9 траўня ў свеце: дзе сёлета адмовіліся ад святкаванняў, а дзе будуць парады і салюты


Дзень перамогі над нацысцкаю Нямеччынаю 9 траўня традыцыйна вельмі ўрачыста святкавалі ў краінах былога СССР. У Еўропе ўрачыстасці больш стрыманыя і праходзяць 8 траўня, які адзначаюць як Дзень памяці ці прымірэння. Сёлета ў сувязі з нападам Расеі на Украіну паўстала пытанне пра змену фармату імпрэзаў. Мы паглядзелі, як змянілася ўспрыняцце 9 траўня ў розных краінах.

Беларусь: упершыню не будзе шэсця ветэранаў

Да 77-й гадавіны перамогі над нацысцкаю Нямеччынай у Менску запланаваныя больш за 150 урачыстасцяў, шмат з якіх стартавалі задоўга да 9 траўня.

Беспасярэдне 9 траўня ў межах рэспубліканскай акцыі «Беларусь памятае» запланаванае Шэсце пакаленняў, якое пройдзе да манументу на плошчы Перамогі – там ускладуць вянкі. Упершыню ў калоне не пойдуць ветэраны, якія будуць прысутнічаць на рытуальнай пляцоўцы. Шэсце ўзначаляць навучэнцы вайскова-патрыятычных класаў, клубаў і вучэльняў.

Святкаванне Дня Перамогі. Менск, Беларусь. 9 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

Увечары на плошчы Перамогі адбудзецца канцэрт. Запланаваныя і салюты ў розных пунктах гораду: парку Янкі Купалы, парку Паўлава, на набярэжнай у мікрараёне Дразды, у парку Уга Чавэса, на пляцоўках каля «Чыжоўка-Арэны» і Нацыянальнай бібліятэкі.

Расея: на парадзе праедуць удзельнікі вайны ва Украіне

Сёлета парад 9 траўня ў Маскве адбудзецца без удзелу кіраўнікоў іншых краінаў – іх не запрасілі. Дзмітрый Пяскоў, прэс-сакратар Пуціна, патлумачыў гэта тым, што гадавіна не юбілейная. Не прыедзе на парад і Аляксандр Лукашэнка.

Не запрашала кіраўнікоў іншых краінаў Расея і ў 2021 годзе. У 2020-м праз каронавірус парад ладзілі не 9 траўня, а 24 чэрвеня. Тады ў Маскву прыязджалі кіраўнікі Беларусі, Узбекістану, Босніі і Герцагавіны, Казахстану, Кыргызстану, Малдовы, Таджыкістану, Сербіі, непрызнаных Паўднёвай Асеціі ды Абхазіі.

Знішчальнікі Ліпецкага авіяцыйнага цэнтра ў небе над Масквой у Дзень Перамогі. Акрамя пешых разлікаў і механізаванай калоны ў парадзе прынялі ўдзел 76 самалётаў і верталётаў, якія завяршалі святочнае мерапрыемства.
Фота: Сяргей Бабылёў / ТАСС / Forum

Вядома, што парад будзе не такі маштабны, як папярэднімі гадамі – будзе менш і людзей, і тэхнікі. Будзе 129 адзінак вайсковай тэхнікі супраць 191 у 2021 годзе і 10 тысячаў чалавек – на дзве тысячы менш, чымся ў 2021-м, калі ўдзельнікаў было 12 тысячаў.

Сёлета на парадзе пройдуць казакі, дзеці з ваенізаванага руху «Юнармия» і супрацоўнікі МНС. Таксама возьмуць удзел расейскія дэсантнікі, якія ваявалі ва Украіне. Яны праедуць па Краснай плошчы новымі БТР.

Hавiны
У парадзе 9 траўня ў Маскве будуць удзельнічаць дэсантнікі, якія забівалі ўкраінцаў
2022.05.07 15:58

Іншыя краіны СНД: у Кыргызстане забаранілі сімвал Z

Сёлета не будзе праводзіць параду Казахстан, замест яго пройдуць вайскова-патрыятычныя ўрачыстасці. Міністэрства абароны краіны патлумачыла адмену неабходнасцю ашчадзіць бюджэтныя сродкі.

Таксама ў школах Казахстану не плануюць праводзіць нейкіх імпрэзаў. Мясцовае міністэрства адукацыі накіравала ў школы і вучэльні рэкамендацыі, у якіх гаворыцца, што «ў выкарыстанні вайсковай вопраткі і атрыбутыкі, а таксама ў тэатралізаваных сцэнах няма неабходнасці».

Не будзе параду і ва Узбекістане. Зрэшты, у гэтай краіне яны не праводзіліся і папярэднія два гады. 9 траўня ва Узбекістане адзначаюць не Дзень Перамогі, а Дзень памяці і ўшанавання, у які сёлета пройдуць урачыстасці, прысвечаныя ўганараванню асобаў сталага веку.

Hавiны
З літарай «Z» будуць змагацца нават у Кыргызстане
2022.04.22 09:20

Пра адмову праводзіць парад 9 траўня заявіў Кыргызстан. Замест адбудуцца мітынг-рэквіем і шэсце «Несмяротнага палка». Таксама Дзяржаўны камітэт нацыянальнай бяспекі Кыргызстану заклікаў насельніцтва адмовіцца ад выкарыстання сімвалу Z падчас імпрэзаў, каб не распальваць варожасці.

Украіна: у Вярхоўную Раду ўнеслі прапанову адмяніць дзяржаўнае свята 9 траўня

У красавіку 2022 года ў Вярхоўную Раду Украіны быў унесены законапраект, які прапануе адмовіцца ад дзяржаўнага свята 9 траўня, а замест яго штогод адзначаць 8 траўня Дзень памяці і перамогі над нацызмам у Другой сусветнай вайне, а 9 траўня – Дзень Еўропы.

«Мы не маем права адзначаць Дня Перамогі разам з Расеяй 9 траўня – у дату, прыдуманую Сталіным. Па-першае, нацысцкая Нямеччына капітулявала 8 траўня, і менавіта гэтую дату адзначае ўвесь цывілізаваны свет. Па-другое, гэта павінен быць Дзень памяці і перамогі над нацызмам у Другой сусветнай вайне. Без ніякага «победобесия». А 9 траўня Украіна павінна разам з усімі краінамі ЕЗ адзначаць Дзень Еўропы», – казаў ініцыятар законапраекту, народны дэпутат ад партыі «Еўрапейская салідарнасць» Уладзімір Вятровіч.

Рада пакуль не прагаласавала за законапраект.

Украінскі інстытут нацыянальнай памяці прапанаваў лозунг на 9 траўня: «Перамаглі нацыстаў – пераможам і рашыстаў».

Таксама напярэдадні 77-й гадавіны перамогі над гітлераўскаю Нямеччынаю Вярхоўная Рада Украіны ўхваліла закон аб недапушчальнасці манапалізацыі Расейскай Федэрацыяй перамогі ў Другой сусветнай вайне.

З 1991 да 2015 года ва Украіне 9 траўня афіцыйна адзначалі Дзень перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. 9 красавіка 2015 года Вярхоўная Рада прыняла закон, паводле якога 9 траўня сталі адзначаць Дзень перамогі над нацызмам у Другой сусветнай вайне, а 8 траўня – Дзень памяці і прымірэння. З 2015 года на святкаваннях забароненая савецкая сімволіка.

У цэнтры Львова адкрылі Сцяну памяці ў гонар загінулых на вайне Расеі супраць Украіны. Мемарыял стварыў амерыканец Ліёў Сотаў, дзеля гэтага ён прыехаў са ЗША. Мужчына надрукаваў фатаграфіі ахвяраў вайны і ўпрыгожыў іх штучнымі кветкамі. Львоў, Украіна. 1 траўня 2022 года.
Фота: АК / Белсат

Акупаваныя Расеяй тэрыторыі: у Марыупалі будзе шэсце «Несмяротнага палка»

Расея плануе шэсце «Несмяротнага палка» 9 траўня ў акупаваным украінскім горадзе Марыупалі.

У непрызнаных Прыднястроўі і ДНР святкавання 9 траўня не будзе. У Тыраспалі адмянілі парад і феерверкі пасля серыі выбухаў. Не будзе ніякіх урачыстасцяў і ў ДНР праз меркаванні бяспекі. Правесці парад і шэсце «Несмяротнага палка» там плануюць «пасля поўнай перамогі і выхаду на канстытуцыйныя межы», заявіў кіраўнік самаабвешчанай рэспублікі Дзяніс Пушылін.

Ізраіль: адмянілі парад ветэранаў

У Ізраілі сёлета адмовіліся ад масавых святкаванняў Дня Перамогі. У панядзелак 9 траўня на гары Гэрцля, каля помніку габрэйскім салдатам Чырвонай арміі, адбудзецца ўрачыстасць. Цырымонія будзе кароткая. У адрозненне ад мінулых гадоў, на яе не запрасілі амбасадараў замежных дзяржаваў.

Не адбудзецца традыцыйны парад ветэранаў. Афіцыйнае тлумачэнне – узрост ветэранаў і клопат пра іх.

Амбасадар Украіны ў Ізраілі Яўген Карнійчук яшчэ ў красавіку звярнуўся да ізраільскага ўраду з просьбаю перанесці святкаванне з 9 на 8 траўня.

9 траўня залучылі ў каляндар дзяржаўных святаў у Ізраілі толькі ў ліпені 2017 года. Дамагаліся гэтага цягам доўгага часу рэпатрыянты – удзельнікі Другой сусветнай вайны, вязні гета і канцлагераў. Але, нягледзячы на афіцыйны статус, Дзень Перамогі так і не стаўся часткаю народнай традыцыі, кажа заснавальнік ваенна-гістарычнага музею «Энергія мужнасці», ваенны гісторык Давід Зельвенскі:

«Стварэнне Ізраілю звязвалі з Галакостам, а не з перамогаю над фашызмам. Ізраільцяне лічылі, што гэта не іхная вайна. Таму парад ветэранаў, да пояса ўвешаных узнагародамі, выклікаў у іх вялікую непрыязнасць. У выніку ва ўспрыманні большасці ізраільцянаў 9 траўня так і засталося святам «расейскіх» габрэяў».

Еўразвяз: Дзень памяці ахвяраў расейскай агрэсіі ва Украіне замест Дня Перамогі

Латвія адмяніла ўсе ўрачыстасці ў гонар перамогі над нацысцкаю Нямеччынай і забараніла запускаць салюты, афіцыйна патлумачыўшы такую пазіцыю вайною ва Украіне. Сёлета 9 траўня ў Латвіі абвесцілі Днём памяці ахвяраў расейскай агрэсіі ва Украіне. У гэты дзень па ўсёй краіне абвешчаная жалоба і забароненыя любыя імпрэзы.

Hавiны
У Латвіі 9 траўня сёлета будзе Днём памяці загінулых у вайне ўкраінцаў
2022.04.08 09:47

Сацыял-дэмакратычная партыя «Згода» і НКА 9may.lv, якія звычайна арганізоўвалі ў Латвіі імпрэзы да 9 траўня, абвесцілі, што ў цяперашняй сітуацыі рабіць гэта недарэчна.

Раней 9 траўня ў Рызе адзначалі каля мемарыяльнага комплексу «Помнік воінам Савецкай Арміі – вызваляльнікам Савецкай Латвіі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў». Фармат святкавання быў шмат у чым падобным да таго, як адзначаюць Дзень Перамогі ў Расеі і Беларусі: канцэрты расейскіх спевакоў, палявая кухня, расейскія сцягі, алкаголь, надпісы «На Берлін». Латвійскія ўлады сцвярджаюць, што такім 9 траўня больш не будзе ніколі.

Білборд з ваеннай тэматыкай у Львове, Украіна. 12 сакавіка 2022 года.
Фота: АК / Белсат

Разглядаецца магчымасць знесці помнік воінам савецкай арміі. Прэзідэнт Латвіі Эгілс Лэвітс лічыць гэты манумент помнікам савецкай акупацыі Латвіі. Ён катэгарычна супраць святкавання перамогі над гітлераўскаю Нямеччынай у «маскоўскім» фармаце:

«Святкаванне 9 траўня, якое мы штогод бачым у Рызе, – гэта, у існасці, святкаванне латвійскай акупацыі. Гэта свята акупанта. Перамогай у Другой сусветнай вайне рэжым Пуціна ў Расеі зацэментаваў свой імперскі наратыў. Цяпер гэтую перамогу Расея выкарыстоўвае як нагоду распачаць вайну ва Украіне, не прызнаючы права незалежнай Украіны на існаванне».

Яшчэ ў лістападзе 2021 года Сейм Латвіі забараніў дэманстраваць георгіеўскую стужку на публічных імпрэзах. У красавіку сёлета забаранілі таксама сімвалы Z і V.

Эстонія забараніла праводзіць 9 траўня публічныя сходы з выкарыстаннем ваеннай сімволікі Расеі, сцягоў СССР, савецкай вайсковай уніформы і георгіеўскіх стужак.

Не выдала дазволу ладзіць памятныя ўрачыстасці каля мемарыялу савецкім воінам у Вільні і Літва.

Чаму ў Еўропе перамогу над нацызмам адзначаюць 8 траўня, а ў краінах былога СССР – 9-га?

7 траўня 1945 года а 2:41 паводле сярэднееўрапейскага часу ў Рэймсе (Францыя) прадстаўнікі Вярхоўнага камандавання вермахту, Вярхоўнага камандавання Заходніх саюзнікаў і СССР падпісалі Акт капітуляцыі Нямеччыны, якая ўступіла ў моц 8 траўня а 23:01 паводле сярэднееўрапейскага часу (1:01 маскоўскага). Менавіта тады нямецкія войскі павінны былі спыніць ваенныя дзеянні.

Паводле патрабавання Сталіна, у ноч на 9 траўня, а 00:43 маскоўскага часу ў прадмесці Берліну – Карлсгорсце – у будынку вучэльні інжынерных войскаў вермахту адбылося другое падпісанне акту аб капітуляцыі. Паводле цэнтральнаеўрапейскага часу гэта было яшчэ 8 траўня.

Першы акт аб капітуляцыі ў СССР назвалі Папярэднім пратаколам аб капітуляцыі Нямеччыны.

Цяпер у Карлсгорсце месціцца нямецка-расейскі музей. Штогод 8 траўня тут адбываюцца імпрэзы ў памяць пра перамогу над нацызмам.

Афіцыйна Дзень Перамогі ў Еўропе адзначалі толькі аднойчы – 8 траўня 1945 года. Тады шмат у якіх еўрапейскіх гарадах былі ўрачыстыя святкаванні. У наступныя гады і цяпер 8 траўня ў Еўропе адбываюцца памятныя ўрачыстасці.

У СССР Дзень Перамогі святкаваўся ў 1945–47 гадах, а потым быў адменены і зноў стаў звычайным працоўным днём, без парадаў і асаблівых святкаванняў аж да 1965-га, калі адбыўся другі парад у гонар перамогі на Краснай плошчы ў Маскве. У Расеі з 2008 года 9 траўня парады сталі праводзіцца штогод і з абавязковым удзелам вайсковай тэхнікі.

Шчыра кажучы
Галоўнае свята дыктатараў. Чаму для Лукашэнкі ды Пуціна настолькі важны парад 9 траўня?
2022.05.04 17:01

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў