«Chatham House»: 42 % беларусаў лічаць, што вайна ва Украіне не мае сэнсу


Паводле новага даследавання «Chatham House», 42 % беларусаў лічаць вайну ва Украіне, якую развязала Расея, бессэнсоўнай. Яшчэ ў красавіку 2022 года такое меркаванне выказвалі толькі 33 % нашых суайчыннікаў. Вынікі чарговага сацыялагічнага апытання прэзентаваў 9 верасня ў Варшаве кіраўнік беларускай ініцыятывы «Chatham House» Рыгор Астапеня.

У межах даследавання «Як змянілася стаўленне беларусаў да вайны за паўгода» метадам онлайн-інтэрв’ю былі апытаныя 793 рэспандэнты ў Беларусі (гарадскія жыхары). Як сцвярджаецца, статыстычная памылка выбаркі не перавышае 3,5 %.

«Грамадская думка топчацца на месцы»

«Беларуская грамадская думка троху топчацца на месцы, то бок кардынальных зменаў за паўгода не адбылося. Але беларусы дэманструюць рост жадання дыстанцыявацца ад вайны ва Украіне і ў большасці не падтрымліваюць дзеянняў расейскай арміі, чакаючы ад вайны негатыўных наступстваў для Беларусі і для сябе асабіста», – сказаў Рыгор Астапеня.

Гэтак, паводле апытання, колькасць тых, хто лічыць, што варта было падтрымаць Расею пасля пачатку вайны (без уступлення ў яе Беларусі) знізілася за паўгода на 6 % (з 28 % да 22 %). І тых, хто за вайну, робіцца ўсё менш. Пры гэтым ідэя ўступлення Беларусі ў вайну на тым ці іншым баку як была, так і застаецца маргінальнай.

Вынікі даследавання «Chatham House». Скрыншот відэа: Press Club Belarus / YouTube

Агулам прыхільнікаў уступлення Беларусі ў вайну толькі 7 %. Рыгор Астапеня адзначае імкненне грамадства да нейтральнасці краіны.

45 % беларусаў не падтрымліваюць дзеянняў Расеі

На простае пытанне «Падтрымліваеце ці не ваенныя дзеянні Расеі ва Украіне?» у жніўні 2022 года 45 % апытаных адказалі адмоўна. Лічба не задаволеных дзеяннямі Расеі вырасла на 2 % за пару месяцаў. Адзначым, што поўнае ці частковае падтрыманне выказалі 30 % рэспандэнтаў.

Вынікі даследавання «Chatham House». Скрыншот відэа: Press Club Belarus / YouTube

Наконт чаканняў наступстваў вайны беларусы робяць песімістычныя прагнозы. У жніўні 51 % апытаных адказалі, што чакаюць негатыўных наступстваў для Беларусі (толькі 16 % настроеныя аптымістычна).

Цікава, што, паводле вынікаў апытання, 38 % беларусаў лічаць, што расейцы дзеюць на вайне паспяхова. Аднак ацэнка паспяховасці дзеянняў украінскіх ці расейскіх войскаў залежыць, на погляд даследчыка, ад таго, з якіх медыяў бяруць інфармацыю апытаныя.

Грамадства не асудзіла б вайскоўцаў, якія адмовіліся б ваяваць

Павялічылася колькасць тых, хто згаджаецца са сцверджаннем, што беларускія войскі не будуць удзельнічаць у вайне з Украінай (у параўнанне з красавіком – на 6 %). 

  • Згодных з тэзай, што гэтая вайна не мае сэнсу, таксама пабольшала на 7 %, і ў жніўні іх стала 42 %.
  • Пры гэтым 41 % беларусаў лічыць, што Расея не ўжывае ва Украіне зброі супраць мірных грамадзянаў.
  • 22 % беларускіх гараджанаў мяркуюць, што іхныя суайчыннікі нясуць адказнасць за тое, што з тэрыторыі Беларусі вядуцца ваенныя дзеянні супраць Украіны (з красавіка іх паболела на 6 %).

Апытаныя таксама мяркуюць, што беларускія вайскоўцы ў выпадку, калі б Беларусь вырашыла ўступіць у вайну, паспрабавалі б пазбегнуць удзелу ў ёй. У жніўні 20 % рэспандэнтаў адказалі, што нашыя жаўнеры і афіцэры адмовіліся б ваяваць і склалі б зброю (зніжэнне з красавіка на 2 %). Цікава, што калі ў красавіку дзеянні беларускіх вайскоўцаў, якія б склалі зброю, ухвалілі 42 % апытаных, то ў жніўні падтрымалі такое рашэнне 49 %. Беларускае грамадства не асудзіла б адмоўнікаў.

Між тым, пятая частка апытаных упэўненая, што беларускія вайскоўцы ўзялі б актыўны ўдзел у вайне ва Украіне.

«Антызаходняя прапаганда ў Беларусі не працуе»

Нягледзячы на вайну, беларусы выказваюць пазітыўнае стаўленне і да Украіны (65 %) і да Расеі (71 %).

«Гэта можна патлумачыць тым, што нас звязвае не толькі вайна, а супольны культурны багаж, крэўныя сувязі. І адзначым, што беларусы ў гэтым сэнсе прагматычныя – пазітыўна ставяцца да абодвух бакоў канфлікту», – зазначыў Рыгор Астапеня.

На падставе вынікаў апытання ён таксама робіць выснову, што антызаходняя прапаганда ў Беларусі не працуе. Беларусы не сталі кардынальна горш ставіцца за гэтыя паўгода да заходніх дзяржаваў. Стаўленне да Польшчы, Літвы, краінаў ЕЗ, нават ЗША дастаткова пазітыўнае і паволі паляпшаецца – нягледзячы на прапаганду і санкцыі, якія гэтыя краіны ўвялі супраць Беларусі.

Вынікі даследавання «Chatham House». Скрыншот відэа: Press Club Belarus / YouTube

Між тым, у стаўленні да чалецтва Беларусі ў АДКБ назіраецца пэўны раскол грамадства: 47 % – за захаванне чалецтва, 53 % – супраць (11 % з іх выступаюць за ўступленне ў NATO).

У даследаванні адзначаецца і негатыўнае стаўленне да прысутнасці расейскіх вайсковых базаў на тэрыторыі Беларусі (43 %) і да магчымага размяшчэння ў краіне ядравай зброі (82 %).

«Вайна вымусіла беларусаў перастаць верыць у сіметрычныя сяброўскія дачыненні і з Расеяй і з Еўразвязам», – сцвярджаюць аўтары даследавання.

Гэты «сіметрызм» разбураецца за кошт тых, хто выказвае прыхільнасць да арыентацыі на краіны ЕЗ. У верасні 2020 года за палітычны саюз з Еўразвязам выступалі толькі 9 % беларусаў, у жніўні 2022-га – 17 %.

Чаму не змяншаецца колькасць прыхільнікаў інтэграцыі з Расеяй

Але вырасла і колькасць прыхільнікаў інтэграцыі з Расеяй (з 27 % да 37 %). Пры гэтым большасць беларусаў па-ранейшаму не зацікаўленыя ў палітычным або ваенным саюзе з Расеяй. Зацікаўленасці – чыста эканамічныя (68 %). Толькі 4 % лічаць, што Беларусь мае ўвайсці ў склад РФ.

Чаму доля прыхільнікаў саюзу з Расеяй не змяняецца? Рыгор Астапеня мяркуе, што на гэта ўплывае шмат розных фактараў.

«Ёсць нейкія доўгатэрміновыя палітычныя ўстаноўкі, бо людзі працяглы час жылі ў нейкай ступені, можна сказаць, у «русским мире» – расейскі тэлевізар, расейскае культурнае жыццё, расейская царква. І досыць складана гэтым асобам змяняць стаўленне да Расеі, нават калі думаюць, што яна нешта не тое робіць», – тлумачыць сацыёлаг.

Рыгор Астапеня (справа) падчас прэзентацыі апытання «Chatham House».

Чарговыя фактары, на ягоны погляд, – гэта ўплыў прапаганды і эканамічны інтарэс.

«Мы цяпер гандлюем фактычна толькі з Расеяй. Усё завязана на ёй. Мяркую, што сукупнасць гэтых фактараў уплывае на тое, што частка людзей, безумоўна, будзе заставацца прарасейскай», – кажа Астапеня.

Але і іх нельга атаясамліваць з расейцамі, падкрэслівае сацыёлаг.

«Важна, што ўсё ж беларусы пераважна супраць гэтай вайны. І калі параўнаць з сітуацыяй 2014 года – гэта істотныя змены. І гэтыя змены паказваюць, што, нягледзячы на ўсе палітычныя ўстаноўкі, – беларусы не расейцы, а самастойныя людзі, якія маюць уласны пункт гледжання», – падсумаваў Рыгор Астапеня.

Сацыялагічнае апытанне «Як змянілася стаўленне беларусаў да вайны за паўгода» праводзілася з 4 да 21 жніўня 2022 года. Гэта ўжо чацвёртае даследаванне «Chatham House» ад пачатку вайны ва Украіне і 11-е з 2020 года. Прэзентацыя даследавання была арганізаваная «Press Club Belarus».

Аналітыка
Вардамацкі: 85 % беларусаў – супраць уводу войскаў ва Украіну, і гэта – «кансалідацыя без сцяга»
2022.07.04 23:21

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў