Праз Крымскі мост аднавіўся рух легкавікоў на дзвюх палосах


Пачаўся рух аўтамабіляў праз Крымскі мост пасля выбуху на ім цяжкавіка. Пакуль прапускаюць толькі легкавыя аўтамабілі, а перад заездам на Крымскі мост іх будуць даглядаць, заявіў кіраўнік Крыму Сяргей Аксёнаў.

Крымскі мост 9 кастрычніка. Скрыншот з відэа: mkhusnullin/Telegram

Грузавому транспарту і аўтобусам рэкамендуецца скарыстацца паромам, які пачаў працу ўвечары 8 кастрычніка. Таксама ўчора ўвечары запусцілі рух транспарту праз чыгунку.

«Да асаблівага распараджэння рух праз аўтамабільную частку Крымскага мосту будуць ажыццяўляць толькі легкавыя аўтамабілі. Чыгуначная ветка будзе працаваць у штатным рэжыме. Транспартаванне аўтобусаў усіх тыпаў і велікагрузных аўтамабіляў будзе выконвацца паромам. Паромная пераправа будзе працаваць бясплатна», – заявіў Сяргей Аксёнаў.

Таксама ён дадаў, што праца для гарантавання бяспекі на аб’ектах марскога транспарту ўзмоцненая: «Дагляд транспартавых сродкаў і грамадзянаў праводзіцца сіламі лінейнага аддзелу паліцыі, а таксама падраздзяленнем транспартавай бяспекі ДУП РК «Крымскія марскія парты».

Пакуль рух аднавілі на дзвюх палосах, якія не пацярпелі падчас выбуху, паведаміў віцэ-прэм’ер РФ Марат Хуснулін.

«На аўтадарожнай частцы наладзілі асвятленне, нанеслі новую разметку, аднавілі барʼерную агароджу. Цяпер на аўтамабілі праз мост можна будзе праехаць хутчэй», – распавёў віцэ-прэмʼер.

Нагадаем, на Крымскім мосце раніцай 8 кастрычніка адбыўся выбух. Праз выбух былі разбураныя тры пралёты аўтамабільнай часткі мосту, а таксама загарэўся цягнік з цыстэрнамі на чыгуначнай частцы. Следчы камітэт Расеі сцвярджае, што ў выніку здарэння загінулі тры асобы.

Аб’ектыў
Выбух на Крымскім мосце: версіі і наступствы
2022.10.08 22:37

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў