Колькі мірных жыхароў загінулі ва Украіне з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі?


Belsat.eu сабраў усю інфармацыю пра страты сярод цывільнага насельніцтва за 2,5 месяца вялікай вайны паміж Расеяй і Украінай і параўнаў гэтыя лічбы са стратамі на Данбасе ў перыяд 2014–2021 гг.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Кіеўская вобласць, Украіна. 31 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Агульныя звесткі

Улады Украіны не публікуюць агульных лічбаў стратаў сярод цывільнага насельніцтва ў выніку расейскага ўварвання. Рэгулярна агучваюцца толькі звесткі пра загінулых і параненых дзяцей. Паводле Офісу генеральнага пракурора Украіны, станам на 9 траўня загінулі 226 дзяцей, больш за 415 атрымалі раненні.

Разам з тым, у першы тыдзень вайны некаторыя ўкраінскія ведамствы давалі і агульныя звесткі наконт краіны. 27 лютага ў МУС Украіны заявілі, што за 4 дні вялікай вайны загінулі 352 цывільныя асобы і яшчэ 1684 атрымалі раненні. 2 сакавіка Дзяржаўная служба надзвычайных сітуацыяў Украіны паведаміла, што з пачатку ўварвання загінулі больш за 2000 мірных жыхароў.

Управа вярхоўнага камісара ААН у справе правоў чалавека (OHCHR) станам на 3 траўня заяўляла пра 3193 пацверджаныя выпадкі гібелі цывільных асобаў ва Украіне. Сярод іх: 1140 мужчынаў, 734 жанчыны, 71 дзяўчынка і 84 хлопчыкі (полу 72 дзяцей і 1092 дарослых пакуль не ўдалося вызначыць). Яшчэ 3353 мірныя жыхары, паводле падлікаў ААН, былі параненыя.

OHCHR сцвярджае, што больш за палову стратаў сярод цывільных прыпадае на Данбас – 3288 забітых і параненых. Прычым пераважная большасць (2798) такіх выпадкаў была зафіксаваная на тэрыторыі падкантрольнай уладам Украіны. На падкантрольных Расеі тэрыторыях Данбасу загінула 101 асоба і 389 атрымалі раненні. Ва ўсіх іншых рэгіёнах Украіны эксперты ААН зафіксавалі 3258 выпадкаў гібелі і раненняў цывільных.

Варта адзначыць, што звесткі OHCHR далёка не вычарпальныя іх варта ўспрымаць хутчэй як мінімальную планку. Пра гэта фактычна кажуць самі аўтары справаздачы:

«OHCHR мяркуе, што рэальныя лічбы значна вышэйшыя, паколькі многія паведамленні з месцаў, дзе такія выпадкі былі, па-ранейшаму патрабуюць дадатковага пацверджання, у той час як атрыманне інфармацыі з некаторых месцаў, дзе працягваюцца баявыя дзеянні, затрымліваецца.

Гэта датычыць, напрыклад, такіх населеных пунктаў як Марыупаль (Данецкая вобласць), Ізюм (Харкаўская вобласць) і Папасная (Луганская вобласць), дзе, паводле паведамленняў, мелі месца шматлікія выпадкі гібелі ці раненняў цывільных асобаў».

Лакальныя звесткі

Лічбы стратаў у асобных населеных пунктах часам ідуць на тысячы. Найбольш жахлівая сітуацыя склалася ў Марыупалі, што трапіў у аблогу і заставаўся пад няспынным бамбаваннем расейскай арміі. Баі за камбінат «Азоўсталь» у горадзе працягваюцца дагэтуль. Паводле мясцовых уладаў, у выніку баявых дзеянняў было знішчана да 90 % гарадской забудовы, што непазбежна мусіла прывесці да шматтысячных ахвяраў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Разбураны дом у паселішчы Барадзянка, што месяц заставалася пад акупацыяй расейскіх войскаў. Кіеўская вобласць, Украіна. 5 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Намеснік мэра Марыупалю Сяргей Арлоў заяўляў, што на дзень 16 сакавіка ў горадзе ад расейскіх атак загінулі 2358 мірных жыхароў. Пры гэтым ён падкрэсліваў, што звесткі няпоўныя: «Пад заваламі ёсць яшчэ людзі, пра якіх мы не ведаем. Таму гэтыя лічбы можна смела памножыць на 1,5 ці 2».

Пазней журналісты агенцтва «Associated Press» прыйшлі да высновы, што толькі ў выніку расейскага авіяўдару па драматычным тэатры ў Марыупалі 16 сакавіка маглі загінуць каля 600 асобаў (у будынку хаваліся каля 1000 цывільных).

24 красавіка мэр Марыупалю Вадзім Бойчанка заявіў, што ў выніку расейскай агрэсіі загінулі больш за 20 000 мірных жыхароў. Атрымаць больш дакладныя звесткі цяпер немагчыма, бо значная частка гораду кантралюецца расейскай арміяй і баі ў асобных раёнах яшчэ працягваюцца.

Пасля вызвалення ўкраінскімі войскамі Кіеўскай вобласці стала вядома пра шматлікія ваенныя злачынствы на акупаваных тэрыторыях. Расейскія войскі пакінулі пасля сябе выпаленыя паселішчы, сотні мірных жыхароў былі забітыя, ёсць інфармацыя пра згвалтаванні і паўсюднае марадзёрства. У паліцыі Кіеўшчыны 22 красавіка заявілі, што агулам на вызваленых паселішчах знойдзеныя 1084 целы цывільных асобаў. Ад 50 да 75 % з іх былі забітыя са стралковай зброі.

Найбольш жахлівыя звесткі прыходзілі з Бучы: паводле відавочцаў, гэтае мястэчка (да вайны там было каля 38 800 жыхароў) было проста «засеянае трупамі». Мірных жыхароў забівалі стрэлам у патыліцу, у некаторых былі звязаныя рукі і завязаныя вочы. У паліцыі паведамлялі, што ў Бучы знайшлі больш за 420 трупаў цывільных асобаў.

Аналітыка
Масавыя забойствы, катаванні, згвалтаванні. Ваенныя злачынствы расейцаў ва Украіне за два месяцы вайны
2022.04.27 20:09

Вялікія страты сярод цывільных зафіксаваныя і ў іншых гарадах. У Харкаве толькі за першыя 11 дзён вайны ў выніку авіяўдараў і артылерыйскіх абстрэлаў больш за 450 мірных жыхароў загінулі ці атрымалі раненні. Адпаведныя лічбы апублікавала міжнародная праваабарончая арганізацыя «Human Rights Watch» (HRW). Валанцёр і дарадца кіраўніка Харкаўскай абласной рады Наталля Папова 21 красавіка заявіла журналістам, што ўсяго ў выніку абстрэлаў гораду загінулі 228 асобаў.

Рэпартаж
«У нас няма дня, каб было ціха». Харкаўчане распавядаюць пра жыццё ва ўмовах вайны
2022.05.03 16:48

У Чарнігаве ў канцы сакавіка мясцовыя ўлады ацэньвалі страты сярод цывільных у выніку расейскіх абстрэлаў у больш чым 350 забітых. 8 красавіка, ужо пасля таго як Украіна вызваліла ўсю Чарнігаўскую вобласць, мэр гораду Уладзіслаў Атрошчанка заявіў, што агулам загінулі 700 асобаў, але ў гэтыя лічбы ўключылі і вайскоўцаў, і цывільных.

У Кіеве станам на 19 сакавіка мясцовая адміністрацыя заяўляла пра гібель 228 цывільных з пачатку поўнамаштабнай вайны, яшчэ 912 атрымалі раненні. З таго часу гэтыя лічбы мусілі вырасці, бо ўкраінская сталіца яшчэ некалькі разоў трапляла пад ракетныя абстрэлы расейцаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ратавальнікі дастаюць цела з падвалу аднаго з разбураных дамоў у Барадзянцы, Кіеўская вобласць, Украіна. 12 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Агулам страты сярод цывільных зафіксаваныя ў дзясятках населеных пунктах Украіны. Некаторыя ракетныя ўдары і абстрэлы прыводзяць да гібелі дзясяткаў людзей за адзін раз. Напрыклад, у Краматарску ў выніку выбуху ракеты «Точка-У» на чыгуначным вакзале 8 красавіка загінулі не менш чым 52 асобы. У Сумах 8 сакавіка ў выніку авіяўдару былі забітыя 22 цывільныя.

Што да стратаў з іншага боку фронту, паводле прадстаўнікоў групоўкі «ДНР», на падкантрольнай ім тэрыторыі на пачатак траўня загінулі 75 цывільных, а на тэрыторыі «ЛНР» – 24.

Аналітыка
Слоўнік Пуціна. Якімі словамі Крэмль тлумачыць вайну з Украінай і што за гэтым стаіць
2022.03.07 18:53

А што было на Данбасе з 2014 па 2021 год?

Такім чынам, калі арыентавацца толькі на лакальныя лічбы, можна казаць пра тое, што колькасць ахвяраў вайны сярод цывільных можа перавышаць 22 000 асобаў. Але нават калі браць за аснову лічбы ААН (значна заніжаныя, паводле іхных уласных прызнанняў), то страты сярод цывільных за 2,5 месяца поўнамаштабнага ўварвання амаль дасягнулі ўзроўню стратаў за 8 гадоў канфлікту на Данбасе. Агулам, паводле афіцыйных звестак, з вясны 2014 года да ліпеня 2021 года ў выніку вайны на Данбасе загінулі 3390 цывільных.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Кіеўская вобласць, Украіна. 31 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Асноўная маса гэтых стратаў прыпала на 2014–2015 гг. А апошнія гады лічбы няўхільна зніжаліся, не перавышаючы некалькіх дзясяткаў. Сярод цывільнага насельніцтва з абодвух бакоў фронту, паводле назіральнікаў АБСЕ, у 2020 годзе 32 асобы загінулі і 107 былі параненыя, у 2021 годзе – 16 і 75 адпаведна. Варта таксама ўлічваць, што ў звесткі АБСЕ залучаныя загінулыя і параненыя не толькі ў выніку абстрэлаў, але ў выніку спрацоўвання старых мінаў і боепрыпасаў.

Пры гэтым прадстаўнікі груповак «ДНР» і «ЛНР» страты сярод мірнага насельніцтва на падкантрольных сабе тэрыторыях у 2021 годзе ацэньвалі ў 8 забітых – то бок амаль у 12 разоў менш, чым загінулі на гэтых жа тэрыторыях пасля пачатку расейскай «спецаперацыі».

Аналітыка
Вайна ідзе месяц ці 8 гадоў? Што трэба ведаць пра гісторыю расейска-ўкраінскага канфлікту
2022.03.26 07:30

РР belsat.eu

Стужка навінаў