Колькі школьнікаў навучаецца на беларускай мове? І праблемы з пашпартамі беларусаў замежжа. Галоўныя падзеі ў малюнках


Самай гарачай тэмай тыдня стаў указ Аляксандра Лукашэнкі № 278, што рэзка абмежаваў правы і магчымасці беларусаў, якія жывуць за межамі радзімы. Мастак Дэ Лёс паказвае галоўныя падзеі тыдня з дапамогаю карыкатураў.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Пасля 7 верасня беларускія амбасады і консульствы перасталі выдаваць ці абменьваць пашпарты, іх можна будзе атрымаць толькі ў Беларусі паводле месца прапіскі (або ў галоўным консульскім упраўленні МЗС ці ў падраздзяленні МУС па месцы апошняй рэгістрацыі ў Беларусі, калі асоба мае пашпарт серыі PP і не мае рэгістрацыі ў Беларусі). Гэта таксама датычыць прастаўлення апастылю і выдачы шэрагу іншых дакументаў.

Абноўлена
Замежныя даверанасці і пашпарты ператворацца ў «гарбуз»? Лукашэнка падпісаў новы ўказ
2023.09.05 12:05

Каля 10 % школьнікаў у нашай краіне навучаюцца на беларускай мове, паведаміў міністр адукацыі Андрэй Іванец у эфіры праграмы «Вопрос номер один» на тэлеканале «Беларусь 1». Гэтыя вучні пераважна ходзяць у вясковыя школы.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Сапраўды, у Беларусі беларускамоўныя школы пераважна месцяцца ў вёсках, аднак цягам апошніх гадоў яны паступова закрываюцца праз малую колькасць вучняў. Разам з тым у Беларусі шмат гарадоў, дзе ў школах няма ніводнага беларускамоўнага класу. Беларуская мова ў большасці школаў прысутнічае толькі ў выглядзе ўрокаў беларускай мовы і літаратуры. Нават гісторыя Беларусі выкладаецца па-расейску.

Абноўлена
Нобэлеўскі камітэт усё ж запрасіў амбасадараў Беларусі і Расеі. Вось як патлумачылі
2023.09.05 09:06

Нобэлеўскі камітэт усё ж запрасіў амбасадараў Беларусі і Расеі. Хоць спачатку вырашылі не запрашаць.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Нобэлеўскі фонд перадумаў клікаць амбасадараў Беларусі, Ірану ды Расеі на цырымонію ўручэння прэміяў у Стакгольме, аднак запрашэнне на ўручэнне прэміі міру ў Осла 10 снежня надалей мае моц.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Калі вы хочаце выехаць з Беларусі праз Берасце ці Каменны Лог, запасайцеся цярплівасцю, ежай і пітвом. Чэргі ў Польшчу і Літву вялізныя, а Памежны камітэт не бярэцца прагназаваць, калі стане лепей.

Агляд
Лепей не будзе? Што з чэргамі на межах Беларусі і куды ехаць, каб хутчэй прапусцілі
2023.08.29 13:43

І яшчэ раз пра ўказ № 278. Апроч праблемаў з пашпартамі, якія немагчыма абмяняць за мяжою, цяпер аформіць угоды з маёмасцю (напрыклад, прадаць кватэру, дом альбо аўта) можна будзе альбо пасля асабістага звароту, альбо праз даверанасць, аформленую на тэрыторыі Беларусі. Даверанасці, якія былі аформленыя ў замежжы, страцілі моц на тэрыторыі Беларусі.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

«Людзі не змогуць распараджацца сваёй маёмасцю, калі яны не маюць даверанасці, выдадзенай ім на тэрыторыі Беларусі, або калі яны самі не паедуць у Беларусь. Застаецца толькі сказаць: добра, што яшчэ рэжым не адбірае маёмасці, але думаю, што гэта будзе наступным крокам», – адзначыў у каментары «Белсату» юрыст і прадстаўнік НАУ Арцём Праскаловіч.

Дэ Лёс belsat.eu

Стужка навінаў