«Рэгістрацыя сёння не дае нічога». Ігар Казмярчак пра ліквідацыю Звязу


Улады Беларусі працягваюць знішчаць недзяржаўныя арганізацыі. 8 верасня Віцебскі абласны суд пазбавіў рэгістрацыі аршанскае моладзевае грамадскае аб’яднанне «Звяз», якое існавала з 1999 года. Старшыня арганізацыі Ігар Казмярчак упэўнены, што Звяз і надалей працягне сваю дзейнасць.

Старшыня арганізацыі Ігар Казмярчак.
Фота: https://www.facebook.com/ihar.kazmierchak

Афіцыйнаю падставаю для ліквідацыі зрабілася парушэнне Звязам патрабавання з 6 часткі 24 артыкулу Закону аб грамадскіх аб’яднаннях:

«Мы не змаглі своечасова здаць штогадовай справаздачы, якая робіцца ў пачатку года, бо на той час у мяне элементарна не было тэхнікі, каб яе зрабіць, – тлумачыць Belsat.eu старшыня арганізацыі Ігар Казмярчак.

На думку кіраўніцтва Звязу, сапраўдная прычына ліквідацыі аб’яднання звязаная з рэпрэсіямі супраць НДА ў Беларусі:

«Сёлета падчышчаюць усіх, і не важна, ці ёсць на гэта падставы. Гэта спроба зачысціць публічную прастору, але, на маю думку, гэта памылка. Калі ў арганізацыі ёсць рэгістрацыя – ты хаця б бачыш, чым яна займаецца. А калі арганізацыі сыдуць у паўпадполле, не думаю, што для дзяржавы будзе лепш».

Звяз зарэгістравалі яшчэ ў 2000 годзе, на цяперашні момант ён лічыўся адзінаю моладзеваю грамадскай арганізацыяй у Воршы, якая не падначальвалася ні БРСМ, ні гарвыканкаму. Паводле Ігара Казмерчака, колькасць адначасовых сябраў аб’яднання магла даходзіць да 100 асобаў:

«Натуральна, што рэальная лічба была меншая, бо часам людзі з’язджалі з Воршы, але не спынялі свайго сяброўства. Але магу дакладна сказаць, што за ўсе гады існавання аб’яднання праз сяброўства ў Звязе прайшлі больш за 2000 чалавек. Гэта цэлая эпоха, але мы і цяпер не збіраемся спыняцца».

«Звяз» з Воршы быў ліквідаваны.
Фота: https://vk.com/photo-116299221_419031617

Асноўным заданнем арганізацыі было аб’яднаць моладзь на дэмакратычных прынцыпах, а таксама адукаваць і выхаваць яе праз адпачынак. За час існавання Звязу тысячы маладых аршанцаў здолелі ўзяць удзел у сотнях разнастайных імпрэзаў, асобныя з якіх насілі сапраўды масавы характар:

«На працягу двух з паловаю гадоў мы праводзілі турніры па дваровым футболе. Для прыкладу, у адным такім турніры маглі браць удзел адначасова 200–300 чалавек. Тады нам улады таксама спрабавалі перашкаджаць, але на тым узроўні самаарганізацыі гэта было амаль незаўважна».

Менавіта сябры Звязу ў свой час стваралі сайт Orsha.eu, які потым стаў самастойным. Спрабавалі выдаваць газеты ў Воршы, але тады гэта хутка заблакавалі ўлады. Адным з апошніх праектаў арганізацыі можна лічыць «Воршазнаўства»:

 

«Падчас пандэміі мы пачалі гэты праект, у межах якога распавядаем пра свой горад у фармаце відэа. У свой час у школах выкладаўся прадмет, які так і называўся – «Воршазнаўства», і першы старшыня Звязу Алесь Шутаў быў тэхнічным рэдактарам першага падручніка па гэтым прадмеце. Цяперашнія ролікі – гэта своеасаблівы працяг ягонай дзейнасці».

Фармальна Звяз яшчэ можа абскардзіць рашэнне пра ліквідацыю ў Вярхоўным Судзе, на гэта даюць 15 дзён, аднак аб’яднанне не збіраецца гэтага рабіць:

«Нешта даказваць цяпер я не бачу сэнсу. Збіралася рада Звязу, і мы вырашылі не змагацца за гэтую рэгістрацыю. Захацелі зліквідаваць – няхай ліквідуюць, нам гэтая рэгістрацыя не прыносіць аніякай карысці. Рэгістрацыя сёння не дае нічога, бо грамадскія арганізацыі – гэта не рэгістрацыя, гэта ў першую чаргу само грамадства і канкрэтныя людзі. Будуць людзі – будзе і грамадская арганізацыя».

ВК, belsat.eu

Стужка навінаў