка, былая палітзняволеная;
  • Сяргей Стальмакоў, былы палітычны вязень;
  • Вадзім Хіжнякоў, былы палітычны вязень;
  • Галіна Антончык, дачка палітычнага вязня Рыгора Кастусёва;
  • Яна Кавалёва, сястра палітычнага вязня Іллі Верамеева;
  • Анатоль Панькоўскі, муж палітзняволенай Валерыі Касцюговай;
  • Надзея Лучанок, дачка палітычнага вязня Уладзіміра Мацкевіча;
  • Ігар Юрчык, сын палітычнага вязня Аляксандра Юрчыка.

Адкрыты збор подпісаў пад зваротам праз тэлеграм-канал.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў