Сойм Літвы ўхваліў прапанову ўрада краіны аб увядзенні надзвычайнага становішча на ўсім участку мяжы з Беларуссю. Рэжым пачне дзейнічаць з паўночы, паведамляе «Delfi».
Рэжым надзвычайнага становішча будзе дзейнічаць месяц, на мяжы з Беларуссю і на тэрыторыі, якая аддалена ад мяжы на пяць кіламетраў углыб краіны, а таксама ў месцах рассялення мігрантаў.
Надзвычайнае становішча ўводзіцца ўпершыню пасля аднаўлення незалежнасці Літвы. Яно прадугледжвае абмежаванні на перамяшчэнні ў прыгранічнай зоне.
Раней паведамлялася, што ўначы з 8 на 9 лістапада беларускія памежнікі перакінулі да мяжы з Літвой сотні мігрантаў. Вялікая група ўначы разбіла лагер на беларускім баку, каля мяжы з Літвой, побач з Капчаміесціцкай пушчай, каля паселішча Кадыш.
Адзначаецца, што 500 чалавек сюды даставілі з таго месца, дзе напярэдадні сабралася вялікая група мігрантаў ля мяжы з Польшчай. Некаторыя групамі ўжо спрабавалі прабрацца на літоўскую тэрыторыю, на раніцу 9 лістапада літоўскія памежнікі спынілі 82 такія спробы.
АД, belsat.eu