«Папрасілі б павесіць, знайшлі б прычыну». У Хойніках на дзяржпрадпрыемствах ідзе зачыстка нелаяльных


У райцэнтры Хойнікі Гомельскай вобласці, як і ў іншых гарадах Беларусі, працягваецца зачыстка людзей, заўважаных у нелаяльнасці да дзеючай улады.

Як паведамілі «Белсату» жыхары Хойнікаў, нязгодных у горадзе звальняюць з розных прадпрыемстваў: трох чалавек – з камунальных службаў, столькі ж – з Палескага радыяцыйнага запаведніка. З цэнтральнай раённай бальніцы плануюць звольніць двух санітарак. Прыйшлі спісы нядобранадзейных і ў мясцовы Дом культуры.

«На ўсе арганізацыі прыйшлі паперы прыбраць з працы па тры чалавекі. Вось так вось і да Хойнікаў дайшла зачыстка», – распавёў карэспандэнту «Белсату» адзін са звольненых супрацоўнікаў.

Hавiны
Новая пасада дзеля зачысткі? Як КДБ звальняе людзей на «Беларуснафце»
2021.11.26 15:50

«Мне патэлефанаваў мой непасрэдны начальнік і папрасіў прыехаць раніцай у кантору. На маё пытанне, што здарылася, не мог адказаць. Мяне папрасілі зайсці да дырэктара, і там пачалося самае цікавае! Ён адразу працягнуў мне лісток паперы, дзе было напісана, што я абавязуюся не браць удзелу ў несанкцыянаваных мерапрыемствах, ну і гэтак далей», – адзначыў суразмоўца.

Паводле яго слоў, ён падпісаў «гэтую паперку ў надзеі на тое, што мяне адправяць далей працаваць».

«Але ж не. Ён [дырэктар. – Рэд. Belsat.eu] пачаў заходзіць здалёк. Накшталт, ну вось нам прыйшла папера, мы не можам яе праігнараваць, зразумейце. Прыйшла на вас у тым ліку», – адзначае суразмоўца.

Hавiны
«Адраджэнне рэкруцкай павіннасці». Ці чакаць уцёкаў студэнтаў ад 10-гадовага размеркавання для медыкаў
2021.11.11 15:38

Яму было прапанавана на выбар два выйсця з гэтай сітуацыі: самастойна напісаць заяву аб сыходзе па пагадненні бакоў або «мы будзем везці за вамі жорсткае назіранне і паверце, мы знойдзем прычыну». У выніку суразмоўца абраў звальненне па пагадненні бакоў.

Звольненыя адзначаюць, што ні наяўнасць дзяцей, ні матэрыяльныя цяжкасці не спыняюць кіраўніцтва ад звальненняў.

«Яны настолькі любяць Рыгоравіча, што ні аб якім патуранні няма і гаворкі. Яшчэ не паспелі дагаварыць, а яны ўжо ўсё зрабілі. Калі б папрасілі павесіць чалавека, без усялякіх сумневаў яны знайшлі б прычыну для гэтага», – распавядае звольнены жыхар Хойнік.

Пры гэтым тыя супрацоўнікі, хто пакуль яшчэ застаецца працаваць, «у шоку ад усяго таго, што адбываецца».

Большасць з іх не з’яўляюцца прыхільнікамі дзеючых уладаў, «датэрмінова галасаваць практычна прымусілі». Хоць «ёсць, вядома, і такія [ябацькі. – Рэд. Belsat.eu]», – падкрэсліў суразмоўца.

Аналітыка
«Аказаліся не такія адданыя». Рэжым масава зачышчае нелаяльных працаўнікоў
2021.11.24 19:32

Нагадаем, што па дзяржпрадпрыемствах Беларусі ідзе чарговая хваля звальненняў па палітычных матывах. Работнікі з розных сфер і розных куткоў краіны паведамляюць аб звальненнях на падставе спецыяльных спісаў.

Адных звальняюць за подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў на мінулых прэзідэнцкіх выбарах, іншых – за меркаваны ці пацверджаны ўдзел у акцыях пратэсту.

Масавыя звальненні заўважаных у нелаяльнасці работнікаў пачынаюць прыносіць першыя эканамічныя цяжкасці. І ўлады ўжо нават гэта прызнаюць, хай і пакуль даволі нясмела.

Аналітыка
«Галоўны крытэрый работніка – палітычная лаяльнасць». Як звальненні нязгодных спараджаюць кадравы голад
2021.12.03 10:17

МГ/ДБ belsat.eu

Стужка навінаў