Сябру Каардынацыйнай рады пакаралі 5 гадамі «хатняй хіміі»


Суд Савецкага раёну Менску 9 жніўня агучыў вырак сябру Каардынацыйнай рады Віталю Крыўка. Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Суддзя Сяргей Шаціла прызнаў мужчыну вінаватым у здзяйсненні злачынства паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу («Ухіленне ад выплаты падаткаў») і пакараў Віталя абмежаваннем волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на пяць гадоў. Таксама абвінавачанаму трэба сплаціць штраф памерам 2000 базавых велічыняў (58 000 рублёў).

Віталь Крыўко быў затрыманы 30 чэрвеня 2021 года, а да гэтага ўтрымліваўся пад вартай з 29 жніўня да 12 лістапада 2020 года. Падчас электаральнай кампаніі збіраў подпісы ў падтрымку Віктара Бабарыкі, а пазней арганізоўваў перадвыбарчыя паездкі абʼяднанага штабу па гарадах.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў