«Не трымаўся сінімі пальцамі за ўладу». У Варшаве прайшла імша за Станіслава Шушкевіча. Фотаздымкі


Ксёндз Вячаслаў Барок падчас імшы памяці Станіслава Шушкевіча ў касцёле святога Аляксандра ў Варшаве. 8 траўня 2022 года.
Фота: ДД / Белсат

У нядзелю ў варшаўскім касцёле святога Аляксандра на плошчы Трох Крыжоў адбылася святая імша за былога старшыню Вярхоўнай рады і першага кіраўніка незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіча, якую правёў ксёндз Вячаслаў Барок. На цырымоніі развітання прысутнічала ўнучка Шушкевіча Стася Гліннік, кіраўнік НАУ Павел Латушка, дырэктар Цэнтру ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэту і кіраўнік стыпендыяльнай праграмы Кастуся Каліноўскага Ян Маліцкі, музыка Пётр Клюеў, былы актор Купалаўскага тэатру Алег Гарбуз ды іншыя беларускія творцы, грамадскія дзеячы і актывісты. Скончыў імшу выступ Вольнага хору.

Падчас пропаведзі святар Вячаслаў Барок прыгадаў, што падчас галасавання [у Вярхоўным Савеце БССР 25 жніўня 1991 года] аб незалежнасці Беларусі Станіслаў Шушкевіч галасаваў «за».

«Калі б у мяне спыталі, што найвялікшага зрабіў спачылы Станіслаў Шушкевіч, я б адказаў, што ён пасадзейнічаў таму, каб пахаваць Савецкі Саюз. Было дастаткова, між іншым, ягонага подпісу, каб Савецкі Саюз, які зрабіў столькі шкоды ў тым ліку Беларусі, перастаў існаваць, – сказаў святар. – Гэтага адзінага ўжо было б дастаткова, каб зрабіць кар’еру палітыку і ўпісацца ў гісторыю не толькі свайго народу, але і ўсяго чалавецтва. Савецкі Саюз быў нічым іншым, як імперыяй зла. І святы Ян Павел II, якім захапляўся Станіслаў Шушкевіч, у адной са сваёй апошніх кніжак «Памяць і тоеснасць» так яго і называў».

У варшаўскім касцёле святога Аляксандра падчас імшы памяці Станіслава Шушкевіча.
Фота: ДД / Белсат

Паводле Вячаслава Барка, першы кіраўнік незалежнай Беларусі быў высакародным чалавекам, а ўлада для яго не была прыярытэтам.

«Ён не трымаўся сінімі пальцамі за ўладу, ёсць рэчы больш важныя: калі ты застаешся чалавекам, – заявіў святар. – Упэўнены, што для гэтага чалавека з ягоным інтэлектам хапіла б розуму збудаваць сваё жыццё такім чынам, каб мець пенсію пра якую іншыя маглі марыць, але не ў пенсіі ёсць шчасце. І ён прыняў гэтую знявагу. Але тое, што ён прыняў – у гэтым ёсць пэўная высакароднасць». (Мелася на ўвазе гісторыя адмены Лукашэнкам пажыццёвай пенсіі былым прэм’ер-міністрам і кіраўнікам дзяржавы ў памеры 70-75 % ад акладу дзейных прэмʼера і спікера. У 1996 годзе Шушкевіч атрымліваў пенсію памерам $300 у эквіваленце, пасля дэнамінацыі яна склала $1,9. Шушкевіч тлумачыў гэты факт помсьлівасцю Лукашэнкі ў адносінах да тых, хто палічыў «прыніжэннем аказаць безумоўнае вернападданніцтва» кіраўніку краіны. Пазней жонка Шушкевіча аформіла дакументы на атрыманне ім звычайнай пенсіі паводле ўзросту, і з 2015 года пенсію першага кіраўніка Беларусі павысілі да 500 рублёў у месяц – каля $200).

Фота: ДД / Белсат
Фота: ДД / Белсат
Фота: ДД / Белсат
Наведнікі імшы.
Фота: ДД / Белсат
Фота: ДД / Белсат

Падсумоўваючы жыццёвы шлях Станіслава Шушкевіча, святар працытаваў словы былога мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, якімі той развітваўся з памерлым палітыкам падчас імшы ў Менску.

«Як былы кіраўнік [беларускага] Касцёла, Кандрусевіч выказваў спачыламу Станіславу ўдзячнасць за тое, што ён на пасадзе кіраўніка краіны спрыяў адраджэнню рэлігійнага жыцця. Ён спрыяў, каб вярнуць маёмасць вернікаў вернікам. І ў гэтым ёсць справядлівасць. І гэта вельмі важна, калі палітыкі кіруюцца прынцыпамі справядлівасці. Бо калі ты імкнешся, каб у краіне была справядлівасць, то ў краіне будзе і мір. У гэтым ёсць мудрасць палітыка, якую спачылы Станіслаў праяўляў. Таму сёння вернікі і іерархі дзякуюць яму за тое, што ён спрыяў вяртанню каталікам святыняў у Менску і будынкі духоўнай семінарыі ў Горадні».

Імша памяці Станіслава Шушкевіча ў касцёле святога Аляксандра ў Варшаве. 8 траўня 2022 года.
Фота: ДД / Белсат
Наведнікі імшы памяці Станіслава Шушкевіча ў касцёле святога Аляксандра ў Варшаве. 8 траўня 2022 года.
Фота: ДД / Белсат
Фота: ДД / Белсат
Фота: ДД / Белсат
Фота: ДД / Белсат
Фота: ДД / Белсат
Фота: ДД / Белсат
Фота: ДД / Белсат
Фота: ДД / Белсат
Напрыканцы імшы Вольны хор выканаў «Магутны Божа», «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» і «Пагоню».
Фота: ДД / Белсат

Станіслаў Шушкевіч памёр у Менску 3 траўня. Яму было 87 гадоў. У канцы красавіка палітыка шпіталізавалі праз ускладненняў пасля перанесенага каронавіруса.

Хлопчыкам Шушкевіч перажыў нацысцкую акупацыю Менску. Скончыў школу са срэбным медалём, у 1956 годзе – фізіка-матэматычны факультэт БДУ, пазней – аспірантуру Інстытуту фізікі беларускай Акадэміі навук. Быў адмыслоўцам у галіне радыёэлектронікі. У 37 гадоў узначаліў кафедру ядравай фізікі БДУ, у 38 гадоў атрымаў званне прафесара У 80-я гады яго абралі народным дэпутатам. 8 снежня 1991 году разам з прэзідэнтамі Расеі і Украіны падпісаў у Віскулях Белавежскія дамовы, якія абвесцілі спыненне існавання СССР.

Людзі складаюць допісы ў кніге кандаленцыяў.
Фота: ДД / Белсат
Купалаўцы Алег Гарбуз і Павел Латушка каля касцёлу святога Аляксандра ў Варшаве.
Фота: ДД / Белсат
Мужчына перад варшаўскім касцёлам святога Аляксандра падчас імшы памяці Станіслава Шушкевіча.
Фота: ДД / Белсат

ДД / «Белсат»

Стужка навінаў