Чытачы «Прессбола» назвалі найлепшым футбалістам года Іллю Шкурына, які падтрымаў беларусаў


На сваім сайце выданне размясціла апытанне на вызначэнне найлепшага футбаліста года. Са значнаю перавагаю перамог форвард кіеўскага «Дынама», набраўшы 30,1 % галасоў. Навіну пра перамогу Іллі Шкурына выдалілі з сайта «Прэсболу».

У сярэдзіне жніўня летась, пасля масавага гвалту на вуліцах беларускіх гарадоў, тагачасны нападнік маскоўскага ЦСКА Ілля Шкурын трапіў у пашыраны спіс нацыянальнай зборнай Беларусі, на што футбаліст адказаў у сваім Instagram:

«Пра траплянне ў пашыраны спіс зборнай краіны зноў даведаўся праз сацыяльныя сеткі, таму свой адказ пішу таксама тут. Рэпрэзентаваць інтарэсы нацыянальнай каманды я адмаўляюся да таго часу, пакуль дзеіць рэжым Лукашэнкі. Жыве Беларусь!»

Ілля Шкурын. Крыніца: pressball.by

Акрамя гэтага, гулец адправіў афіцыйную адмову выступаць за Беларусь у АБФФ. Не зважаючы на гэта, федэрацыя выклікала Шкурына ў моладзевую зборную Беларусі. Ілля не прыехаў. Тады Беларуская федэрацыя футболу скіравала ў Дысцыплінарны камітэт ФІФА запыт, у якім прасіла ўжыць санкцыі супраць Шкурына за няяўку ў моладзевую зборную на гульні супраць Нідэрландаў і Партугаліі ў верасні 2020 года. У выніку міжнародная федэрацыя стала на бок Іллі.

Улетку 2021 года Шкурын змяніў ЦСКА на кіеўскае «Дынама», дзе пакуль не стаў гульцом асноўнага складу.

Крыніца: pressball.by

З 6867 асобаў за Іллю прагаласавалі 2064 чалавекі (альбо 30,1 %), на другім месцы – нападнік «Гомля» Андрэй Салавей, за якога аддалі голас 1632 асобы (23,8 %), на трэцім месцы з 10,6 % – яшчэ адзін форвард Віталь Лісаковіч, з маскоўскага «Лакаматыва».

Цікава, што ў гэтым сезоне Шкурын у афіцыйных гульнях галоў не забіваў, а Салавей стаў другім бамбардзірам чэмпіянату Беларусі. Ён забіў 18 мячоў і аддаў 7 галявых перадачаў. Гэта кажа толькі пра адно: людзі галасуюць за пазіцыю, а не за тое, як ты гуляеш у футбол.

Некалі самая папулярная спартовая газета краіны летась была разгромленая, яе пакінулі амаль усе асноўныя журналісты. Некаторыя з іх, каб не займацца прапагандаю, нават пайшлі працаваць у таксі.

Цяпер, акрамя заўзятараў, найлепшага футбаліста Беларусі будуць абіраць журналісты, самі гульцы, суддзі ды інспектары. Ці ўдасца Шкурыну перамагчы сярод іх? Толькі пасля гэтага апытання назавуць найлепшага футбаліста краіны.

АС belsat.eu

Стужка навінаў