Ці магчымы дыялог Аляксандра Лукашэнкі з Захадам?


Як Расея разглядае Беларусь у вайсковых стратэгіях і планах? Што чакае нашу дзяржаву ў 2022 г.? Ці сутыкнуцца беларусы з абвастрэннем сітуацыі ў рэгіёне? Пры якіх умовах магчымы дыялог рэжыму Аляксандра Лукашэнкі з Захадам? Каментуюць палітолаг Андрэй Ягораў, дарадца Святланы Ціханоўскай Валер Кавалеўскі ды Лаўрынас Касчунас, старшыня камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны Сейму Літвы.

Больш за 500 дзён супрацьстаяння, непрызнавання Лукашэнкі прэзідэнтам, татальных рэпрэсіяў і знішчэння грамадзянскай супольнасці. У стане глыбокага палітычнага крызісу Беларусь крочыць у новы год. Якія сцэнары развіцця падзеяў нас чакаюць у 2022 годзе?

Андрэй Ягораў, дырэктар Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі:

«Першы сцэнар, што ўсё застаецца так, як ёсць. Пакуль ёсць палітычныя зняволеныя, то дзейнічае рэжым санкцыяў, супрацоўніцтва мінімальнае. Кантакты адбываюцца на ўзроўні вышэйшых чыноўнікаў. Другі сцэнар, што дзесьці да канца года зможам назіраць спробы кантактаў з беларускім палітычным рэжымам, але гэта калі ў Беларусі не будзе адбывацца значных эксцэсаў».

Калі сёлета не будзе эксцэсаў, як захоп самалёта кампаніі Ryanair ці наўмысна створаны міграцыйны крызіс на межах з Еўразвязам, то Еўропа магла б пайсці на дыялог, лічыць адмысловец. Што праўда, дыялог можа адбыцца не на самым вышэйшым узроўні. Ці азначала б гэта паслаблення пазіцыяў офісу Святланы Ціханоўскай і дэмакратычнага руху?

Андрэй Ягораў, дырэктар Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі:

«Я думаю, што пазіцыя офісу Ціханоўскай пры той сітуацыі, якая складваецца, і так будзе слабець, бо для таго, каб пазіцыя была моцнай і мацнела, павінна, каб быў кантроль над сітуацыяй унутры Беларусі, кантроль над працэсамі, лідарства над гэтымі працэсамі і гэтак далей. То бок не санкцыі ці адсутнасць дыялогу з рэжымам даюць суб’ектнасць офісу Ціханоўскай, а іх рэальны ўплыў на працэсы ўнутры Беларусі».

ВІДЭА
У адной камандзе з Уладзімірам Пуціным. Каго грае Аляксандр Лукашэнка?
2021.12.31 23:57

Прадстаўнікі офісу Святланы Ціханоўскай запэўніваюць, што не будуць змяншаць абаротаў сваёй дзейнасці. Але ці не азначае гэта, што каманда Ціханоўскай па коле зноў будзе аб’язджаць заходніх лідараў?

Валер Кавалеўскі, дарадца Святланы Ціханоўскай:

«Будуць візіты ў краіны, якія суседнічаюць з Беларуссю. Гэта наш прыярытэт. Таксама ў такія важныя краіны, як Францыя, Германія, Бельгія. Таксама мы разглядаем краіны ўсходняй Еўропы. Таксама плануецца візіт у Паўночную Амерыку. Для нас вельмі важна, каб пытанне Беларусі станавілася сістэмным».

Праца будзе сістэмнай, а гэта значыць, што на праграмы пераменаў Беларусь можа атрымаць болей за абяцаныя 3 мільярды еўраў. Тым больш што ў такіх заможных краінах, як Швецыя і Нямеччына, новыя ўрады задэкларавалі прыярытэтнасць беларускага пытання. Але гэта не набліжае сыходу дыктатара. Ён да апошняга гатовы трымацца за крэсла, нават уцягвацца ў вайсковыя афёры Расеі.

Лаўрынас Касчунас, старшыня камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны, Сейм Літвы:

«Я б больш думаў геапалітычнымі катэгорыямі, пра тое, што адбываецца вакол Украіны. Гэты будзе ўплываць на Беларусь стоадсоткава. Гэта пытанне, наколькі Беларусь можа яшчэ быць самастойнай дзяржавай. Ва ўсіх вайсковых стратэгіях і планах Расеі Беларусі як самастойнай дзяржавы ўжо няма. І гэта самая галоўная трагедыя».

Літва і Польшча летась прадэманстравалі Захаду, як далёка могуць пайсці ў падтрыманні дэмакратычных зменаў у Беларусі ды заплацілі за гэта немалы кошт. Але калі ў 2022 годзе спраўдзіцца самы чорны сцэнар: Расея ад гібрыдных атак пяройдзе да поўнамаштабнага вайсковага канфлікту, – што будуць рабіць суседзі Беларусі, якія пакуль толькі будуюць плот на мяжы з нашай краінай?

«Калі мы пабачым, што дэ-факта мяжа з Беларуссю стане мяжой з Расейскай Федэрацыяй, што магчыма, тады мы будзем абараняць сваю дзяржаву. Вы бачыце, што цяпер будуецца фізічны бар’ер – плот праз міграцыю. Больш NATO тут, больш Еўрапейскага Звязу тут. Будзем больш думаць пра нацыянальную бяспеку краіны. Але, вядома, калі вы мяне пытаецеся, ці будзе падтрыманне вашаму грамадству: маральнае, палітычнае ці нейкае іншае, то канечне. Гэтае пытанне не сыдзе на другі план», – мяркуе Лаўрынак Касчунас.

Пакуль Лукашэнка спрабаваў прадаць Пуціну канстытуцыйныя змены ў Беларусі па-казашкім сцэнары і вызначаўся з датаю рэферэндуму. Пратэсты, якія выбухнулі ў Казахстане, прадэманстравалі, што перадача ўлады нават самай праверанай марыянетцы не гарантуе спакою. Бо рана ці позна народ або палітычныя эліты падымаюць галаву.

Вольга Міцкевіч для праграмы «ПраСвет»

Стужка навінаў