Прэзідэнты Украіны і Польшчы раптоўна сустрэліся ў Луцку


9 ліпеня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда прыехалі ў Луцк. Раней гэтая сустрэча не анансавалася. Яна адбываецца ў межах 80-х угодкаў так званай Валынскай трагедыі.

Супольны малебен Уладзіміра Зяленскага і Анджэя Дуды ў Кафедральным касцёле Святых Пятра і Паўла ў Луцку. 9 ліпеня 2023 года.
Фота: РБК-Україна / Telegram

Прэзідэнты накіраваліся ў Кафедральны касцёл Святых Пятра і Паўла. Туды ж прыбылі мітрапаліт Праваслаўнай царквы Украіны Епіфаній, мітрапаліт Луцкі і Валынскі Міхаіл і галава Украінскай грэка-каталіцкай царквы Святаслаў.

Ніякіх папярэдніх звестак аб сустрэчы не было. Увечары 8 ліпеня ў гарадской радзе паведамілі, што на вуліцах, дзе размешчаны касцёл, будзе перакрыты рух у сувязі з правядзеннем імпрэзы, прысвечанай памяці ахвяраў Другой сусветнай вайны і 80-й гадавіны Валынскай трагедыі.

Вядома, што Анджэй Дуда раней анансаваў шэраг мерапрыемстваў да гэтай даты.

Валынская трагедыя (ці Валынская разня) застаецца адным з самых далікатных пытанняў супольнай польска-ўкраінскай гісторыі. Так назвалі падзеі падчас Другой сусветнай вайны, калі падраздзяленні УПА здзейснілі масавае забойства палякаў, якія жылі на тэрыторыі Валыні. Гэтыя дзеянні ў Польшчы трактуюцца як генацыд.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў