Памежны пункт на мяжы з Літвой застаецца зачыненым


Станам на 9 ліпеня памежны пункт «Мядзінінкай» на літоўска-беларускай мяжы застаецца зачыненым, паведаміў прэс-сакратар Службы аховы мяжы Літвы Гедрус Мішуціс.

Людзі з чаргі спрабуюць паразмаўляць з грамадзянінам Пакістана.
Фота: скрыншот з відэа, высланага ў рэдакцыю «Зеркало»

Літоўскі бок перапыніў рух на адным з памежных пераходаў з Беларуссю. Адбылося гэта пасля таго, як 8 ліпеня грамадзянін Пакістана спрабаваў перасекчы мяжу праз беларуска-літоўскую мяжу па падробных дакументах.

Беларускі бок адмовіўся прымаць мужчыну назад, пасля таго, як яго не прапусцілі літоўскія памежнікі, і ўжо амаль суткі сітуацыя на мяжы не мяняецца. Мужчына пры гэтым застаецца пад адкрытым небам на нейтральнай паласе.

«Беларусь адмаўляецца яго [грамадзяніна Пакістана] ўпускаць. Ён знаходзіцца каля лініі мяжы, на ўзбоччы дарогі. Яму далі вады, прапанавалі паесці. Са здароўем у яго ўсё ў парадку. Учора ён адзін раз скардзіўся на стан здароўя, тады была выклікана хуткая… Дактары агледзелі яго, зрабілі кардыяграму, усе паказчыкі ў норме, небяспекі няма», – адзначыў Мішуціс.

Таксама прадстаўнік літоўскай Службы аховы мяжы адзначыў, што чэргаў на мяжы няма. Супрацоўнікі на кантрольна-прапускным пункце перанакіроўваюць усіх, хто пад’язджае, на іншыя пункты пропуску.

«Легкавых машын няма наогул, усё нармальна, а чэргі цягачоў заўсёды стаяць, каля ўсіх КПП з беларусамі, але такая сітуацыя была і ўчора раніцай да закрыцця пункта», – адзначыў Мішуціс.

Нагадаем, што беларускі бок не пусціў назад пакістанца, які спрабаваў ехаць па падробленых дакументах, хоць у выпадках, калі фіксуецца адмова ва ўездзе ў краіну, чалавек павінны вяртацца ў краіну, з якой прыбыў.

Паводле выдання «Зеркало», людзі, якія стаялі ў чарзе на мяжы, спрабавалі паразмаўляць з пакістанскім грамадзянінам, некаторыя з такіх размоваў трапілі на відэа. У адным з іх, сцвярджае выданне, чутна, як адзін з мужчын звяртаўся да пакістанца: «Ну не пусцяць яны цябе! Разумееш, не? Людзі, дзеткі, людзі, стаяць усе з-за цябе, з-за аднаго», – звяртаўся да пакістанца адзін з мужчын.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў