Ціханоўская абмеркавала з прадстаўніцай YouTube падтрымку беларускай мовы і блакаванне прапаганды рэжыму


Святлана Ціханоўская наведала рэгіянальны офіс YouTube у Берліне, дзе сустрэлася з кіраўніцай платформы, адказнай за сувязі з урадамі, Забінэ Франк. На сустрэчы абмеркавалі падтрыманне беларускай мовы на платформе YouTube, прасоўванне беларускага кантэнту і блакаванне рэжымнай прапаганды.

Святлана Ціханоўская сустрэлася з кіраўніцай YouTube, адказнай за сувязі з урадамі, Забінэ Франк.
Фота: tsikhanouskaya.org

Прадстаўніца YouTube адзначыла, што магчымасць падтрымання беларускай мовы ў «Google Ads» ужо абмяркоўваецца. Што датычыць сэрвісаў YouTube, то нашая мова падтрымліваецца ў большасці з іх, даступная ў інтэрфэйсе, акрамя таго, дазваляецца манетызацыя беларускамоўнага кантэнту. Акрамя таго, YouTube прапануе бясплатныя рэкламныя бюджэты для беларускіх грамадзянскіх арганізацыяў і медыяў праз партнёрскую арганізацыю «TechSoup».

Забінэ Франк падкрэсліла, што YouTube адсочвае і імкнецца выдаляць «пакаянныя» відэа, запісаныя рэжымам. Каналы і акаўнты прапагандыстаў і арганізацыяў, супраць якіх уведзеныя санкцыі ЕЗ, ЗША ці Вялікай Брытаніі, таксама выдаляюцца з платформы.

Разбор
Каб паўплываць на алгарытмы «Google», трэба змяніць мадэль паводзінаў у інтэрнэце цэлай нацыі
2023.11.04 08:00

Беларуская лідарка звярнула ўвагу на дамінаванне расейскага і прапагандысцкага кантэнту ў трэндах YouTube і на тое,  што незалежныя медыя з нейкіх прычынаў у трэнды не трапляюць. Прадстаўніца YouTube паабяцала звярнуць на гэта ўвагу.

Ціханоўская і Франк таксама абмеркавалі магчымасць арганізацыі трэнінгаў для беларускіх медыяў і ініцыятываў з удзелам спецыялістаў YouTube.

У Офісе Святланы Ціханоўскай створаны спецыяльны аддзел для супрацы з тэхнічнымі кампаніямі, каб прымаць запыты ад беларусаў, беларускіх арганізацыяў, медыяў, НДА. Каб расказаць пра сваю канкрэтную праблему, можна пісаць на адрас tech@tsikhanouskaya.org: напрыклад, можна звяртацца, калі трэба адблакаваць нейкі рэсурс або, наадварот, заблакаваць прапагандысцкі відэаролік, а таксама з іншымі пытаннямі.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў