Жыхара Петрыкава, які вярнуўся з-за мяжы, асудзілі на 10 гадоў калоніі


У Гомельскім абласным судзе 8 красавіка да 10 гадоў калоніі і штрафу на 100 базавых велічыняў (4000 рублёў) асудзілі 28-гадовага жыхара Петрыкава Івана Сухамерава. Яго абвінавацілі адразу паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, сярод якіх – «здрада дзяржаве», «заклік да санкцыяў» і «ўдзел у дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі», піша «Вясна».

Іван Сухамераў.
Фота: spring96.org

Івана Сухамерава абвінавацілі ў тым, што ён нібыта ўступіў у ByРol, хацеў стаць ваяром палка Кастуся Каліноўскага і данаціў ЗСУ. Суд адбываўся ў закрытым рэжыме з 15 лютага, таму падрабязнасці абвінавачання вядомыя толькі з паведамлення праўладнай «Гомельскай праўды». Прысуд вынес Сяргей Багінскі.

Івана Сухамерава прызналі вінаватым паводле наступных артыкулаў КК:

  • ч. 1 арт. 361-3 (удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка або падрыхтоўка асобаў да такога ўдзелу);
  • ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку);
  • ч. 1 і 2 арт. 361-2 (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці);
  • арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь);
  • ч. 3 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім);
  • ч. 1 і 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці);
  • арт. 370 (глумленне з дзяржаўных сімвалаў);
  • ч. 3 арт. 361 (заклікі да захадаў абмежавальнага характару (санкцыяў), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь);
  • ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве);
  • ч. 2 арт. 290-5 (арганізацыя дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзел у дзейнасці такой арганізацыі).

Як піша «Гомельская праўда», паводле версіі абвінавачання, Іван Сухамераў размяшчаў негатыўныя публікацыі ў дачыненні Лукашэнкі на сваіх старонках у сацсетках, а таксама матэрыялы, якія заклікаюць міжнародныя арганізацыі да санкцыяў супраць Беларусі. Ён жа нібыта ўступіў у склад ByРol, хацеў стаць ваяром палка Кастуся Каліноўскага і данаціў ЗСУ.

Верагодна, пад вартай яго трымаюць з сярэдзіны чэрвеня 2023 года – тады мужчыну судзілі паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Тэлеграм-каналы сілавікоў пісалі, што ён нібыта быў затрыманы пры нелегальным пераходзе мяжы ў Беларусь.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў